Сужэнства, асвечанае Мацi Божай

На шляху да святасці

Маладыя ўпэўнены, што сужэнскі саюз, пабудаваны на фундаменце  веры і любові, будзе трывалым і шчаслівым

Падчас сёлетніх урачыстасцей у Тракелях нарадзілася новая сям’я: Aртур Мартынконіс з Іўя і Гражына Аўгусцін з Індуры заключылі перад цудатворным абразом Маці Божай сужэнскі саюз. Шмат пілігрымаў, якія стаялі ў чарзе, каб пакланіцца Марыі, былі сведкамі таго, як маладыя сужэнцы прамовілі сакраментальнае “так”, як абяцалі адно аднаму любоў, вернасць, сужэнскую павагу, а таксама што будуць разам да канца – у радасці і смутку, у шчасці і няшчасці…
Санктуарый Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях – месца, дзе асаблівым чынам моляцца за сем’і, каб кожная з іх узрастала ў веры і трывала з Хрыстом, захоўваючы і памнажаючы скарб веры. Сюды часта прыбываюць маладыя людзі, каб прасіць Марыю дапамагчы знайсці будучага мужа ці жонку. Сюды едуць ці ідуць сужэнцы, каб падзякаваць за свае сем’і і дзяцей ці прасіць аб жаданым патомстве. Многія ўдзячны Багародзіцы за ласкі, якія атрымала іх сям’я. Яны вераць, што Маці Божая Тракельская выпрасіла для іх патрэбныя бласлаўленні ў свайго Сына.
Сёлетняя ўрачыстасць у санктуарыі стала днём нараджэння новай сям’і, якая хоча далей пілігрымаваць праз жыццё, ствараючы будучыню на Божым фундаменце. Як адзначылі самі сужэнцы, тракельскі санктуарый яны абралі месцам гэтай важнай падзеі ў сваім жыцці невыпадкова. Першы раз яны сустрэліся ў пешай пілігрымцы Іўеўскага дэканата ў Тракелі. Ішлі разам, размаўлялі, і тады нішто не ўказвала на тое, што іх жыццё павернецца такім чынам і яны будуць звязаны назаўсёды. Пасля некалькіх гадоў яны нарэшце прынялі прадуманае і адважнае рашэнне стаць адным. У гэтым годзе таксама прайшлі разам 5 дзён дарогі, каб на заканчэнне сёлетніх урачыстасцей выйсці з тракельскага санктуарыя як муж і жонка.
   
    ГражынаПасля пілігрымкі Іўеўскага дэканата да Маці Божай Тракельскай жыццё раскінула нас. Мы больш не бачыліся, аж да таго моманту, як Артур напрыканцы мінулага года не павіншаваў мяне з Божым Нараджэннем. З таго часу мы нанова распачалі нашае знаёмства. Так атрымалася, што не мелі магчымасці шмат бачыцца, і бліжэй знаёміліся адзін з адным праз размовы і гутаркі. У хуткім часе Артур стаў маім лепшым сябрам, з якім магла дзяліцца сваімі радасцямі і нягодамі. Мяне гэта нават здзівіла, бо мы сапраўды былі знаёмыя дастаткова кароткі час, а здавалася, што амаль усё жыцце.
    Праз гады з першага знаёмства мы спаткаліся зноў у Нядзелю Божай Міласэрнасці – і адгэтуль негалосна пачаліся нашыя ўзаемаадносіны. Я здзівілася сваім адчуванням, калі зразумела, што кахаю. Нават не ведала, што мне з гэтым каханнем рабіць. Але ў пэўны момант падчас адной з размоў высветлілася, што і Артур адчувае тое ж самае. Былі пэўныя знакі, зразумелыя толькі нам. Былі пэўныя моманты, якія нельга было самастойна не толькі прадумаць, арганізаваць, але папросту нават уявіць такую магчымасць. Ва ўсім нам дапамагаў Бог. Я веру, што гэта Ён нанова звёў нас разам. Так мы і вырашылі крочыць па жыцці рука аб руку.
    Упэўнена, што трывалую сям’ю можна пабудаваць толькі на фундаменце веры. Сапраўды веру і ведаю, што мне самой на гэта не хопіць моцы. Я прывыкла давяраць Богу кожны свой дзень, кожны крок стараюся ступать разам з Ім. Вельмі страшна прымаць такія адказныя рашэнні адной, а з Богам усё становіцца проста. Я веру, што цяпер мая сям’я знаходзіцца пад Божай апекай.
    Сёлета было вельмі прыемна зноў крочыць да Маці Божай. Вельмі ўдзячныя, што Яна падаравала нам такую магчымасць: чарговы раз ісці да Яе, несці свае інтэнцыі і падзякі. Мы абодва маліліся, каб Марыя ўзяла пад сваю апеку нашу сям’ю, якая хутка ўтворыцца, каб узмацніла наша каханне, каб мы сталі годнымі сужэнцамі адзін для аднаго.
    Калі сям’я і сябры даведаліся пра нашы планы ўзяць шлюб у Тракелях, спачатку крыху здзівіліся, бо з некаторага пункту гледжання гэта сапраўды не зусім традыцыйны варыянт вяселля, але потым падтрымалі такую задуму. Родныя з радасцю прыехалі на ўрачыстасці, каб раздзяліць з намі гэты цудоўны момант жыцця.
   
    АртурПілігрымка – гэта не проста вандроўка, не проста крочанне кудысьці разам, а сапраўднае “жыццё ў мініяцюры”. У пілігрымцы мы праходзім праз розныя цяжкасці і выпрабаванні, пераадольваем гэты шлях з пэўнымі асабістымі інтэнцыямі, знаёмімся, молімся разам і, чаму не, атрымліваем адказы на цяжкія пытанні, якія кожны мае ў сваім сэрцы. У адной з такіх пілігрымак мы і пазнаёміліся. Хлопец, каторы ў чарговы раз ішоў у пілігрымцы да Маці Божай Тракельскай, і дзяўчына, што таксама зноў туды накіроўвалася. З рознымі інтэнцыямі, з рознымі клопатамі, але па адной дарозе.
    На той момант гэта было проста знаёмства. Двое маладых людзей даведаліся пра існаванне адзін аднаго, памаліліся разам, паспявалі, дайшлі да Тракеляў, і кожны далей накіраваўся сваёй дарогай. Да таго пэўнага моманту, калі Маці Божая зноў нас звяла. І адбылося гэта ў самы патрэбны момант, калі кожны з нас перажываў занепакоенасць за сваю будучыню, не ведаў, як жыць далей, што рабіць, да чаго імкнуцца. Гэтым момантам была св. Імша Пастэрка ў Вігілію Божага Нараджэння, і, як атрымалася, таксама ў вігілію нараджэння новага кахання. Мы ўдзельнічалі ў начной св. Імшы ў розных кутках краіны, мелі ў нашых сэрцах розныя інтэнцыі. Але раптам я, стоячы пры алтары ў якасці міністранта, пытаючыся ў Бога пра сябе, пра тое, што мне рабіць далей, які план Ён мае для мяне, пачуў у галаве салодкі жаночы голас, каторы назваў мне пэўнае імя. Сярод маіх знаёмых была толькі адна дзяўчына з такім імем. Я адразу ўспомніў пілігрымку, тыя радасныя моманты, пераадоленыя разам, тое пачуццё веры, поўнага даверу Маці Божай.
    Як аказалася, не адзін я ў той момант пра гэта ўспомніў і меў такія пытанні ў сэрцы. Мы зноў знайшлі адзін аднаго. Выйшлі на сувязь, сталі падтрымліваць кантакт, дзяліліся ўсім, што мелі на душы. І атрымлівалі зразумелыя толькі нам знакі з Неба. Калі нешта відавочна было немагчымым альбо цяжка ажыццяўляльным, усё раптам станавілася лёгкім, заставалася толькі радавацца і дзякаваць Богу. Так было амаль штодзень. Мы нанова пазнаёміліся тады, калі абодва былі да гэтага гатовыя. Тады, калі настаў час, вызначаны Найвышэйшым.
    Кожны з нас бачыў, што Бог стварыў нас адзін для аднаго, нягледзячы на ўвесь мінулы жыццёвы шлях, што гэта Маці Божая зноў нагадала нам адзін пра аднаго. І на гэты раз – для жыцця, супольнага жыцця ў веры, надзеі і любові да Бога і бліжняга. Мы вырашылі даверыцца Марыі канчаткова і скласці сужэнскія абяцанні перад Ёй у канцы той самай пілігрымкі, у якую Маці Божая нас калісьці накіравала, каб пазнаёміліся…
    Калі хтосьці думае, што Бог яго не чуе, ён памыляецца. Усемагутны чуе кожную просьбу, кожнае слова падзякі, і адорвае нас тым, чаго дакладна патрабуем. Мы не бачым поўную карціну таго, што адбываецца, але яе бачыць наш Стварыцель і любячы Айцец. А Маці Божая вядзе па жыцці і атуляе сваёй апекай. Даверыцца Богу – найлепшае рашэнне. Толькі з Яго прысутнасцю можна быць шчаслівымі. Няхай здзейсніцца воля Пана ў жыцці кожнага з нас. Марыя, вядзі нас!