Песні жальбы: тое, што перажыў Езус

На шляху да святасці

Ужо за намі першыя дні Вялікага посту, велікапосныя набажэнствы Крыжовага шляху, Песень жальбы. У Касцёле вельмі часта гавораць, што гэта асаблівы час, дадзены нам, каб пакаяцца і навярнуцца. Гэты час павінен стаць для кожнага католіка нагодай, каб яшчэ лепш прыглядзецца да свайго хрысціянства і адносін з Богам. Ён павінен таксама стаць часам, калі трэба больш пакутаваць за свае грахі і прымаць пастановы, якія павінны дапамагчы нам у працы над сваімі самымі частымі заганамі. Усе пакаянныя і малітоўныя практыкі, у якіх мы ўдзельнічаем падчас Вялікага посту, з’яўляюцца праяўленнем нашай удзячнасці Езусу за справу збаўлення. Той, хто жадае паказаць сваю ўдзячнасць, прысутнічае на гэтых набажэнствах, а той, каму ўсё гэта абыякава, мае іншыя справы і заняткі.
    У нашай рэлігійнай традыцыі адным з практыкуемых велікапосных набажэнстваў з’яўляецца набажэнства Песень жальбы. Гэтае набажэнства мае сваю гісторыю і традыцыю. Яно было складзена і выдадзена ў 1707 г. пры парафіяльным касцёле Святога Крыжа ў Варшаве, дзякуючы намаганням архібрацтва св. Роха. Назва паходзіць ад першых слоў, якія распачынаюць гэтае набажэнства. Спачатку яно спявалася толькі пры касцёле, у якім паўстала, затым пашырылася на ўсю Польшчу, а сёння спяваецца і ў іншых краінах. Арыгінальная версія захавала старапольскае гучанне. Набажэнства з самага свайго пачатку заахвочвае да таго, каб разважаць Муку нашага Пана Езуса Хрыста і каб у пэўным сэнсе адчуць усё тое, што Езус выцярпеў і перажыў у гэтыя хвіліны.
Адной з цікавых рэчаў у гэтым набажэнстве з’яўляецца тое, што ва ўсім спеве мы не чуем ніводнага слова Хрыста. Паводле тэкста, Езус усё прымае з пакорай і ў цішыні сэрца, тым самым вучачы нас, як мы павінны перажываць і ўспрымаць розныя цяжкасці і жыццёвыя выпрабаванні. Варта таксама звярнуць увагу на стыль, у якім складзены тэкст набажэнства. Спяваючы ці слухаючы гэтыя словы, можна нібы адчуць драму і трагедыю, якія адбыліся тады, калі Езус ішоў на Галготу, калі быў прыбіты да крыжа. І гэта найважнейшае жаданне аўтара, каб даць нам магчымасць быццам бы адчуць і перажыць усё тое, што выпакутаваў Езус. Яно нібы пераносіць нас назад у Ерузалем, калі там усе ведалі Настаўніка з Назарэта. Песні жальбы дазваляюць нам вярнуцца да тых журботных хвілін і паглядзець у вочы злу, што адбіваецца ў сэрцы кожнага чалавека, які выбірае грэх. Я памятаю, што нешта падобнае можна было адчуць падчас першага прагляду фільма “Страсці Хрыстовыя” Мэла Гібсана, калі, бачачы сцэны з Крыжовага шляху, думкамі пераносішся ў тыя часы і на самой справе пачынаеш разумець, што перажыў і як пакутаваў Збаўца.
    Сёння многія кажуць, што гэтае набажэнства ўжо ўстарэлае і нямоднае, спяваецца незразумелымі словамі, займае шмат часу. Але, у прынцыпе, менавіта гэтае набажэнства паказвае нам тое, што здзяйсняе Бог для чалавека, аддаючы на смерць і пакуты свайго Сына, а наш удзел у ім – праяўленне нашай удзячнасці.
    Як я ўспрымаю набажэнства Песень жальбы і калі апошні раз у ім удзельнічаў? На жаль, шмат тых, хто замест удзелу падчас Вялікага посту ў гэтым набажэнстве, якое з’яўляецца ў першую чаргу малітвай, знаходзіць сабе іншыя заняткі ці забавы. Час посту павінен стаць для нас асаблівай нагодай, каб усвядоміць сабе, хто мы. Мы грэшныя і слабыя, мы ўвесь час падаем пад цяжарам сваіх грахоў. Аднак самае важнае – каб мы хацелі быць як блудны сын, які вяртаецца да Айца і шукае гэтую дарогу, не гледзячы ні на што.
    Давайце ж не будзем эканоміць час, а знойдзем магчымасць прыняць удзел у набажэнстве Песень жальбы, давайце з’яднаемся з Езусам на той дарозе і ў тую балесную хвіліну, якую нам прыгадвае гэтае набажэнства. Трэба адчуць усё гэта і ўсвядоміць, што на самой справе тое, аб чым мы чуем у гэтым набажэнстве, рабілася для мяне, бо калі не, то, на жаль, не будзе нас падчас гэтага разважання Мукі Пана, як таксама складана будзе разглядзець гэтую ўдзячнасць за зневажэнні і абразы, якія перажыў Езус.