Чаго ад нас хоча Бог?

На шляху да святасці


   “Мы ведаем таксама, што ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога і хто пакліканы па Яго пастанове”. Рым 8, 28
Што мы можам даць Богу?
    Пан Езус аддаў сваё цела і праліў сваю кроў за нас. А што мы можам даць Яму ўзамен? Чаго Бог чакае ад нас? “Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі” (Прып 23, 26). Гэтым адным сказам Творца акрэслівае свае чаканні адносна чалавека, увесь сэнс яго існавання і паклікання. Бог Айцец патрабуе чыстага, вернага, бездакорнага сэрца, якое выпраменьвае любоў, падобна сонцу ці золату.
Мы ўсе пакліканы Богам ісці Яго дарогай. “Ён уратаваў нас і паклікаў святым пакліканнем не за нашы ўчынкі, але паводле ўласнай пастановы і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Езусе перад вечнымі часамі” (2 Цім 1, 9). У той момант, калі чалавек адгукаецца на заклік Бога: “Так, Пане, я хачу ісці за Табой і быць Табе верным!” – для кожнага хрысціяніна пачынаецца няпросты шлях духоўнага развіцця і цяжкіх выпрабаванняў.
   
    Слова = учынак
    Шмат хто лічыць, што, становячыся вучнямі Хрыста, мы павінны атрымаць пэўны прывілей недатыкальнасці з боку зла, перастаць зазнаваць жыццёвыя цяжкасці, праблемы і балючыя перажыванні. Аднак, каб магчы стаць Божым чалавекам не з назвы, а па сутнасці, каб сэрца запалала ўсёпаглынальнай любоўю, мудрасць Усявышняга падрыхтавала для нас некалькі іншы план.
    “«Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?». Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе»” (Ян 21, 15). Тры разы Сымон Пётр паўтараў Езусу, што любіць Яго. Тым не менш, сустрэўшы першае выпрабаванне, вучань адразу ж адрокся ад свайго Настаўніка. А якая цана нашых слоў, малітваў і зарокаў вернасці? “Не кожны, хто кажа Мне: «Пане, Пане», увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах” (Мц 7, 21).
    Ці нашы ўчынкі адлюстроўваюць словы і заявы? Ці любім Езсуса толькі тады, калі Ён нас бласлаўляе і калі ўсё добра? Што адбудзецца, калі сутыкнёмся з пераследам, грэбаваннем, ілжывым абвінавачваннем, здрадай, крытыкай, забыццём, прыніжэннем, цяжкай хваробай, хваляй няўдач, прыгнётам і іншымі нягодамі? Ці будзем мы мужна абараняць Хрыста і надалей давяраць Яму, а можа, баязліва адвернемся ад Яго?
   
    Выпрабаванне агнём
    У большасці выпадкаў мы не можам дакладна адказаць на гэтае пытанне, пакуль не сутыкнёмся з цяжкім досведам. Таму наша вернасць Езусу правяраецца і выпрабоўваецца на сапраўднасць, стойкасць і вартасць на працягу ўсяго жыцця. Бог жадае, “каб правераная ваша вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу, і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста” (1 П 1, 7).
    Золата – самы цэнны з каштоўных металаў з унікальнымі якасцямі, такімі як нязломнасць, устойлівасць да ўздзеяння паветра, кіслароду і кіслот. Яно не падвяргаецца працэсам іржаўлення, пацямнення альбо распаду. На працягу стагоддзяў золата было сімвалам чысціні і каралеўскай годнасці. Аднак, каб атрымаць чыстае золата, патрэбны правільны інструмент і вельмі высокая тэмпература. Падобным чынам Бог выкарыстоўвае людзей як інструменты, а напружаныя жыццёвыя сітуацыі – як агонь і высокую тэмпературу, дзякуючы якім можа ўчыніць з чалавека найвышэйшую каштоўнасць. “І сядзе, як плавільшчык і як той, хто ачышчае серабро, і ачысціць сыноў Левія, і пераплавіць іх, як золата і серабро, і яны будуць прыносіць Пану ахвяру ў справядлівасці” (Мал 3, 3).
    Усявышні хоча, каб наша вернасць і давер былі падобныя на золата, сталі ўстойлівымі да знешняга псавання і спакус свету, каб не вагаліся, калі прыйдзе прыгнёт. Пан Езус папярэдзіў сваіх паслядоўнікаў, што ў гэтым свеце яны будуць выпрабоўвацца пакутамі:
    “У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16, 33).
   
    Сэнс цярпення
    Боль і падзенне адкрываюць вочы на праўду пра нас саміх, адрываюць ад змроку цялеснасці і духоўнай цемры. Праз пакуты чалавек лепш пазнае сваю душу, сапраўдную натуру, свае магчымасці і слабыя бакі. Журба ачышчае чалавека ад недахопу пакоры, ад занадта высокіх уяўленняў аб сабе. Бяда, праз якую праходзім, з’яўляецца лакмусавай паперкай, якая паказвае, дзе мы апускаем рукі і даём сябе ахапіць расчараванню, роспачы ды жалю, а дзе духоўна ўмацоўваемся і сталеем для поўнага самаадрачэння.
    Хрысціянін церпіць для таго, каб Божы вобраз, страчаны ў выніку падзення ў грэх, мог у ім аднавіцца, каб ён мог памерці для сваіх капрызаў, жаданняў, мар ды сладастраснасці і стаць дасканалай ахвярай. Таму, калі зрабілася так цяжка, што ўжо немагчыма спраўляцца, калі пакінулі цялесныя і духоўныя сілы, трэба пачаць жыць толькі Езусам і для Езуса.
   
    Даследуй інтэнцыі свайго сэрца
    Любоў да Творцы рэалізуецца праз адданае служэнне бліжняму. Таму ў сваіх паводзінах мусім даследаваць інтэнцыі свайго сэрца. Што становіцца матывацыяй нашых учынкаў: уласны эгацэнтрызм ці дабро бліжняга? Каму і чаму служыць наша сэрца і душа? Дзеянні, якія не спараджаюць любоў у сэрцы, не варта здзяйсняць. Пачуцці, якія не набліжаюць да Бога, не вартыя Божага дзіцяці. Думкі, якія не ўмацоўваюць веру, з’яўляюцца непатрэбным баластам для душы. Рашэнні, якія не заснаваны на Божай волі, становяцца шляхам памылак і зла. Мусім рабіць гэта, каб наша жыццё было плённым для Неба.
    “Прыкладайце ўсе намаганні, каб дапоўніць вашу веру цнотай, цноту – пазнаннем, пазнанне – стрыманасцю, стрыманасць – цярплівасцю, цярлівасць – набожнасцю, набожнасць – братняю любоўю, а братнюю любоў – любоўю. Калі ўсё гэта ў вас ёсць і памнажаецца, то вы не будзеце бяздзейнымі ды бясплённымі ў пазнанні Пана нашага Езуса Хрыста. У каго ж няма гэтага, той сляпы, закрыўшы вочы, забыўся пра ачышчэнне ад сваіх даўніх грахоў. Таму, браты, старайцеся яшчэ больш умацаваць ваша пакліканне і выбар. Так паступаючы, ніколі не спатыкняцеся. Тады шырока адкрыецца перад вамі ўваход у вечнае Валадарства нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста” (2 П 1, 5–11).