Некалькі фактаў пра міласэрнасць

На шляху да святасці

“Чым больш грэшны чалавек, тым больш у яго праў на Божую міласэрнасць”.                    Св. Фаустына Кавальская, місіянерка Божай міласэрнасці

Колькі ўжо сказана пра міласэрнасць!
    Са старонак рэлігійнай літаратуры і амбона, з якога прамаўляе святар, яна ўяўляецца выратавальнай сілай, гаючым лекам для сучаснага секулярызаванага грамадства.
    Заплюшчваеш вочы – і бачыш анёла, які гатовы здзейсніць нешта прыемнае.
    На самой жа справе ў міласэрнасці часта брудныя рукі, апушчаная галава або пусты кашалёк.
    Прапануем азнаёміцца з некаторымі характарыстыкамі сапраўднай любові да бліжняга – высакароднай, самаадданай, бязмернай.

   Міласэрнасць – гэта любоў у Богу да людзей
    Згодна з хрысціянскай дактрынай, любоў да Нябеснага Айца набывае ў сэрцы чалавека сапраўднае значэнне, толькі становячыся любоўю ў Богу да людзей. Таму міласэрнасць, насамрэч, дагаджае не чалавеку, а Усемагутнаму. Дабрадзей бачыць у бліжнім вобраз Божы. Нягледзячы на недахопы і заганы чалавека, гэтая праўда выходзіць на першы план. Такім чынам, міласэрнасць глядзіць не вачыма, а сэрцам. Без выключэння і раздзялення. А паколькі кожная душа створана па падабенстве Усявышняга і мае ў сабе Яго часцінку, то павінна самаадвольна імкнуцца да дабра праз дапамогу бліжняму. За гэтай тонкай абалонкай утоена натуральнае людское шчасце, якое палягае на тым, каб адкрывацца на чалавека, несучы яму святло і цяпло.

    Міласэрнасць заўсёды ўключае элемент альтруізму
    Шчырыя намеры чалавека, які ажыццяўляе добрую справу, звязаны з дабравольным ахвяраваннем сваімі інтарэсамі, часам, матэрыяльнымі і духоўнымі сродкамі дзеля карысці бліжняга. Ён імкнецца аддаваць, клапоціцца, нічога не патрабуючы ўзамен. Дабро, зробленае іншаму, адчувае нават больш прыемным, чым калі б учыніў яго сабе. Такія паводзіны грунтуюцца на маральнасці, якая выплывае з ідэі доўгу хрысціяніна перад бліжнім: варта любіць іншага чалавека, як самога сябе. І гэта нават не ўстойлівая пазіцыя (бо можна любіць сябе і менш, чым іншага), а хутчэй стымул задаволіць існуючую прагу душы.
   
    Шчырая міласэрнасць часцей за ўсё спантанная
    Можна штомесячна рабіць адлічэнні на рахунак дабрачыннага фонду або рэгулярна дапамагаць нейкаму чалавеку ў патрэбе. Вядома, усё гэта з’яўляецца праяўленнем міласэрнасці, але ж яна базуецца на разліку. Крыху вышэй за дадзеныя справы – спантанныя ўчынкі, зробленыя па клічу сэрца. Так, напрыклад, сілай унутраных пабуджэнняў можна падтрымаць выпадковага прахожага, які трапіў у цяжкае становішча. У гэтым і заключаецца істотная розніца: чалавека штурхае да дзеяння не розум, а сэрца.
   
    Міласэрнасць па-сапраўднаму не разлічвае на ўзнагароду
 “Міласэрнасць –  гэ- та вялізная сіла, якая злучае і аб’- ядноўвае людзей.  Яна збліжае мацней  за кроўнае сваяцтва і сяброўства”.  Св. Маці Тэрэза, заснавальніца каталіцкай Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Любові   Па сваёй сутнасці дабрачыннасць – справа бескарыслівая. “Няхай не ведае левая рука твая, што робіць правая” (Мц 6, 3), – гаворыцца ў Святым Пісанні. Звычайна той, хто здзяйсняе міласэрнасць у адносінах да бліжняга, імкнецца зрабіць гэта сціпла, у таямніцы. Не шукае пахвалы або ўдзячнасці, бо атрымаўшы ўшанаванне на зямлі, не атрымае ў небе.
   
    Няма вялікіх і малых спраў міласэрнасці
    Добрыя ўчынкі немагчыма параўноўваць паміж сабой: міласэрнасць не ведае меры. Для чалавека часам большую карысць прыносіць трапнае слова, чым дапамога ў паляпшэнні матэрыяльнага становішча. Але гэта з’яўляецца вялікай таямніцай для дабрадзея, якая, мажліва, адкрыецца яму толькі ў вечнасці.
   
    Міласэрнасць не ведае межаў
    Нельга сказаць, што ёсць якісьці ліміт на здзяйсненне добрых спраў. Міласэрнасць павінна быць спосабам жыцця хрысціяніна. Уважлівы і чулы вернік імкнецца скарыстасць любую магчымасць, каб падставіць сваё плячо падтрымкі, тым самым стаўшы прыладай для ажыццяўлення святой Божай волі.
   
    Міласэрнасць зразумелая кожнаму
    У свеце, дзе так шмат культур і нацыянальнасцей, людзям часам цяжка знайсці агульную мову. Здараецца, што хтосьці няправільна расцэньвае словы субяседніка, не належным чынам успрымае яго паводзіны. Міласэрнасць жа з’яўляецца ўніверсальным сродкам зносін для людзей рознага месца жыхарства, узросту, сацыяльнага становішча і г. д. Асоба, якая намагаецца здзейсніць добрую справу, бачыцца з працягнутай адкрытай далонню. Ад яе зыходзіць зычлівасць і бяспека. Такі чалавек выклікае давер.
   
    Атрымліваецца, міласэрнасць – гэта не штосьці неахопнае, а канкрэтны высілак, заснаваны на воклічы сэрца. Шчыра робячы добрую справу, чалавек забываецца пра сябе, час і тое, што адбываецца навокал. Не задумваючыся, узбагачаецца духоўна. Хто хоць аднойчы спазнаў смак любові Божай да бліжняга, таму ўжо не даводзіцца нудзіць сябе на жэст міласэрнасці. Ён як следства выцякае з прычыны – любові. І чым больш дасканалая любоў, тым больш поўная і дасканалая міласэрнасць.