Слова для Жыцця (144)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    “Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне...” (Мц 10, 37). Любоў бацькі, пяшчота маці, салодкае сяброўства паміж братамі і сёстрамі – усё гэта, хоць і з’яўляецца вельмі добрым і абгрунтаваным, не можа пераўзыходзіць Хрыста. Не таму, што Пан хацеў бы, каб мы былі пазбаўлены пачуццяў і павагі, але, наадварот, таму, што пазіцыя вучня патрабуе прыярытэтных адносін з настаўнікам.
    Кожны вучань – свецкі гэта чалавек, святар ці біскуп – павінен мець прыярытэтныя адносіны з Езусам. Можна зрабіць парафраз Кнігі Быцця: таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да Хрыста, і стануць яны адным целам (параўн.: Быц 2, 24). Той, хто жыве гэтай сувяззю любові і жыцця з Панам, становіцца Яго прадстаўніком, Яго паслом, найперш, праз свой спосаб быцця.
    У такой ступені, што сам Езус, адпраўляючы вучняў на місіі, кажа ім: “Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае Таго, хто паслаў Мяне” (Мц 10, 40).
    Трэба, каб людзі бачылі, што для гэтага вучня Хрыстос сапраўды Пан, сапраўды цэнтр, усё жыццё.
Фрагмент разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”, 02.07.2017 


kondrusiewicz2   Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч

      Захлынуўшыся фальшывым разуменнем свабоды, чалавек ставіць сябе на месца Бога. Замест таго, каб верыць ва Усемагутнага, ён верыць толькі ў самога сябе. Так створаны Богам парадак ён пераварочвае з ног на галаву. У выніку сучасны свет перажывае мноства розных крызісаў і ліхаманкава шукае выйсця з іх. Але калі трэскаюцца сцены дома, то недастаткова толькі затынкаваць шчыліны: гэта нічога не дасць. Неабходна ўмацоўваць фундамент.
    Тыя ж правілы існуюць у грамадстве. Хрыстос гаворыць, што дом свайго жыцця мы павінны будаваць не на пяску, а на добрым духоўным падмурку, якім з’яўляецца моцная вера, што павінна праяўляцца ў паўсядзённым жыцці.
    На жаль, духоўны стан сучаснага свету і нашай краіны не найлепшыя. Мы самі дабравольна паддаёмся вірусу секулярызму і не хочам прымаць вакцыну супраць гэтай заразнай хваробы. Калі забываемся аб сваіх хрысціянскіх каранях, а гонімся за ідэалогіямі, што не толькі не прызнаюць Бога, але таксама не шануюць чалавека, якога Бог стварыў па сваім вобразе і падабенстве, то разбураем фундамент нашай хрысціянскай цывілізацыі.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас св. Імшы ў Тракелях, 08.07.2017