Адпачынак для дзяцей: з карысцю для цела і душы

На шляху да святасці

Для большасці бацькоў летнія канікулы суправаджаюцца з’яўленнем новых клопатаў. Чым заняць дзіця, каб яно не праводзіла ўвесь вольны час у тэлевізары або за камп’ютарам? Як зрабіць адпачынак не толькі прыемным, але і карысным, каб і самі былі спакойныя, і дзеці задаволеныя?
    Над гэтымі пытаннямі сёння разважаюць госці рэдакцыі “Слова Жыцця”, якім па доўгу службы даводзіцца мець зносіны з дзецьмі і іх бацькамі.
“СЖ”: Які адпачынак неабходны дзіцяці летам?
    В. Парада: Дзіця мае патрэбу ў змене абстаноўкі. Яму неабходны і карысны новыя эмоцыі, каб “перазагрузіцца” да пачатку наступнага навучальнага года.
   
    В. Толкіна: Згодна са статыстыкай медаглядаў, дзеці сучаснага пакалення часта хварэюць на вірусныя інфекцыі. А лета – выдатная магчымасць, каб пастарацца павысіць імунітэт маладога арганізма. Для гэтага трэба загартоўвацца, займацца спортам, прытрымлівацца рэжыму дня і правільна харчавацца.

 Вольга Парада - педагог-псіхолаг   М. Жыбартовіч: Да таго ж, дзіцяці, як і кожнаму чалавеку, неабходны час, каб аднавіць фізічныя і духоўныя сілы. Пра гэта нам выразна гаворыць Евангелле: Езус і Апосталы таксама адпачывалі.
   
    “СЖ”: На што бацькам трэба звярнуць асаблівую ўвагу пры арганізацыі летніх канікул для сваіх дзяцей?
    М. Жыбартовіч: Можна назіраць, як многія бацькі стаяць перад дылемай: як добра арганізаваць дзецям летні адпачынак. Шанцуе тым, у каго на вёсцы ёсць дзядулі і бабулі. Праблему можна лічыць нібы вырашанай: свежае паветра, смачная ежа без хіміі, цёплая атмасфера сярод блізкіх. Некаторыя імкнуцца адправіць дзяцей у лагер. Але далёка не ўсе маюць такую магчымасць. І тады многія дзеці, на жаль, “растрачваюць” свае канікулы на сядзенне ў гаджэтах…
   
    В. Толкіна: Гэта сапраўдная драма ў нашы дні! Сёння, прыйшоўшы са школы, большасць дзяцей утаропліваюцца ў экраны камп’ютараў, планшэтаў, смартфонаў. На гэты занятак імі затрачваецца, у сярэднім, каля 6-ці гадзін у дзень. Хто ў гэтым вінаваты? Пытанне рытарычнае. Але нам усім, як мне здаецца, неабходна задумацца над тым, як пераламаць сваю і дзіцячую свядомасць на карысць таго, што будучыня залежыць ад самога чалавека, дабрабыт ствараецца ім самім.
   
    В. Парада: Вядома, пакуль дзіця з’яўляецца непаўналетнім, адказнасць за яго нясуць бацькі, якімі бы дарослымі не хацелі здавацца маладыя людзі.
    Як паказвае мая практыка працы школьным псіхолагам, летам падлеткамі часцей за ўсё здзяйсняюцца правапарушэнні. Бацькі зна- ходзяцца на працы, а дзіця аказваецца прадастаўленым самому сабе. Крадзяжы, распіццё спіртных напояў, кіраванне транспартным сродкам без права на гэта – найбольш распаўсюджаныя праступкі сярод непаўналетніх. Бацькам варта быць вельмі асцярожнымі, праводзіць з дзецьмі прафілактычныя бяседы. Абавязкова размаўляць аб мерах бяспекі на вадаёме, у лесе і пра тое, як трэба сябе паводзіць, калі застаешся дома адзін.
Вікторыя Толкіна - педыятр   
    “СЖ”: Вашы рэкамендацыі бацькам наконт таго, якім чынам арганізаваць адпачынак сваім дзецям максімальна эфектыўна?
    В. Толкіна: Як мага больш гуляць! Дзіцяці карысна пахадзіць басанож па траве, па пяску. Тады актывізуецца мноства нервовых канчаткаў, размешчаных на ступні. Арганізм загартоўваецца, павышаецца імунітэт. Раю займацца воднымі працэдурамі. Калі ўзімку даводзіцца задавольвацца басейнам, то ўлетку ёсць магчымасць плаваць у адкрытых вадаёмах, спецыяльна прызначаных для купання. У выніку ўмацоўваюцца мышцы цела, паляпшаецца пастава. Катайцеся на веласіпедзе. Пры рэгулярных нагрузках кроў цыркулюе хутчэй, насычаючы клеткі кіслародам. І не забудзьцеся “зараджацца” вітамінамі. Спажывайце шмат агародніны, садавіны, ягад.
   
    В. Парада: Дзеці яшчэ доўга памятаюць пра тое, як правялі лета. Рэкамендую насыціць праграму канікул новымі ўражаннямі. Галоўны пункт – сумеснае баўленне часу. Гуляйце ў парку, лесе, вывучайце флору. Як гаварыў св. Дон Боска, пад кіраўніцтвам дарослых дзеці і падлеткі сёння могуць спазнаць любоў да жыцця, прыйсці ад экалогіі да свядомасці, ад стварэння да Творцы. Будуйце разам замкі з пяску, кідайце ў вадаём каменьчыкі. Запусціце на адкрытай мясцовасці паветранага змея. Чытайце разам кнігі. Яны дапамагаюць трэніраваць памяць, развіваюць вобразнае мысленне. Схадзіце ў паход. Арганізуйце сумеснае наведванне кінатэатра ці тэатра, парка атракцыёнаў. Памятайце, не так важна, дзе вы правядзеце адпачынак з сям’ёй, галоўнае, што гэты час – неацэнны. Ён здольны падарыць дзіцяці незабыўныя ўспаміны, да якіх ён будзе вяртацца яшчэ не адзін раз.
   
 Марына Жыбартовіч - катэхэтка   М. Жыбартовіч: Важна, каб канікулы былі не толькі прыемнымі, але і карыснымі духоўна. Летам (і не толькі) многія парафіі прапануць дзецям і моладзі т. зв. “Канікулы з Богам”. Гэта сустрэчы пры касцёле, якія ўключаюць супольную малітву, катэхезу ў незвычайнай форме, забавы, а таксама дыскатэкі, экскурсіі і шмат чаго іншага. Трэба адзначыць, што такія канікулы папуляр- ныя не толькі сярод практыкуючых маленькіх вернікаў. Да іх часта далучаюцца дзеці, якія не ходзяць у касцёл або на катэхетычныя заняткі.
    Для моладзі Касцёл арганізоўвае адпачынак у палатках – рэкалекцыі на прыродзе. Галоўнае, каб бацькі не адбівалі ахвоту дзяцей перажываннямі тыпу “як жа ты там, мой сыночак, будзеш начаваць у палатцы?” ці “там жа вады гарачай няма, як, дачушка, валасы памыеш?” і г. д. Такія моманты загартоўваюць і рыхтуюць маладых людзей самастойна пераадольваць перашкоды. Моладзь вучыцца быць уважлівай да іншых, вучыцца клапаціцца пра бліжняга. Як паказвае вопыт, тыя, хто не пабаяўся цяжкасцей, доўгі час памятаюць аб такім спосабе адпачынку.
    Для самых актыўных і таленавітых таксама ёсць прапанова – Парафіяда дзяцей і моладзі. Яе праграма ўключае разнастайныя конкурсы і спаборніцтвы, заснаваныя на трыядзе “Святыня – Тэатр – Стадыён”. Асабліва цікавыя фіналы Парафіяды ў Варшаве, дзе збіраецца каля паўтары тысячы ўдзельнікаў з розных краін свету. Перш за ўсё, гэта знаёмствы і ўражанні. Да таго, адкрываюцца новыя гарызонты ў асабістым развіцці, духоўным узрастанні.
    І, канешне, пілігрымкі! Усёй сям’ёй! Разам ідзём, спяваем, молімся. Радасныя і адкрытыя на Бога і бліжняга бацькі – жывы прыклад веры для дзяцей і моладзі. І хоць камфорту мінімум, на нагах мазалі, на целе “калгасны” загар, але сэрца настолькі насычаецца духоўнымі вітамінамі і запалам, што іх хапае на яшчэ вельмі доўгі час.
   
    Прыемнага, карыснага і цікавага адпачынку!