Захапляльныя гісторыі летняга адпачынку

Роздум - На шляху да святасці

У канцы ліпеня рэдакцыя “Слова Жыцця” аб’явіла конкурс на цікавы аповед пра свае канікулы з Богам. Сёння на старонках выдання падводзім яго вынікі. Увазе чытачоў прапануюцца працы, якія будуць адзначаны прызамі.
Незвычайнае падарожжа па Нёмане
У ліпені моладзь з парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку (але не толькі) адправілася ў незвычайнае падарожжа на байдарках па рацэ Нёман з Любчы да маста, які знаходзіцца непадалёк Іўя. Напачатку адбыўся інструктаж бяспечных паводзін на вадзе і супольная малітва.
    Сама выправа заняла каля 8-мі гадзін. Удзельнікі падарожжа ў складзе 9-ці чалавек пераадолелі разам каля 40-ка кіламетраў. Усё для гэтага склалася найлепшым чынам: добрае надвор’е, свабодныя байдаркі і магчымасць іх транспартавання да месца адпраўлення і прыбыцця.
“Для мяне асабіста гэта быў незабыўны досвед. Уразіла фантастычная, багатая прырода нашай краіны, а таксама пачуццё гармоніі з прыродай. Такія выправы, мне здаецца, яднаюць людзей. Гэта вельмі класна”.
   
Марк Крывіцкі    “Я плаваў на байдарцы першы раз у жыцці! Ды яшчэ на такую вялікую дыстанцыю… Быў у захапленні ад нашай каманды і атмасферы, якая панавала падчас падарожжа па Нёмане”.
   
    Данііл СакевічХочацца скіраваць словы асаблівай падзякі ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі гэтага цудоўнага падаражжа. Няхай добры Бог Вам за ўсё аддзячыць.
   
   
   
Па вулiцах Гродна з Богам

    Эвеліна Лукашэвіч
    Гэтае лета, як і заўсёды, было багатае на розныя пілігрымкі. Адной са шматлікіх стала пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый у Тракелях. Там многія маладыя людзі ўсвядомілі неабходнасць і важнасць сведчання аб сваёй веры сярод людзей, якія яшчэ не спазналі ўсю сілу Божай любові. Адчулі, што значыць сапраўдны дух адзінства і як важна яго берагчы. Таму, каб захаваць гэты дух, тую атмасферу паломніцтва, каб падзяліцца здабытым падчас шляху духоўным плёнам, моладзь з Гродна вырашыла і надалей сустракацца разам, у зручны для ўсіх час.
    З кожным днём нас станавілася ўсё больш і больш. Мы адчувалі, як на сустрэчах духоўна ўзбагачаем адзін аднаго. Узнікла ідэя праслаўляць Бога спевам на вуліцах горада. Не перадаць словамі, якой адвагай і духоўнай сілай напоўніліся нашыя сэрцы! Гэты настрой яшчэ надоўга заставаўся з намі. Што вельмі важна, ты і далей крочыш з уздымам па жыцці, прагнеш дзяліцца сваёй верай з акружаючымі. Думаю, гэта толькі пачатак… Ідэй наконт таго, як можна евангелізаваць на вуліцах нашага горада, у нас, натхнёных, з’явілася шмат. Застаецца толькі самім умацоўваць асабістыя адносіны з Езусам, каб потым дзяліцца гэтай радасцю з іншымі.
    Духоўныя кіраўнікі (ксяндзы, манахіні, клерыкі), якія пастаянна нас суправаджаюць, не перастаюць паўтараць, што вера ўзрастае толькі ў тым выпадку, калі пачынаеш дзяліцца ёю з бліжнімі. І гэта сапраўды так! Мяркую, кожны з нас адчуў і адчувае гэта на ўласным прыкладзе.
   
    Кс. Андрэй Бялаблоцкі
    Напачатку моладзь бянтэжылася перад тым, як падысці да патрабуючых, але рэакцыя людзей, на радасць, аказалася добразычлівай Аднойчы мы з моладдзю з розных парафій Гродна вырашылі выйсці на вуліцы горада і накарміць бедных. Такі вопыт евангелізацыі я як святар маю. Атрымаў яго на місіях у Бразіліі. Ды і з моладдзю, дарэчы, не ўпершыню падобныя акцыі праводзім. Найчасцей у перыяд посту. Гэта вельмі яскравы прыклад сведчання сваёй веры на практыцы.
    І вось, мы нагатавалі бутэрбродаў і пайшлі шукаць небаракаў, каб іх пачаставаць. Наш маршрут абмяжоўваўся цэнтрам горада. Але і тут знайшлі нямала патрабуючых. Падыходзілі да іх, віталіся, прадстаўляліся. Бачыў, што пачаць размову моладзі самой няпроста – існуе пэўны бар’ер. Аднак самі бедныя – вельмі адкрытыя на зносіны людзі. Таму ў працэсе размовы маладыя людзі адчувалі сябе вальней, паступова знаходзілі агульную мову і з задавальненнем працягвалі дыялог. У працэсе гаворкі мы дарылі людзям крыжыкі на вяроўцы. Часцей за ўсё падобных важных для верніка рэчаў яны не маюць…
    Лічу, што гэта цудоўная акцыя як для саміх патрабуючых, так і для маладых людзей. У бедняках на вуліцы моладзь сустракае церпячага Хрыста, вучыцца заўважаць Яго ў іншых, не закрывацца на патрэбы бліжняга, а па магчымасці дзяліцца тым, што мае сама. Праз здзяйсненне такіх учынкаў вера чалавека ўзмацняецца, узрастае. Маю надзею, што гэтая летняя акцыя стане традыцыйнай. Ужо сёння раз на тыдзень, калі ў моладзі выдаецца вольны час, імкнёмся яе паўтараць.
   
    Эдуарда Паўлавец
    Я ў ліку тых, хто адгукнуўся на гэтую ідэю. Чаму? Думаю, свет і так вельмі жорсткі. Падобнымі невялікімі ўчынкамі мы прыносім у наша жыццё штосьці добрае. Ды і ніколі не ведаеш, дзе сам апынешся заўтра. Усе мы людзі, і ўсе мы роўныя. Бедныя гэтак жа, як і мы, маюць патрэбу ва ўвазе, падтрымцы, каб не адчуваць сябе пакінутымі ў гэтым жыцці. Да таго ж, калі я ў стане дапамагчы, чаму б і не? Як гаворыць кс. Андрэй, часам нават пагаварыўшы з імі, робім іх трохі больш шчаслівымі.
    Па меры магчымасцей заўсёды стараюся пакарміць патрабуючых ці які-небудзь рубель падкінуць. Не ведаю, проста так падказвае сэрца, не магу прайсці міма... А пачалося ўсё з мужчыны, якога ўбачыла зімой у кавярні. Зайшла туды пасля Імшы ў касцёле. Ён моўчкі сядзеў збоку, нібы баючыся, каб яго не выгналі на мароз. Я быццам адчула, што невыпадкова сюды зайшла. Падумала, Бог мяне паслаў да гэтага чалавека. Купіла для яго ежы, падышла і проста паклала побач.
    З таго часу я вельмі часта сустракаю патрабуючых. Калі надта спяшаюся, стараюся заскочыць у краму, хоць булку купіць. Людзі заўсёды рады. Яны, насамрэч, такія ўдзячныя! Усміхаюцца, распавядаюць свае гісторыі. Такое цяпло разліваецца па душы, калі чую, як яны наўздагон жадаюць здароўя, шчасця, усіх даброт, выкрыкваюць гучнае “з Богам!”. Іх шчырасць – неацэнная.
   
Як бачым, мінуўшае лета выдалася для нашых чытачоў багатым як на ўражанні, так і на духоўны плён. Вялікая ўдзячнасць усім, хто прыняў удзел у конкурсе і падзяліўся сваёй гісторыяй на старонках газеты!