Куды вядуць сцежкі памяці

На шляху да святасці

Колькі сябе памятаю, заўсёды ў жыцці мне спадарожнічалі ўспаміны пра дзядулю, расказаныя мамай і бабуляй. Гісторыі з часам станавіліся ўсё цікавейшымі і паўнейшымі. І вось надышоў час, калі я вырашыла падзяліцца імі з большым колам людзей.
    Рашэнне было прынята, калі з’явілася магчымасць паехаць у Меднае (Расія), дзе разам з іншымі з лагера ваеннапалонных у Асташкаве спачывае мой дзядуля Уладзіслаў Саковіч. Там, каля 200 км на паўночны захад ад Масквы, знаходзяцца польскія ваенныя могілкі, дзе месціцца 25 масавых пахаванняў. Я пазірала на выразаныя на камені імя і прозвішча дзядулі і думала, колькі ён мусіў перажыць і выцерпець, пакуль не спачыў у гэтай зямлі, так далёка ад сваёй Бацькаўшчыны. Думала таксама пра тое, як шчасліва ён жыў да пачатку вайны разам са сваёй сям’ёй і што планаваў...
    Гэтае апавяданне пра дзядулю будзе вельмі простым. А ілюстрацыяй да яго няхай стануць фрагменты верша аўтарства дзядулевай дачкі, маёй мамы Браніславы Саковіч.
Дзядуля нарадзіўся ў 1899 годзе ў невялічкай вёсцы Углы ў тагачасным Васілішкаўскім павеце (сёння гэта Шчучынскі раён на Гродзеншчыне). Меў 4-ых братоў і 2 сястры.
    У кожную нядзелю хадзіў з сям’ёй у касцёл. Выпісваў рэлігійныя часопісы і шмат чытаў. Вылучаўся зычлівасцю да людзей і шчырай верай у Бога. Пасля заканчэння школы вырашыў зрабіцца кавалём.
    Стаў дасканалым спецыялістам у сваім рамясле, за што заслужыў павагу і пахвалу ад людзей. “Працавіты і міласэрны” – так пра яго казалі. Падчас хваробы брата дзядуля аддаваў таму палову грошай, якія сам зарабляў цяжкай працай пры горне.

    Пабудуем домік, падрастуць дзеткі,
    Каля дому будзем садзіць кветкі.
    Мы самі маладыя, вырастуць дзеці,
    Весела нам будзе жыць на гэтым свеце.
   
 Надмагільная табліца Уладзіслава Саковіча ў мемарыяле “Меднае”  Дзядуля пастанавіў ажаніцца з маладзейшай на 10 гадоў жанчынай. Гэтае рашэнне было падмацавана пачуццямі, а таксама досведам ды адважным позіркам у будучыню. “Калі б хто глянуў у маё сэрца, то ведаў бы, як хачу мець сапраўдны дом і многа цяпла ў сям’і”, – гаварыў дзядуля.
    Трэба шмат цярплівасці і намаганняў, каб быў лад і парадак. Неабходна забяспечыць жыццё ў дастатку і жонцы, і патомкам. Як мужчына дзядуля павінен быў захоўваць справядлівасць падчас спрэчак, часам дакараць жонку і дзіця. Але стараўся рабіць гэта разумна і мудра павучаць жонку Казіміру.
    Трэба прыгадаць, што жыццё маладой пары спачатку не было лёгкім, таму што на працягу 9-ці гадоў яны жылі разам з дзядулевымі бацькамі і братамі, якія таксама мелі свае сем’і.
   
    Калі бацька з сям’ёю хату будавалі,
    То было ім цяжка – дзяцей малых мелі.
    А тата прыгаворваў: “Не сумуй, Казюта,
    Што дзеці – драбнота!”.
   
    Каб паўстаў новы дом, трэба было самому павыкарчоўваць дрэвы і падрыхтаваць пляц пад будаўніцтва. З дапамогай сям’і і знаёмых дом нарэшце быў гатовы. Ранняй восенню 1936 года дзядуля з жонкай і ўжо 3-ма дзеткамі пераехалі ва ўласны дом. Менавіта там мая мама Браніслава, дарэчы, вельмі падобная да бацькі з выгляду і характарам, пазнавала свет.
    Малую Броню і іншых дзяцей “татуля” навучаў граматыцы, чытанню, расказваў байкі, правяраў, як вывучылі вершы на памяць. Вечарамі, калі ўся сям’я збіралася ля стала, дзядуля спрабаваў планаваць будучыню сваіх дзяцей: “Ты, Бронечка, пойдзеш у кляштар, а ты, Маня, будзеш настаўніцай...”. І мая мама гатова была стаць манахіняй, як хацеў “татуля”. Аднак жыццё ўсё расставіла па месцах інакш...
   
    А татачка кажа: “Не плачце, галубочкі,
    На вайне я буду не больш за тры гадочкі.
    Разам вы маліцеся Антонію святому,
    Каб хутчэй вярнуўся я да вас, дадому”.
   
 Звон польскай галгофы ў Медным   У 1939 годзе Уладзіслаў Саковіч разам з тысячамі іншых мужчын стаяў у шэрагах салдат, каб абараняць свабоду Айчыны і сям’і. Перад тым, як адправіцца на вайну, дзядуля раптам прыгадаў пэўны свой сон. Вось, нібы ён знаходзіцца ў закрытым пакоі і моліцца Богу. Нечакана адчыняюцца дзверы ў наступнае памяшканне, дзе стаіць Пан Езус у акружэнні мноства людзей, якія вымольваюць у Яго прабачэнне. Сын Чалавечы маўчыць, а людзі ўпрошваюць дзядулю заступіцца за іх. Ён звяртаецца да Хрыста з мальбой дараваць грахі гэтым сабраным.
    У маўчанні схіляючы галаву, Езус згаджаецца на гэта.
    Ці быў гэты сон падставай, каб сказаць жонцы: “Я не вярнуся з вайны, а ты паклапоцішся пра дзяцей”? Якое ж страшнае гэта было прадчуванне! Перад тым, як пакінуць родны дом, дзядуля не спаў усю ноч, рыхтуючы гаспадарку да надыходзячай зімы. Раніцай даваў парады жонцы і дзецям, як пражыць без яго. Больш за ўсіх плакаў малодшы сын, а жонка з трывогай думала, як сама справіцца з 4-мі дзецьмі і з 5-ым малечай, што неўзабаве павінна нарадзіцца.
    Што ж... Пайшоў на вайну. Сям'і засталося толькі чакаць і спадзявацца, што ён вернецца жывы. Са змрочнай ваеннай далечыні дайшло толькі некалькі лістоў. У адным з іх дзядуля пісаў: “Пра мяне не турбуйцеся. Вы, дзеці, маліцеся. Міхаська няхай слухаецца Маню, Маня хай слухаецца Броню, а астатнія – дапамагаюць маме”. З адрасу на канверце можна было даведацца, што пісьмы адправілі з горада Крывы Рог (Расія). Пазней след дзядулі знік. Колькі слёз праліла мая бабуля, колькі начэй не спала, колькі лістоў потым пісала ў Чырвоны Крыж, каб хоць што-небудзь даведацца пра мужа. Усё дарэмна.
   
    Чаму ж не вяртаешся, муж мой адзіны?
    Хіба забілі цябе ў Катыні...
   
    Дзіўныя метамарфозы лёсу. На пачатку 1960-х гадоў малодшы сын Уладзіслава паехаў на заробкі на ўсход Расіі. Выпадкова спаткаў там мужчыну, які спярша доўга да яго прыглядаўся, а потым запытаў: “Ты часам не Уладзіслаў Саковіч?”. Мой дзядзька адказаў, што ён сын Уладзіслава. З апавядання незнаёмца вынікала, што той пазнаўся з дзядулем у лагеры ваеннапалонных. Мужчына расказваў, як Уладзіслаў збіраў вакол сябе людзей на малітву, дапамагаў тым, хто сумняваўся, стараўся захаваць сілы і веру ў тое, што дажыве да канца гэтай мукі і вернецца да сям’і. Не ўдалося. Разам з тысячамі іншых яго расстралялі ў няволі і пахавалі ў супольнай магіле.
    Я стаяла побач з гэтай магілай, а дождж змываў слёзы са шчок. Я не ведала дзядулю асабіста, але ён быў для мяне вельмі блізкі дзякуючы шматлікім апавяданням бабулі Казіміры і мамы. Быў, ёсць і застанецца ў маёй памяці. Таму мне хацелася б, каб і Вы даведаліся яго гісторыю.
    Дзядуля паўтарыў лёс тысяч людзей, што былі верныя Богу, Бацькаўшчыне і сям’і.
    Вечны адпачынак дай ім, Пане...