Папа Францішак
Мы не адныя: Езус знаходзіцца побач з намі, сярод нас, у нас! Яго новая прысутнасць у гісторыі рэалізуецца праз дар Святога Духа, дзякуючы якому можна наладзіць жывую сувязь з Ім – Укрыжаваным і Уваскрослым. Дух, які разліваецца ў нас праз сакраманты хросту і канфірмацыі, дзейнічае ў нашым жыцці. Ён кіруе намі ў спосабе мыслення і дзеяння, каб мы адрознівалі добрае ад дрэннага. Дапамагае практыкаваць любоў Езуса, Яго аддаванне сябе іншым, асабліва тым, хто найбольш гэтага патрабуе.
Знакам прысутнасці Святога Духа з’яўляецца супакой, які Езус дае сваім вучням: “Супакой Мой даю вам” (27). Ён вынікае з перамогі над грахом, эгаізмам, які не дазваляе нам любіць адзін аднаго, як браты. Гэта дар Бога і знак Яго прысутнасці. Кожны вучань, закліканы сёння накіроўвацца за Езусам, несучы крыж, атрымлівае ў сэрцы супакой уваскрослага Хрыста разам з гарантыяй Яго перамогі, чакаючы Яго канчатковага прыходу.
“Regina Caeli” са Святым Айцом, 01.05.2016 †