Palmero-Romero-Pelegrino

На шляху да святасці

Кс. Максім Бачарнікаў SCJВітаю Вас, дарагія Чытачы “Слова Жыцця”. Перажываем лета, некаторыя з нас задумваюцца, як правесці гэты час. Многія жывуць па сцэнарыі, які ўвесь час паўтараецца: дом, праца, праца, дом. Ці ж можна так? Як доўга чалавек вытрымае гэта? Ці не варта было б трошкі запаволіць і задумацца над тым, якое месца ў нашым жыцці займае здароўе, адпачынак, малітва, навяртанне?
Я ўсё яшчэ знаходжуся пад уражаннем адбытай год таму пілігрымкі ў Лурд, Санцьяга-дэ-Кампастэла, Фаціму. І хоць я быў удзельнікам аўтобуснай пілігрымкі, аднак за­­трымліваючыся па дарозе на начлег у гас­цініцах, я сус­тракаў шмат па­ломніцкіх груп, якія пеш­­­­шу пера­адольвалі сотні кіла­мет­раў да месцаў культу. Змучаныя, стомленыя дарогай, абпаленыя сонцам, але радасныя, яны ішлі, бо любоў і вера ў іх былі мацнейшыя, чым дыскамфорт дарогі.
Гісторыя пілігрымак сягае яшчэ ў часы Старога Запавету. Ужо ў Кнізе Псальмаў чытаем, як натхнёны аўтар цешыцца тым, што ідзе ў пілігрымцы ў святое месца – Ерузалем. “Я ўсцешыўся, калі мне сказалі: «Пойдзем да дому Пана». Ужо стаяць нашыя ступні ў тваіх брамах, Ерузалем” (Пс 122, 1-2). У Евангеллі паводле св. Лукі мы даведваемся, што “бaцькi Езуса хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. I кaлі Яму былo двaнaццaць гaдoў, яны ўзышлі ў Ерузaлем пaвoдле звычaю святa. Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, зaстaўся Хлопец Езус у Ерузaлеме, i не заўважылі гэтага Ягoныя бaцькi” (Лк 2, 41-43). Такім чынам, Пан Езус сам дае нам прыклад знайсці час і адвагу ў сабе, каб выбрацца ў пілігрымку.
    Пазней, у I ст., хрысціяне ахвотна вандравалі ў Ерузалем. Імі кіравала жаданне на ўласныя вочы ўбачыць месцы, па якіх хадзіў Езус Хрыстус і Марыя. У II ст., у выніку рэпрэсій рымлян пасля паўстанняў яўрэяў, звычай спыніўся. Пілігрымкі вырушылі зноў у IV ст., калі імператар Феадосій прызнаў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імперыі.
    У III і IV стст. акрамя Святой Зямлі наведвалі таксама Рым, гроб св. Марціна Турскага ў Францыі, а з VIII ст. – гроб св. Якуба ў Санцьяга-дэ-Кампастэла на Іберыйскім паўвостраве.
    Адносна месцаў пілігрымак утварыліся розныя групы пілігрымаў. Так пілігрымаў у Ерузалем называлі “Palmero”, тых, хто пілігрымаваў у Рым – “Romero”, а пілігрымуючых у Санцьяга-дэ-Кампастэла – “Pelegrino”.
    Найбольшы пілігрымковы рух у сярэднявеччы прыпадае на перыяд паміж XI і XIII стст. Акрамя гэтага, пачаў узрастаць культ Маці Божай, а такім чынам і пілігрымаванне да Яе санктуарыяў. Росквіт марыйных пілігрымак прыпадае на XVI і XVII стст., калі шматлікія перамогі ў бітвах прыпісваліся заступніцтву Маці Божай.
    Пасля аб’яўленняў у Парыжы, Ла-Салеце і Лурдзе ў XIX ст. нанова ажыў вандроўніцкі запал. У Еўропе найбольш ахвотна наведваюць Сан-Джавані-Ратонда, Фаціму, Лурд, Ясную Гару, Рым, Марыацэль, Вільню.
    У нас у краіне ёсць цудоўны санктуарый Маці Божай у Будславе, у раёне Мядзеля, які называюць Беларускай Чанстаховай. А нашай дыяцэзіяльнай Чанстаховай з’яўляюцца Тракелі, куды ўжо ў панядзелак 8 ліпеня з Гродна ў 5-дзённую пілігрымку вырушаць прыхільнікі Марыі.
    Ці сапраўды варта пераадольваць больш за 150 км пешшу, бо менавіта столькі ад Гродна да Тракеляў, ідучы 5 дзён, калі гэтую адлегласць можна пераадолець за 2 гадзіны машынай? Ці сёння яшчэ маюць сэнс пешыя пілігрымкі? Нарачоным я часта гавару: хочаш пазнаць свайго будучага мужа – ідзі з ім у пешую пілігрымку. Твой муж залежны ад алкаголю – арганізуй сваіх дзяцей і адпраўся ў пешую пілігрымку. Прагнеш навяртання сына – падумай аб пешай пілігрымцы. Ідзі са ўсім гэтым да Марыі, Яна знайдзе лякарства ад тваіх турбот.