Эксперымент. Вырошчванне крышталікаў солі

Хвіліна творчасці

“Вы – соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца...” (Мц 5, 13)
Соль складаецца з мноства крышталікаў. Раствараючыся ў гарачай вадзе, крышталікі солі распадаюцца на дробныя часцінкі. Калі вада пачынае астываць, часцінкі солі пачынаюць ізноў злучацца адна з адной, утвараючы крышталікі. Яны паступова асядаюць на сашчэпцы і варсінках ніткі і растуць у форме правільнага куба, а іх грані заўсёды перасякаюцца пад прамым вуглом (90°).
    Ці знаёмы Табе смак солі? Ці любіш Ты непадсоленую ежу? У даўнія часы соль была скарбам, яна вельмі многа каштавала, і купіць яе маглі толькі заможныя людзі. А сёння цяжка сабе ўявіць добрую кухню без солі. Соль патрэбна ўсім.
Езус сказаў пра сваіх вучняў, што яны павінны быць соллю зямлі. Гэта азначае, што вучні Хрыста павінны прыносіць смак у жыццё людзей. Радасны, добры, адважны і сумленны вучань Хрыста робіць жыццё лепшым, упрыгожвае яго. Эксперымент па вырошчванні крышталікаў солі нагадае Табе, што соль не толькі карысны прадукт, але і прыгожы.
    Крышталікі солі выглядаюць асабліва прыгожымі пры яркім асвятленні. Калі Ты хочаш вырасціць у хатніх умовах сапраўдныя крышталікі, папрасі дапамагчы Табе ў гэтым каго-небудзь з дарослых.
   
    Неабходныя матэрыялы:
    Вада, соль, шкляны слоік, лыжка, аловак, ваўняная нітка, сашчэпка з эмаліраваным пакрыццём.
    Як правесці эксперымент?
    1. Гарачую ваду наліваем у слоік.
    2. Гатуем насычаны солевы раствор: у слоік з вадой насыпаем павараную соль, памешваючы лыжкай, пакуль соль не растворыцца.
    3. Да ніткі прывязваем сашчэпку, другі канец ніткі замацоўваем на алоўку.
    4. Нітку з сашчэпкай апускаем у слоік з солевым растворам.
    5. Пакідаем слоік на некалькі дзён.
    6. Пры астыванні вады соль утварае шматлікія крышталікі на варсінках ніткі і на сашчэпцы.
    7. Чым павольней астывае раствор, тым больш утворыцца крышталікаў.
    8. З дапамогай павелічальнага шкла Ты можаш падрабязна разгледзець вырашчаныя крышталікі солі.