З-за выбуху І Сусветнай вайны Эдзіт вымушана была спыніць навучанне. Спачуваючы пакутам іншых, накіравалася на фронт. Служыла бліжнім як сястра Чырвонага Крыжа: апекавалася асобамі, што пакутавалі ад інфекцыйных захворванняў. Глыбока перажывала смерць маладых людзей. Пачуццё эмпатыі з часам адкрыла Эдзіт рэлігійны феномен.
Аднак першая, найбольш відавочная сустрэча дзяўчыны з Хрыстом адбылася некалькімі гадамі пазней у ціхай атмасферы хатняй бібліятэкі яе блізкіх сяброў. Той пераломны момант будучая святая ўзгадвае з вялікай узрушанасцю: “Я ўзяла першую кнігу, якая трапіла ў рукі. Гэта быў вялікі аўтабіяграфічны том пад назвай «Жыццё святой Тэрэзы Авільскай». Пачала чытаць. Хутка кніга так мяне паглынула, што не магла спыніцца. Калі закрыла том, сказала сабе: вось праўда”. За чытаннем Эдзіт правяла ўсю ноч, а раніцай пайшла ў горад, каб купіць катэхізіс і імшалік. Грунтоўна з імі пазнаёмілася і праз некалькі дзён адправілася на першую ў сваім жыцці св. Імшу.
Дабрацца да святла Калі Эдзіт бліжэй сустрэлася з Езусам, вырашыла прыняць хрост. Уласным запалам яна захапіла сваю сястру Ружу. Хоць пераход на іншую веру азначаў разлад у сям’і, якой цяжка было зразумець такое рашэнне, для Эдзіт гэта не азначала разрыву сувязі з яўрэйскім народам. Яна сцвярджала, што менавіта цяпер, калі вярнулася да Бога, па-сапраўднаму адчула сябе яўрэйкай. Усвядоміла, што належыць да Хрыста не толькі духоўна, але і праз крэўныя сувязі.
Паглыбляючыся ў чытанне і рэлігійныя практыкі, дзяўчына займалася педагагічнай дзейнасцю. Аднак цяпер імкнулася спалучаць навуку з верай. Напрыклад, вельмі глыбока даследавала спадчыну св. Тамаша Аквінскага і старалася растлумачыць пэўныя элементы яго містыкі пры дапамозе фенаменалагічнага метаду.
Эдзіт часта запрашалі прачытаць даклад з розных нагод і на канферэнцыях. Яна праводзіла навучальныя курсы, пісала артыкулы, прымала ўдзел у радыёдыскусіях. Усё змянілася, калі да ўлады прыйшоў Гітлер, які забараніў яўрэям займаць любыя грамадскія пасады. Эдзіт вымушана была пакінуць публічнае жыццё.
Ужо больш нічога не трымала яе ў свеце, таму пастанавіла ўступіць у кармэліцкі ордэн у Кёльне (Германія). У якасці апекуноў выбрала сабе св. Тэрэзу Авільскую і св. Яна ад Крыжа, прымаючы ў супольнасці імя Тэрэза ад Крыжа, якое было спалучэннем імён абодвух духоўных аўтарытэтаў.
У клаўзуры сястра жыла пакорна, як і ўсе іншыя. У кляштары нічога не ведалі пра яе славутасць і эрудыцыю. Аднак настаяцелі вырашылі, што манахіня павінна працягваць сваю навуковую дзейнасць. У 1938 годзе ў сувязі з узмацненнем нацысцкага рэжыму с. Тэрэза – усведамляючы, што яе яўрэйскае паходжанне можа быць пагрозай для кляштара – пераехала ў Галандыю.
“Вітай, Крыж!”
Праз 4 гады больш-менш бяспечнага манаскага жыцця ў галандскім горадзе Эхт у дзверы мясцовага кляштара пастукаліся з гестапа. У той час с. Тэрэза разам з іншымі сёстрамі малілася ў капліцы. Цягам 5-ці хвілін яна павінна была з’явіцца разам са сваёй сястрой Ружай, каб з іншымі яўрэямі, якія прынялі хрысціянства, накіравацца ў канцлагер. Гэта была помста нацыстаў за пасланне галандскіх каталіцкіх біскупаў, якія пратэставалі супраць праследавання і дэпартацый прадстаўнікоў выбранага народа. Ліст быў прачытаны ва ўсіх святынях краіны.
Апошнія словы с. Тэрэзы, якія пачулі манахіні, былі скіраваны напалоханай Ружы: “Хадзі, пойдзем цярпець за наш народ”. У хуткім часе настаяцельніца атрымала ад сястры тэлеграму, дзе тая прасіла пакінуць намаганні па яе вызваленні: “Не можна пазнаць Крыж інакш, як толькі прымаючы яго цяжар. Я была ў гэтым унутрана пераканана і сказала сабе ў глыбіні сэрца: вітай, Крыж, мая адзіная надзея”.
Раніцай 7 жніўня 1942 года 987 чалавек транспартавалі ў лагер у Асвенціме. Праз 2 дні с. Тэрэза ад Крыжа разам са сваёй сястрой Ружай і многімі іншымі сынамі і дочкамі яўрэйскага народа былі атручаны ў газавай камеры.
Памяць у Касцёле Эдзіт Штайн з’яўляецца першай яўрэйкай, якая перайшла ў каталіцызм і была ўзнесена да хвалы алтара. Яе кананізаваў 11 кастрычніка 1998 года папа Ян Павел ІІ. Пантыфік абвясціў святую заступніцай Еўропы з думкай пра яе асаблівую апеку над гэтай часткай свету, а таксама над людзьмі, якія найбольш пацярпелі ў часы ІІ Сусветнай вайны. Гадавіна смерці св. Тэрэзы Бенедыкты ад Крыжа з’яўляецца ў Каталіцкім Касцёле днём малітвы за ахвяр Халакоста.
Божа, дзякуем Табе за дары і таленты, якія ўдзяліў сваёй слузе Эдзіт Штайн, сястры Тэрэзе Бенедыкце ад Крыжа. Яе жыццём Ты паказаў, што можам знайсці Цябе сярод абавязкаў і акалічнасцей нашай штодзённасці. Праз яе заступніцтва ўчыні, каб мы маглі служыць Табе і бліжняму так дасканала, як гэта магчыма; каб у пэўны дзень змаглі ўдзельнічаць у хвале і шчасці, якія Ты падрыхтаваў для тых, хто Цябе любіць. Просім аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. |
|