Слова для Жыцця (128)

Актуальна - Слова для Жыцця

papa-francesco7Папа Францішак
    Трэба слухаць Божае слова і разумець, чаму яно вучыць. Адным з важных шляхоў, які дапамагае ў гэтым, з’яўляецца катэхізацыя. Дзякуючы ёй абвяшчэнне веры выходзіць нам насустрач у канкрэтнасці асабістага і калектыўнага жыцця. У той жа час, існуе іншы, таксама важны шлях. Ён заключаецца ў тым, каб, наколькі магчыма, жыць верай.
    Не будзем рабіць з яе абстрактную тэорыю, якая памнажае сумненні. Давайце імкнуцца практыкаваць веру ў служэнні братам, асабліва патрабуючым. Тады шматлікія формы сумненняў знікнуць, бо адчуем прысутнасць Бога і праўду Евангелля ў любові, якая без нашых заслуг жыве ўнутры, і якой дзелімся з іншымі.
        
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 23.11.2016  †


biskupКс. бп Аляксандр Кашкевіч

   Перыяд Адвэнту хоць і не мае выразна пакутнага характару, з’яўляецца дасканалай нагодай, каб зазірнуць у глыбіню свайго сэрца і распачаць трывалую працу над сабой. Традыцыйна ў гэты перыяд мы адмаўляемся ад гучных забаў, каб больш часу прысвяціць малітве, чытанню Святога Пісання. Варта таксама зрабіць якіясьці адвэнтавыя пастановы, што дапамогуць у паглыбленні духоўнага жыцця. Не будзем забываць і аб патрэбе прыступіць у Адвэнце да сакраманту пакаяння і паяднання, каб у стане асвячальнай ласкі, з чыстым, адноўленым сэрцам перажыць радасць свят Божага Нараджэння.

Фрагмент пастырскага ліста на Адвэнт 2016 года

staniewski2Кс. бп Юзаф Станеўскі

   Святая Цэцылія, панна і мучаніца, з’яўляецца адной з самых вядомых і папулярных святых у Касцёле. Яна не была проста слухачом слоў Праўды – на Евангеллі і Хрысце будавала ўласны дом. Арышт, спачуванне салдат, слёзы бацькоў і сяброў, гвалтоўны гнеў намесніка ўдарылі ў гэты дом, але ён не паваліўся, бо цвёрда стаяў на скале веры. Суддзі, які падгаворваў яе адрачыся ад Езуса, адказала: “Я пакідаю дом, збудаваны чалавечай рукой, каб назаўсёды пасяліцца ў палацы майго Абранніка, Хрыста”. Верыла, што каты яе не заб’юць, а толькі “тленную маладосць заменяць вечнай маладосцю” ў Нябесным Валадарстве.

Фрагмент гаміліі, прамоўленай ва ўспамін св. Цэцыліі, 22.11.2016