Святарства – гэта не прафесія, а жыццё

Роздум - На шляху да святасці

Напярэдадні юбілею сваіх святарскіх пасвячэнняў ксяндзы, якія нясуць паслугу ў Гродзенскай дыяцэзіі, разважаюць пра сутнасць душпастырскай працы, складаныя моманты ў нялёгкім служэнні, а таксама пра неабходнасць нястомнага імкнення да дасканасці.
20 гадоў святарскай паслугі
   
Кс. Андрэй РадзевічНарадзіўся 12.11.1973 г. Паходзіць з парафіі Радунь. Закончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Святарскія пасвячэнні атрымаў 30.05.1998 г. з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. У 1998–1999 гг. служыў вікарыем парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. У 1999–2002 гг. вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце імя св. Яна Паўла ІІ на аддзяленні маральнай тэалогіі. У 2002–2003 гг. займаў пасаду архіварыя дыяцэзіяльнай курыі ў Гродне, выкладаў маральную тэалогію ў Гродзенскай ВДС. У 2003–2010 гг. з’яўляўся духоўным айцом семінарыі. У 2010–2011 гг. служыў рэзідэнтам парафіі Адамавічы, у 2011–2016 гг. – рэзідэнтам парафіі Рось. З 2016 г. з’яўляецца пробашчам парафій Бярозаўка і Мінойты.
Трыванне ў святарстве – гэта радасць
    Думаю, што самае важнае ў жыцці – адкрыць тое, да чаго цябе заклікае Бог. Калі чалавек распазнае волю Пана і верна яе выконвае, рэалізуючы сваё жыццёвае пакліканне, тады ён сапраўды шчаслівы.
    Часам ад людзей можна пачуць, што хтосьці выбраў прафесію святара. Я заўсёды падкрэсліваю, што святарства – гэта не прафесія, а жыццё. Ніхто ж не гаворыць, што працуе мужам ці бацькам. Ён проста з’яўляецца мужам, бацькам. Святар таксама проста з’яўляецца святаром. Не некалькі гадзін у суткі, але на працягу ўсяго свайго жыцця, днём і ноччу, таму што павінен быць для людзей і з людзьмі.
    Асаблівае задавальненне мне як святару прыносіць адчуванне, што я неабходны вернікам. Бачу гэта, калі людзі прыходзяць са сваімі радасцямі і праблемамі. Вялікае шчасце, калі я здольны ім дапамагчы.
    Маючы за плячамі 20 гадоў святарскай паслугі, прагну падзякаваць Хрысту за тое, што выбраў мяне для гэтай паслугі, за Яго кіраванне мной і надзеленую моц, а таксама за ўсіх людзей, якіх Стварыцель паставіў на маім святарскім шляху. Упэўнена магу сказаць, што кожны чалавек нейкім чынам паўплываў на маё жыццё, быў для мяне дарам Бога. Вядома, святар вялікую частку сябе аддае людзям, аднак і яны, у сваю чаргу, таксама многа даюць святару. Ведаю, як шмат людзей падтрымліваюць ксяндзоў сваёй малітвай. Гэта ўтварае сапраўдную супольнасць і моц Касцёла.
   
   30 гадоў святарскай паслугі
   
Кс. Цэзарый МіхНарадзіўся 27.10.1961 г. Паходзіць з Белай Падляскі (Польшча). Закончыў Папскі тэалагічны факультэт у Вроцлаве. Святарскія пасвячэнні атрымаў 21.05.1988 г. з рук кардынала Генрыха Гульбіновіча. Наступныя 3 гады служыў у Польшчы. У 1991 г. прыбыў у Гродзенскую дыяцэзію. У 1991–1996 гг. дапамагаў у душпастырскай працы пробашчу парафіі Прывалка. З 1999 г. з’яўляецца пробашчам парафіі Скідзель. Займаўся там будаўніцтвам касцёла. Святыня кансэкравана ў 2004 г. пад тытулам св. Юзафа рамесніка. З 1993 г. – натарыус касцёльнага суда ў Гродне, у 2001–2005 гг. – віцэ-афіцыял, з 2005 г. – афіцыял.
Не без цяжкасцей
    Як і кожная жыццёвая справа, святарства таксама палягае на нялёгкіх заданнях. Для мяне адным з такіх няпростых момантаў з’яўляецца паслуга споведзі. Цяжкасці заключаюцца ў тым, што шмат людзей прыступаюць да сакраманту пакаяння не толькі затым, каб ксёндз іх выслухаў, але і каб даў нейкую добрую параду адносна пэўнай жыццёвай праблемы. Гэта патрабуе вялікай ступені адказнасці і абавязацельства за пэнітэнта. Ускладняе сітуацыю і тое, што святар абмежаваны таямніцай споведзі, таму не можа звярнуцца за падказкай для вырашэння праблемы да кагосьці іншага. У сувязі з гэтым святар часта можа адчуваць псіхічнае абцяжаранне.
    Яшчэ адным няпростым заданнем у святарстве, на мой погляд, з’яўляюцца публічныя выступленні. Для ксяндза гэта заўсёды невялікі стрэс. Хочацца як найлепш пераказаць людзям важныя рэчы, бо яны базуюцца на Божым слове, таму з’яўляюцца вызначальнымі ў жыцці. Хочацца, каб яны глыбока пранікалі ў душу. Але не заўсёды ўсё можа атрымлівацца, як ты хацеў і планаваў. Таму кожны раз малюся перад прамаўленнем казанняў, каб Святы Дух напаўняў мяне сваім святлом, а сэрцы людзей адкрываў на Божую праўду. Стараюся маліцца таксама за пэнітэнтаў у іх цяжкіх сітуацыях. Аглядаючыся на 30 гадоў свайго святарства, дзякую Богу за тое, што столькі часу мог быць прыладай у Яго руках. Як мне здаецца, гэта вялікая ласка прызнання і даверу Стварыцеля.
   
   40 гадоў святарскай паслугі
   
Кс. прэлат Антоній ХанькоНарадзіўся 13.06.1949 г. Паходзіць з парафіі Жалудок. Закончыў Рыжскую духоўную семінарыю (Латвія). Святарскія пасвячэнні атрымаў 28.05.1978 г. з рук кардынала Юльяна Вайводса. Да 1992 г. з’яўляўся вікарыем парафіі Жалудок, абслугоўваў парафіі Васілішкі, Новы Двор, Ішчолна. У 1992–2017 гг. – канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі, у 2011–2013 гг. – генеральны вікарый. З 1992 г. – пробашч парафіі пабернардынскага касцёла ў Гродне.
Святар – прыклад для людзей
    Кожны, хто ступае на святарскі шлях, прагне быць добрым ксяндзом. Аднак такая пазіцыя патрабуе пастаяннага ўдасканалення: не існуе канчатковага прыпынку. Інакш, трэба заўсёды над гэтым працаваць.
    Мне здаецца, каб быць добрым святаром, патрэбна, у першую чаргу, быць добрым чалавекам. А асновы гэтаму закладаюцца з малых гадоў: спачатку варта быць добрым сынам, вучнем, сябрам… Вядома, каб добра несці святарскую паслугу, трэба выконваць яе згодна з касцёльным правам і літургічнымі прадпісаннямі, быць паслухмяным біскупу, набожным, умеркаваным. Неабходна штодня адгаворваць Брэвіярый. Малітва дае вельмі вялікую сілу святару: суцяшае ў цяжкія хвіліны, робіць яго больш спакойным і шчаслівым, нягледзячы на розныя складанасці, якія могуць напаткаць у жыцці.
    Душпастырская дзейнасць таксама патрабуе разумення: ксёндз павінен адчуваць людзей, не быць эгаістычным, але ахвярным і адданым. Заўважаю, як маладыя святары на пачатку свайго служэння хочуць паднесці Хрысту ўвесь свет. Хоць гэта і высакародны намер, ажыццявіць яго, на жаль, не атрымаецца. Чалавек – усяго толькі стварэнне Бога, такое яму не па сілах. Аднак прыкладаць да гэтага найбольшыя намаганні варта.
    Я б раіў маладым святарам жыць і працаваць паміж сабой згодна. Гэта складнік поспеху ў будаванні Божага Валадарства на зямлі. Неабходна ўсведамляць, што ўсе мы служым дзеля адной вялікай місіі збаўлення чалавецтва. Таму павінны быць прыкладам для людзей, павінны першымі імкнуцца да святасці, да якой пакліканы кожны чалавек.
   
Рэдакцыя “Слова Жыцця” віншуе ксяндзоў з нагоды юбілею святарскіх пасвячэнняў і жадае ім багатага плёну на ніве Пана!