“Мой крыж – маё натхненне”

На шляху да святасці

Кнігу вершаў пад такой назвай выдала Алеся Філіпава – парафіянка слонімскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У сваіх творах маладая жанчына і мама распавядае пра вялікую любоў да Бога, дзяцей і сваёй сям’і, да людзей і навакольнага свету.
Шлях да веры
    Аўтарка кнігі вершаў Алеся Філіпава нарадзілася ў г. Рэчыца, што на Гомельшчыне. На вялікі жаль, жанчына не можа пахваліцца тым, што з самага дзяцінства ёй прывівалі веру: бацькі былі непрактыкуючымі праваслаўнымі.
    “Памятаю сваё дзяцінства... Бабуля перад тым, як класціся спаць, заўсёды шаптала нейкія словы перад іконай. Гэта была выява св. Мікалая Цудатворцы. Але тады я гэтага не ведала, мне падавалася, што яна размаўляе з Богам. Мне таксама вельмі моцна хацелася маліцца, але я не ўмела, таму проста вяла размову з Богам у цішыні свайго сэрца, – распавядае Алеся. – Канешне, найбольш важныя хрысціянскія святы ў нашай сям’і адзначаліся. Напрыклад, на Вялікдзень хадзілі ў храм, каб асвяціць яйкі і кулічы. Толькі калі пасля сядалі за стол, ніхто не тлумачыў, навошта ўсё гэта”.
    Аўтарка ўзгадвае выпадак, калі аднойчы яе мама пачала распавядаць пра сваю знаёмую, якая збіраецца паехаць у Жыровіцкі манастыр. Алеся зацікавілася гэтым месцам, нават пэўны час разважала над тым, каб стаць манахіняй. Але Бог меў адносна яе іншыя планы.
“У 2005 годзе я скончыла філалагічны факультэт мазырскага педуніверсітэта. Планавала ўладкавацца выхавацелькай у дзіцячы садок, але мне прапанавалі працу фатографа. Калі праходзіла стажыроўку, пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які паходзіць са Слоніма, – успамінае Алеся. – Прыехаўшы ў яго родны горад, мы шмат гулялі па вуліцах. Памятаю, што мяне заўсёды цягнула ў касцёл св. апостала Андрэя. Мы зайшлі туды адзін раз, потым яшчэ і яшчэ... На той момант пробашчам быў а. Вітольд Жыльветра. Ён нас заўважыў, запрасіў на размову – і з таго моманту мы ўжо не пакідалі храм. Там была настолькі добрая атмасфера, што хацелася заставацца ў гэтых сценах як мага даўжэй”.
    Алеся гаворыць, што паступова ў яе выспела жаданне далучыцца да каталіцкай супольнасці. “Мы прыходзілі ў касцёл на сустрэчы, шмат размаўлялі з айцом. Рыхтаваліся з поўнай адказнасцю, бо разумелі, што робім вельмі важны крок у сваім жыцці. Найбольш узрушваючым стаў момант першай споведзі і Камуніі, – дзеліцца Алеся. – Нам, ужо дарослым людзям, трэба было адкрыць самыя патаемныя закуткі сваёй душы. Лічу, што вялікую ролю адыграў той факт, што мы з мужам, хоць і жылі сярод непрактыкуючых хрысціян, былі ахрышчаны. Таму Святы Дух усё ж дзейнічаў і прывёў нас туды, куды трэба. Мы разам выбралі гэтую дарогу. У касцёле св. апостала Андрэя ўзялі шлюб, там жа ахрысцілі свайго першынца. Для мяне вялікім выпрабаваннем веры стала хвароба мамы. Гэта быў вельмі няпросты перыяд: я мала малілася, крыўдзілася на Бога. Але пасля, калі матулі не стала, я неяк пераасэнсавала сваё стаўленне, зразумела, што не ўсё залежыць ад чалавека – на ўсё Божая воля”.
    Узгадваючы, як будавалася маладая сям’я Філіпавых, жанчына падкрэслівае, што пачыналі ў беднасці, сціпласці і прастаце, але, нягледзячы на гэта, былі самымі шчаслівымі. “Памятаю, аднойчы на Вялікдзень не маглі сабе дазволіць накрыць багаты стол – згатавалі звычайныя простыя стравы, але святкавалі з добрым настроем. Не адчувалі сябе ў нечым абдзеленымі, бо на першым плане быў духоўны аспект свята, а не пышнае ўбранства і гастранамічныя вынаходствы. Паступова з умацаваннем веры пачало прыбываць і на стале. І зараз за ўсё, што маем, дзякуем Богу. Таксама стараемся выхоўваць сваіх дзяцей так, каб людзі, гледзячы на іх, разумелі, што яны добрыя і адданыя хрысціяне. Для нас важна, каб сыны пачыналі свой дзень з малітвы, каб клаліся спаць, праслаўляючы Бога. І рабілі гэта не пад прымусам. Хочацца, каб яны навучыліся ісці праз жыццё поруч з Езусам”, –зазначае Алеся. Пасля таго, як у касцёле змяніўся пробашч, сям’я Філіпавых пачала наведваць касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, які месціцца бліжэй да іх дома. Пазнаёміліся і пасябравалі з кс. пробашчам Ігарам Анісімавым, пачалі па меры магчымасцей дапамагаць у парафіі.
    Алеся гаворыць, што служэнне мясцовых ксяндзоў дазволіла ёй упэўніцца ў тым, што святар – гэта пасланнік Бога: “Заклікаю ўсіх любіць і паважаць сваіх пастыраў, бо яны кормяць нас Божым словам і каштоўным Хлебам дзеля нашага збаўлення. Заклікаю маліцца, каб рукі ксяндзоў былі адкрытымі і гарачымі для дзялення з намі Божай любоўю”.
   
    “Мае вершы – гэта любоў,
   а любоў – гэта Бог!”

    Алеся адзначае, што яе паэтычны талент праяўляўся яшчэ ў дзяцінстве. Калі задавалі пісаць сачыненне, ёй заўсёды хацелася скласці верш. Пасля, у юнацкім узросце, яна перастала завастраць сваю ўвагу на гэтых здольнасцях. “Аднойчы я напісала вершпадзяку кс. Ігару Анісімаву. Потым нарадзілася яшчэ некалькі вершаў… Але яны ляжалі, схаваныя ў шуфлядзе, – гаворыць аўтарка. – У 2016 годзе наша парафія перажывала святыя місіі, якія праводзілі айцы рэдэптарысты Анджэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.
 Алеся Філіпава разам з мужам і дзецьмі падчас сустрэчы з а. Валерыем Мазюком   У якасці падзякі за магчымасць духоўнага аднаўлення я выйшла і прачытала ўласны верш. Памятаю, што а. Валерый быў вельмі ўражаны і папрасіў мяне паабяцаць, што выдам свой паэтычны зборнік, а ён тады стане першым чытачом. Я згодна кіўнула”.
    Аўтарка выношвала ідэю на працягу года, прасіла ў Бога падтрымкі, і, урэшце, узялася за працу. Натхненне часам прыходзіла ў зусім нечаканы момант – у дарозе, сярод ночы. Некаторыя радкі нараджаліся ў выніку нейкіх знакавых падзей. У выніку атрымалася невялікая па памерах кніжка, але напісаная ад душы. “Мае вершы – гэта мае малітвы, мой невялікі жыццёвы вопыт. Гэта мае падзенні і ўзлёты, якія я пераадольвала разам з Богам. У паэтычных радках заключана невялікая кропля ўдзячнасці за маё жыццё. А невялікая, бо нішто не можа быць большым і мацнейшым за Божую любоў. Мае вершы – гэта вера ў тое, што хтосьці захоча змяніць сваё жыццё, расхінуць сваё сэрца і, узняўшы рукі да Неба, з глыбокай верай прашаптаць: «Ойча наш…». Мае вершы – гэта надзея! Надзея на тое, што кожная мама на зямлі навучыць сваё дзіцятка маліцца. Надзея на тое, што кожны чалавек абавязкова набудзе жыццёвую мудрасць і навучыцца любіць сябе і бліжніх. Надзея, што людзі ў глыбокім пакаянні і малітве сарвуць ланцугі граху са сваіх душ і аб’яднаюцца з Хрыстом. Мае вершы – гэта любоў, а любоў – гэта Бог!” – гаворыць Алеся.
    Аўтарка таксама падкрэслівае, што ў працу над выданнем кнігі было ўцягнута шмат людзей, якія дапамаглі не толькі добрым словам ці карыснай парадай: “С. Віргінія Хацян CSFN пазнаёміла мяне з Таццянай Шэйно, якая зрабіла непаўторныя ілюстрацыі да маіх вершаў. Таксама дзякуючы намаганням манахіні чарнавы варыянт кніжкі трапіў да кс. Тадэвуша Крыштопіка. Ён дапамог знайсці тыпаграфію, якая пагадзілася надрукаваць мае вершы. Да гэтага шматлікія выдавецтвы адмаўляліся са мной супрацоўнічаць, бо бачылі, што кніга мае рэлігійны падтэкст. Так, дзякуючы ўсім неабыякавым людзям, 1000 асобнікаў майго зборніка вершаў пабачылі свет”. Алеся Філіпава друкавала кнігу за ўласныя сродкі, але не збіраецца яе прадаваць, каб вярнуць грошы: яна прызначыла кнігу на дабрачынныя мэты. Частку экземпляраў аддала а. Валерыю і с. Віргініі, некалькі асобнікаў перадала малітоўнай групе “У абарону жыцця”. Асноўная колькасць кніг будзе распаўсюджвацца ў парафіі ўзамен на ахвяраванні, якія будуць прызначаны на аднаўленне прыкасцёльнай брамы.