Слова для Жыцця (143)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Хрысціяне ў барацьбе са злом не адчайваюцца. Хрысціянства культывуе “невылечную” веру ў тое, што адмоўныя і разбуральныя сілы не могуць перамагчы. Заключнае слова ў адносінах да гісторыі чалавека – гэта не нянавісць, не смерць, не вайна. У кожны момант жыцця побач знаходзіцца рука Бога, а таксама тактоўная прысутнасць усіх вернікаў, якія “адышлі перад намі са знакам веры”, як сцвярджаецца ў Рымскім Каноне. Іх існаванне сведчыць найперш пра тое, што хрысціянскае жыццё не з’яўляецца недасяжным ідэалам. У той жа час суцяшае: мы не самотныя. Касцёл складаецца з незлічоных братоў, часта безыменных, якія прайшлі перад намі і праз дзейнасць Святога Духа ўцягнуты ў справы тых, хто ўсё яшчэ жыве на зямлі.
    Мы пыл, які імкнецца да неба. Нашы сілы слабыя, але магутнай з’яўляецца таямніца ласкі, якая прысутнічае ў жыцці хрысціян. Мы верныя зямлі, якую Езус любіў у кожны момант свайго жыцця. Але ведаем і спадзяёмся на канчатковае пераўтварэнне свету, дзе ўрэшце рэшт не будзе слёз, злосці і пакут.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, 21.06.2017 


Кс. бп Аляксандр Кашкевіч   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Неабходна клапаціцца аб тым, каб у парафіі заўсёды прысутнічаў Езус, каб перадавалася Божае слова. У ім знойдзеце праўду і мудрасць, адказы на ўсе пытанні, якія турбуюць чалавека. Добра тое разумеў св. Геранім, які казаў, што “няведанне Святога Пісання – гэта няведанне Хрыста”. Таму абавязкова неабходна пазнаваць і прымаць Божае слова, бо толькі з таго зярнятка нараджаецца вера.
    Нам сёння неабходна імкнуцца да Евангелля, а таксама ўвайсці на шлях навяртання і пакаяння. Да гэтага заахвочвала Фацімская Панна, якая стагоддзе таму аб’явілася 3-ім малым пастушкам. Гэта дарога, якую запланаваў Усявышні, заахвочваючы праз свайго Адзінароднага Сына да адкупленчай малітвы ў інтэнцыі навяртання грэшнікаў. У час, калі Бога зневажаюць, Яго права растоптваюць, а свет пагружаецца ў цемру зла, узнагароджанне Усемагутнага ў Хрысце проста неабходнае.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас урачыстасці 100-годдзя касцёла ў Заневічах, 24.06.2017