Пераступіць праз сябе, каб даверыцца Езусу

На шляху да святасці

У пэўны горад прыехаў акрабат. Ён расцягнуў паміж 2-ма высоткамі канат. Знізу сабраліся людзі, зацікаўленыя гэтай падзеяй. Акрабат спытаўся: “Ці верыце, што я прайду па гэтым канаце і нічога са мной не зробіцца?”. Адны адказалі, што вераць. Іншыя мелі сумненні. Мужчына спрытна прайшоўся па канаце. Яго подзвіг быў узнагароджаны гучнымі воплескамі.
    Акрабат зноў стаў перад сабранымі, на гэты раз з тачкай. І зноў задаў пытанне: “Ці верыце, што я прайду па гэтым канаце з тачкай?”. Людзі, бачачы, што мінулым разам яму ўдалося і зрабіў гэта так лоўка, нібы ішоў па цвёрдай зямлі, у большасці крыкнулі што вераць, хоць і цяпер знайшлося некалькі недаверлівых. Акрабат зноў узабраўся на будынак і, піхаючы перад сабой тачку, без цяжкасцей прайшоўся па канаце.
Пасля гэтага мужчына задаў чарговае пытанне: “Ці верыце, што я прайду па гэтым канаце з тачкай, у якой будзе сядзець чалавек?”. Гэтым разам усе аднадумна пацвердзілі, што вераць. Тады акрабат спытаўся: “А хто з вас добраахвотна сядзе ў тачку?”. Навісла цішыня. Ніхто не хацеў рызыкнуць сваім жыццём і даверыцца ў рукі акрабату.
    Падобным чынам можа адбывацца таксама з нашай верай і даверам да Бога. Мы верым, што Усемагутны прагне дабра для кожнага, але так цяжка бывае аказаць поўны давер і адважна кінуцца ў абдымкі Айца будучы ўпэўненым, што Ён схопіць. Дык што азначае абсалютны давер? І чаму мы павінны ставіць Бога на найвышэйшую прыступку п’едэстала ў сваім жыцці, ускладаць на Яго надзею і веру?
   
    Давяраць Богу – значыць…
    • не баяцца Яго. Калі ўчынім грэх, калі не зможам справіцца са сваёй слабасцю, хочам схавацца ад Бога, так, як гэта зрабіў Адам у Раі. Саромеемся, баімся, што нас адштурхнуць, асудзяць. А Стварыцель, хоць Яго і абражае грэх, хоча, каб менавіта да Яго мы без боязі і з даверам прыйшлі. Так Езус сказаў св. Фаустыне: “Няхай не баіцца наблізіцца да Мяне слабая, грэшная душа, нават калі мае больш грахоў, чым пяску на зямлі. Усё патоне ў глыбінях Маёй міласэрнасці” (Дз. 1059). Не трэба баяцца аказваць давер Богу ва ўсім.
    • даручаць Яму сябе і сваё жыццё. Трэба мець упэўненасць, што Айцец міласэрны і Ён не адштурхне. Пры гэтым варта памятаць абяцанне Збаўцы: “Чым больш даверыцца душа, тым больш атрымае. Вялікім суцяшэннем для Мяне з’яўляюцца душы з бязмежным даверам, бо ў іх уліваю ўсе скарбы сваіх ласкаў” (Дз. 1578).
    • чакаць Яго дапамогі. У складаныя моманты неабходна разлічваць на падтрымку Бога, бегчы да Яго, як дзіця да маці. Не мець сумненняў, верыць, што Усемагутны стрымае абяцанні, заключаныя ў Божым слове, і не толькі адносна іншых, але і адносна мяне.
   
    Калі мы прымаем Хрыста як свайго Збаўцу, Божы Дух зыходзіць на нас, уваходзіць у нашыя сэрцы і застаецца ў іх. Гэта адно з найбольшых бласлаўленняў. Мы ж са свайго боку павінны ўважліва прыслухоўвацца да Яго голасу.
    Каб сапраўды давяраць Богу і чуць Яго голас, трэба рэгулярна чытаць Святое Пісанне. Разважаючы тэксты Старога і Новага Запавету, мы будуем у сабе моцны дух. Дзякуючы гэтаму можам чуць словы, якія Бог скіроўвае ў наша сэрца, і прымаць рашэнні згодна з Яго воляй, а не на аснове ўласных домыслаў і жаданняў. “Усім сэрцам даверся Богу, не спадзявайся на ўласны розум, думай аб Ім як аб дарозе – і Ён выраўняе твае сцежкі” (Прып 3, 5–6).
    “Езу, давяраю Табе!”. Прамаўляючы гэтыя словы, мы павінны засяроджвацца над іх асаблівым сэнсам і паўтараць іх з глыбокай свядомасцю. У той жа час варта разумець, што для Хрыста больш важна перакананне сэрца, канкрэтныя жыццёвыя рашэнні, утоеныя за гэтымі словамі.