Што мы гаворым?

На шляху да святасці

У беларускай мове нямала ўстойлівых выразаў, якія ўжываем не задумваючыся. Сярод іх – з узгадваннем д’ябла або імем Бога ў неадпаведным кантэксце. На першы погляд можа здавацца, што нічога пагрозлівага ў тым няма, але гэта памылковая думка.
Часам на некаторыя пытанні людзі адказваюць нібы проста: “Чорт ведае што” або “Чорт яго ведае”. Але любое згадванне нячыстага не можа застацца незаўважаным тым, хто ў гэтым непасрэдна зацікаўлены, г. зн. самім д’яблам. У наступны раз эксперт па нядобрых справах будзе гатовы “патрэбным” чынам падказаць на чарговае пытанне, бо “ведае што”. Чалавек вымушаны гэта выслухаць, таму што, як вынікае, давярае яму.
    У эмацыйных выразах “Што за чорт?”, “Якога д’ябла?” таксама згадваецца нячысты. Падобным чынам у сітуацыях з ужываннем фармулёвах тыпу “Адзін чорт”, “Чорта з два”, “Нічарта”. Атрымліваецца, на языку зноў жа “павіс” д’ябал. Трэба не забываць аб тым, што любая спасылка на яго актывізуе нядобрыя сілы да дзейнасці.
    Ёсць таксама выразы, якія выкарыстоўваем з пажаданнямі зла. Можа, ніколі не задумваемся пра гэта, бо ўжываем словы машынальна, па прывычцы. “Ціпун табе на язык” азначае, што нехта жадае, каб у другога на языку з’явілася балючая язва. “Каб на цябе ліха”, “Каб на цябе немач якая”, “Трасца табе ў бок” або “Халера яго бяры” гавораць самі за сябе.
Падобным чынам выкарыстоўваем фармулёўку “Ідзі к чорту”. Напэўна, не хочам адпраўляць адрасата да нячыстага, робім гэта несвядома. І нават не заўсёды прамаўляем словы ў гневе, вельмі часта жартаўліва. Але не ўсё дзеля смеху бяспечна.
    Здараецца, пра сябе гаворым: “Чорт вазьмі”, “Чорт пабяры”. Гэты імгненны і, здавалася б, бяскрыўдны парыў з’яўляецца своеасаблівым запрашэннем д’яблу да перадачы сябе ў яго рукі. Такім чынам можна самавольна і дабравольна наклікаць бяду. Выказванні тыпу “Ашалець”, “З глузду з’ехаць” таксама з гэтай катэгорыі. Чалавек робіць сабе нядобрае пажаданне.
  
Нездарма кажуць: языку дай волю – завядзе ў няволю.

   Са слоў “Мяне бесіць” напрошваецца вывад, што асоба прызнае, нібы ўнутры ў яе жывуць нячыстыя сілы. Можна таксама “загуляцца” і не заўважыць, як д’ябал выкарыстоўвае гэта дзеля сваіх мэт. Або перанесці негатыў на бліжняга, спытаўшы: “Дзе цябе чэрці носяць?”.
    Вельмі часта людзі выкарыстоўваюць выраз “Бог любіць тройцу”. Па-першае, патрэбна адзначыць, што Бог і ёсць Тройца: Айцец, Сын і Святы Дух. Гэтую праўду веры рэгулярна паўтараем у малітвах на кожнай літургіі. Па-другое, недарэчна выкарыстоўваць падобны выраз пры любой магчымасці, асабліва калі нешта не датычыць Боскага трыадзінства. А пачуць яго можна найчасцей калі робіцца нейкая 3-я спроба, і трэба з поспехам завяршыць пачатую справу.
    Нейкія выразы можам выкарыстоўваць у кантэксце легкадумна, з-за чаго яны часам набываюць негатыўную афарбоўку. Напрыклад, здараецца сітуацыя, калі няшчасце абмінае нас асабіста, але закранае бліжняга. На радасцях парою гаворым “Дзякуй Богу”. Але ці няма ў гэтым крывадушнасці? Падобны выраз “Усё не дзякуй Богу” ўвогуле ў корані не адпавядае рэчаіснасці. Хрысціяне павінны прымаць праўду аб тым, што на ўсё воля Усявышняга, Божая веліч праяўляецца ў кожнай справе згодна з Яго Провідам.
  
“Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна” (Зых 20, 7).

   Аналагічна з выразамі “Не дай Бог”, “Барані Божа” і “Няхай Бог крые”. Па сваёй сутнасці яны не адлюстроўваюць нейкі дрэнны намер. Але дастаткова толькі выкарыстаць іх у неадпаведным кантэнксце – і ўсё адразу змяняецца.
    “Не дай Бог, ты сеў на маё месца” або “Барані Божа, яшчэ раз нам сустрэцца”, “Няхай Бог крые ад такой цешчы”. Не варта пры любой аказіі хавацца за спіну Усемагутнага – “Богам прашу”. Выраз можа ўжывацца абгрунтавана ў выпадках надзвычайнай неабходнасці.
    Такім чынам, можам назіраць тэндэнцыю, як падобныя выразы становяцца паразітамі ў мове хрысціяніна. Замест таго, каб узбагачаць гаворку па-сапраўднаму духоўным сэнсам, чалавек нядобрым чынам уплывае на сваё жыццё за кошт слоў, якія ўжывае не па прызначэнні.
   
    Самавольна, хоць і несвядома. Але Бог не для таго даў чалавеку язык, каб па неасцярожнасці ім можна было сабе нашкодзіць. Таму варта быць вельмі ўважлівымі да таго, што гаворым.