Мужныя і бясстрашныя

На шляху да святасці

Да 75-годдзя смерці бласлаўлёных мучанікаў II Сусветнай вайны
ІІ Сусветная вайна (1939–1945 гады) адбілася крывавай плямай у гісторыі чалавецтва. Гэта быў найбуйнейшы ўзброены канфлікт, дзеянні якога праходзілі на тэрыторыі 40-ка краін свету. Паводле розных ацэнак, за час ІІ Сусветнай вайны загінула ад 50-ці да 80-ці мільёнаў чалавек. Сярод іх – бласлаўлёныя мучанікі, якія свядома і дабравольна ішлі на смерць, каб уратаваць іншых людзей.
Дайце ружанец...
    За гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі гітлераўцы правялі больш за 140 карных аперацый. Фашысты палілі гарады і вёскі, расстрэльвалі мірнае насельніцтва, вывозілі жыхароў на прымусовыя працы ці на медыцынскія эксперыменты ў лагеры смерці. На думку гісторыкаў, страты на тэрыторыі Беларусі аказаліся нашмат большыя, чым у якой-небудзь іншай краіне свету. За час вайны тут загінуў кожны 3-ці.
    У іх шэрагу стаяць бласлаўлёныя мучанікі, якія акрапілі сваёй крывёю тутэйшыя землі. Каталіцкі Касцёл беатыфікаваў іх у 1999–2000 гадах. Мясцовыя вернікі горача звяртаюцца праз іх да Бога, верачы ў моц заступніцтва.
У 1943 годзе каля Навумавічаў, што на Гродзеншчыне, нямецкімі акупантамі былі жорстка расстраляны жыхары Гродна і Ліпска. Такім чынам гітлераўцы вырашылі адпомсціць за забіццё партызанамі нямецкага паліцая. Папярэдне былі складзены спісы, адбываліся масавыя арышты. У лік арыштаваных трапіла таксама сужэнства Станіслава і Ганны Бярнацкіх, якое чакала нараджэння дзіцяці. Мар’яна, маці Станіслава, з плачам кідалася ў ногі нямецкаму салдату і прасіла забраць яе замест цяжарнай нявесткі.
    Пасля непрацяглага побыту ў гродзенскай вязніцы маці разам з сынам і іншымі арыштаванымі вывезлі на фарты каля Навумавічаў, дзе 13 ліпеня 1943 года расстралялі. Вядома, што чакаючы пакарання, жанчына прасіла толькі аб адным: каб ёй далі ружанец.
    Ганна Бярнацкая нарадзіла дачку. Сёння праўнук Мар’яны Бярнацкай прыязджае на месца спачыну выратавальніцы роду. Штогод у ліпені туды вырушае пешая пілігрымка з Гродна.
   
    У ахвяру за тых, у каго Есць сем'і
    Шмат праблем гарнізону акупантаў падчас вайны стваралі партызанскія вылазкі. Узлаваныя гітлераўцы вырашылі спагнаць свой гнеў на мірных жыхарах Навагрудка. 18 ліпеня 1943 года яны арыштавалі каля 120-ці чалавек (па адных звестках, у асноўным бацькаў сямей, па іншых – жанчын і дзяцей). Родныя вязняў ішлі па суцяшэнне ў касцёл. Сёстры назарэтанкі, кляштар якіх знаходзіўся ў горадзе, горача маліліся аб выратаванні ўсіх і кожнага паасобку. Хадзілі чуткі, што дадому арыштаваныя жывымі не вернуцца. У сценах святыні манахіні прынялі для сябе нялёгкае рашэнне.
    Настаяцельніца кляштара назарэтанак с. Марыя Стэла звярнулася да нямецкіх улад з просьбай адпусціць арыштаваных, замяніўшы іх на сясцёр: “Мой Божа, калі патрэбна ахвяра жыцця, няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, у каго ёсць сём’і”. Замест пакарання людзей адправілі на прымусовыя работы ў Германію, а сясцёр вызвалі ў гестапа. Манахіні разумелі, што ідуць на смерць.
    Ноччу ў падвале камісарыята сёстры па чарзе маліліся, ляжалі крыжам на халоднай падлозе. На наступны дзень, на світанні 1 жніўня, 11 манахінь былі расстраляны ў лесе недалёка ад Навагрудка.
    Пасля вайны адбылася эксгумацыя цел сясцёр. Яны былі пахаваны ў адзінай магіле каля навагрудскага фарнага касцёла, потым астанкі перазахавалі ў саркафагу ў капліцы святыні. Штогод у жніўні на месцы мучаніцкай смерці сясцёр пілігрымы ўшаноўваюць памяць манаскага подзвігу.
   
    Пастух там, дзе авечкі
    Вялікая драма разгарнулася ў ліпені 1943 года на Міншчыне. Немцы распачалі аперацыю “Германн”, мэтай якой было знішчэнне партызанскага руху ў Налібоцкай пушчы. 19 ліпеня яны з’явіліся ў Пяршаях, каб адпомсціць мясцовым жыхарам за дапамогу партызанам, і выгналі каля 200 жыхароў з дамоў на вуліцу: жанчын – у адзін хлеў, мужчын – у другі. Фашысты мелі намер спаліць людзей жыўцом. Сярод іх былі таксама а. Ахілес Пухала і а. Герман Стэмпень, францысканцы.
    За дзень да гэтага камендант паліцыі, які жыў у доме пробашча мясцовай парафіі і быў католікам, папярэдзіў айцоў, каб тыя схаваліся, абяцаў дапамагчы ім уцячы. Але святары адказалі, што не могуць пакінуць сваіх вернікаў: “Якія ж мы тады пастыры? Пастух павінен быць там, дзе авечкі”.
    Айцы выйшлі да немцаў на перамовы, пасля чаго захопнікі выпусцілі людзей з хлявоў, выбраўшы сярод усіх каля сотні мужчын. Іх калонай пагналі ў бок Баравікоўшчыны. На чале калоны ішлі 2 святара. На месцы палонных сустрэлі немцы. Яны пачалі размову з айцамі. Праз нейкі час душпастыры супакоілі людзей, што тыя будуць жыць. Паблаславілі вернікаў – і больш іх ніхто ніколі не бачыў.
    Арыштаваныя не ведалі, што здарылася са святарамі. Мужчын пагналі далей у бок Мінска, але, на дзіва, недалёка за вёскай вызвалілі. Яны вярнуліся дадому, а манахаў нямецкія афіцэры застрэлілі ў хляве на ўскраіне вёскі, пасля чаго будынак спалілі. Ёсць сведчанні, што перад смерцю святары перанеслі страшныя пакуты.
    Памяць аб гэтым гераічным подзвігу жыве і сёння. Касцёл у Пяршаях мае статус санктуарыя бл. мучанікаў з ордэна францысканцаў а. Ахілеса Пухалы і а. Германа Стэмпеня. Штогод у ліпені сюды скіроўваюцца шматлікія пілігрымы, каб памаліцца ля рэліквій пакутнікаў.
   
    З вернікамі да канца!
    Жудасная трагедыя адбылася падчас вайны ў Росіцы на Віцебшчыне. 16–18 лютага 1943 года ў ходзе нямецкай карнай аперацыі пад цынічнай назвай “Зімовае чараўніцтва” вёска цалкам была вынішчана. Немцы хацелі стварыць на поўначы Беларусі мёртвую зону без населеных пунктаў шырынёй 30–40 км, каб пазбавіць партызан іх апорных кропак.
    Фашысты сагналі ўсіх жыхароў Росіцы, а таксама навакольных вёсак у мясцовы касцёл “для разбору”. Напаўраспранутыя зімой, без ежы і вады тысячы людзей са страхам чакалі вырашэння свайго лёсу. Выходзіць са святыні было дазволена толькі святарам. Кс. Юрый Кашыра і кс. Антоній Ляшчэвіч пад адзеннем прыносілі ў касцёл ваду і хлеб, які пяклі сёстры эўхарысткі. Аддавалі для падтрымання вогнішча касцёльнае ўбранства, каб сагрэць хоць бы дзяцей. Амаль бесперапынна спавядалі людзей, перад абліччам смерці хрысцілі і нават вянчалі. Як маглі, падтрымлівалі вернікаў. Калі карнікі прапанавалі святарам пакінуць месца аперацыі, захаваўшы сабе жыццё, тыя вырашалі застацца з людзьмі да канца. Такім чынам дабравольна пайшлі на смерць.
    Дзяцей, моладзь і здаровых дарослых немцы дэпартавалі ў лагер смерці Саласпілс (сёння тэрыторыя Латвіі), частку з іх – на працы ў Германію. Астатнія жыхары былі зажыва спалены ў вялікіх хатах і хлявах. А разам з імі і адважныя святары, якія не пакінулі сваю паству.
    На месцы аднаго з чорных кастрышчаў, дзе загінуў і кс. Юрый Кашыра, знойдзены рэшткі працэсійнага крыжа і абгарэлай рукі з заціснутым у далоні ружанцам.
    Двойчы ў год – у лютым і жніўні – у Росіцы збіраюцца пілігрымы. Са свечкамі ў руках яны ідуць апошняй дарогай пакутнікаў да брацкай магілы, каб ушанаваць памяць бязвінна загінулых людзей.
   
    Беларусь, асвечаная крывею пакутнікаў
Амаль 75 гадоў мінула, як на нашых землях Богу аддалі душы мучанікі ІІ Сусветнай вайны. Узведзеныя да ліку бласлаўлёных, яны з’яўляюцца для вернікаў прыкладам годнага хрысціянскага жыцця, бясстрашнасці і поўнага даверу Найвышэйшаму. Няхай іх заступніцтва перад Богам напоўніць нашы сэрцы мужнасцю і адвагай перад любымі цяжкасцямі.