Слова для Жыцця (138)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Калі хтосьці з вас мяне запытае, як нараджаецца надзея, адкажу: “З крыжа. Паглядзі на яго, зірні на распятага Хрыста, і адтуль да цябе прыйдзе надзея, якая ўжо не знікне, якая трывае ажно да вечнага жыцця”. І гэтая надзея паўстала толькі сілаю любові, таму што любоў, якая “на ўсё спадзяецца, усё церпіць” (1 Кар 13, 7), якая з’яўляецца жыццём Бога, аднавіла ўсё, да чаго дакранулася. Так у падзеях Пасхі Езус пераўтварыў, беручы на сябе, нашы грахі ў прабачэнне, нашу смерць – ва ўваскрасенне, наш страх – у давер. Вось для чаго там, на крыжы, нарадзілася і заўсёды адраджаецца надзея. Вось чаму з Езусам усе нашы цёмныя стораны могуць пераўтварыцца ў святло, кожнае паражэнне – у перамогу, кожнае расчараванне – у надзею.
        
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Вялікую сераду, 12.04.2017 



Кс. бп Аляксандр Кашкевіч   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Уваскрасенне Хрыста не толькі напаўняе нашыя сэрцы радасцю і супакоем, яно поўнасцю змяняе перспектыву жыцця. Прыгожа пра гэта гаворыць св. Павел: “Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу!” (Кал 3, 1–3). Што значаць гэтыя словы? Пасля св. Імшы мы выйдзем з касцёла і пойдзем дадому. Назаўтра нанова прымемся за штодзённую працу, вучобу ці іншыя абавязкі – вернемся да таго, што называем руцінай ці шэрай штодзённасцю. Наша жыццё будзе праходзіць у звычайным, нармальным рытме, але ўнутры, у нашых сэрцах затаіцца надзея новага жыцця – таго, якое з’яўляецца дарам уваскрослага Хрыста. Жывучы гэтай надзеяй, “шукаем тое, што ў вышынях”, як кажа св. Павел, самога Хрыста і Яго Евангелле. Уваскрасенне Збаўцы – запрашэнне, каб мы сапраўды сур’ёзна пачалі ўспрымаць Яго навуку. Нават тады, калі не разумеем яе, калі яна здаецца занадта жорсткай, патрабавальнай, нязручнай, неадпаведнай сённяшняму часу.

Фрагмент казання, прамоўленага падчас рэзурэкцыйнай св. Імшы, 16.04.2017