Слова для Жыцця (119)

Актуальна - Слова для Жыцця

papa-francesco7Папа Францішак
    Шчасце, якога прагне кожны, можа быць выражана рознымі спосабамі і дасягнута толькі тады, калі мы здольны кахаць. Колькі інвалідаў і пакутуючых людзей наноў адкрываюцца на жыццё, як толькі разумеюць, што хтосьці іх любіць! І колькі любові можа выплываць з сэрца нават, хоць бы, праз адну ўсмешку! У той жа час і сама слабасць можа стаць суцяшэннем і падтрымкай для нашай адзіноты. Езус у сваіх пакутах палюбіў нас дарэшты (параўн. Ян 13, 1). Ён на крыжы аб’явіў Любоў, якая аддае сябе без межаў. Што мы можам прад’явіць Богу ў сувязі з нашымі слабасцямі і цярпеннямі, чаго б не было ўжо выбіта на абліччы Яго ўкрыжаванага Сына? Да фізічных пакут Езуса далучыліся здзекі, непрыняцце і пагарда, а Ён адказвае міласэрнасцю, якая прымае кожнага і прабачае ўсім. “Ранамі Яго мы аздароўлены” (Іс 53, 5; 1 П 2, 24). Езус – урач, які лечыць лякарствам любові, бо бярэ на сябе нашае цярпенне і збаўляе. Мы ведаем, што Бог здольны зразумець нашыя слабасці, бо Ён сам іх перажыў (параўн. Гбр 4, 15).
    Тое, як мы перажываем хваробу і інваліднасць, з’яўляецца паказчыкам любові, якую мы гатовы ахвяраваць. Тое, як мы змагаемся з пакутамі і абмежаваннямі – крытэрыем нашай свабоды, каб надаць сэнс выпрабаванням жыцця, нават калі яны здаюцца нам абсурднымі і незаслужанымі. Таму не трэба турбавацца з-за гэтых нягод.
        
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас Юбілею хворых і інвалідаў   
 


Кс. абп Тадэвуш КандрусевічКс. абп Тадэвуш Кандрусевіч

   Евангелле распавядае пра статак авечак і пастуха. Калі пастух заўважае, што на ноч не вярнулася адна авечка, то ён ідзе і шукае яе. Знайшоўшы, бярэ на свае плечы і з радасцю нясе дамоў. Мала таго, ён радуецца з іншымі, бо авечка, якая згубілася, знайшлася. Авечка – сацыяльная хатняя жывёла, і толькі будучы ў супольнасці яна адчувае сябе шчаслівай і бяспечнай. Падобна і з чалавекам: ён з’яўляецца сацыяльным Божым тварэннем, і толькі ў супольнасці з іншымі– бяспечны і шчаслівы.
    Пастух з Евангелля – гэта Езус, які любіць кожнага. Заблукалая авечка – грэшны чалавек. Езус не пакідае яго аднаго, а шукае, каб дапамагчы. Ён таксама кажа, што ў небе будзе большая радасць з аднаго грэшніка, які навернецца, чым са ста справядлівых. Усё гэта нагадвае аб бязмежнай Божай міласэрнасці, аб тым, што ніхто не пазбаўлены Божай любові, за выключэннем тых, хто сам не хоча яе дасведчыць.

Фрагмент гаміліі, прамоўленай ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса