Шануй, барані і любі чалавечае жыццё

На шляху да святасці

25 сакавіка ў каталіцкім Касцёле ў чарговы раз адзначылі ўрачыстасць Звеставання Пана, а разам з ёй – Дзень святасці жыцця. Ужо больш за 10 гадоў ён праходзіць у многіх краінах свету з мэтай абуджэння ў сумленнях грамадскасці сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця ў любым яго стане.
Жыццё – гэта святасць
    У пастырскім пасланні на сёлетнюю ўрачыстасць Звеставання Пана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адзначыла, што чалавечае жыццё ад яго пачатку да натуральнай смерці асвечана Богам і належыць Яму. Таму сёння трэба супраціўляцца ывілізацыі смерці, пагардліваму стаўленню да годнасці чалавечага жыцця, як таксама і несправядлівым законам, што абмяжоўваюць свабоду сужэнцаў у рашэннях адносна перадачы жыцця. У сваім лісце каталіцкія іерархі падкрэслілі, што права на існаванне дзіцяці, якое развіваецца ва ўлонні маці, з’яўляецца непарушным, таму ніякім чынам нельга прымаць негатыўныя рашэнні ў адносінах да яго, як быццам бы гаворка ідзе пра частку цела жанчыны.
У гэтым кантэксце біскупы ўзгадалі словы папы Францішка, які навучае: “Неістотна, будзе табе адпавядаць гэтае новае жыццё ці не, мае яно ў сабе рысы, якія табе падабаюцца, ці не, адпавядае тваім планам і марам ці не. Дзеці – гэта дар. Кожнае дзіця выключнае і непаўторнае. Дзіця любяць таму, што гэта дзіця: не таму, што яно прыгожае, альбо таму, што яно такое і такое, але таму, што гэта дзіця! […] Кожную цяжарную жанчыну з любоўю прашу: дбай пра сваю радасць, няхай ніхто не адбірае ў цябе ўнутранай радасці мацярынства. Гэтае дзіця заслугоўвае тваёй радасці. Не дазволь, каб страх, няпэўнасць, каментарыі іншых асоб альбо клопаты пагасілі шчасце быць Божай прыладай, каб унесці ў свет новае жыццё” (AL, 170–177).
   
Асобы, якія далучыліся да духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці, могуць карыстацца мабільным памочнікам “Усынаві жыццё”. Дадатак, створаны польскім “Фондам малых ножак”, паўстаў, каб сучасным і простым спосабам пашыраць свядомасць усынавіцеляў аб развіцці чалавека перад яго нараджэннем, узмацняць з ім сувязь, прыгадваць пра штодзённую малітву. Духоўныя бацькі маюць доступ да фатаграфій з ультрагукавых даследаванняў (з 6-га тыдня), могуць паслухаць біццё сэрца дзіцяці (з 3-га тыдня) і прачытаць штодзённае пасланне малога, які з радасцю расказвае пра свой свет. Усё гэта спрыяе таму, што людзям, якія моляцца, лягчэй стрымаць 9-месячнае абяцанне.

    У Беларусі на 100 родаў прыпадае 25 абортаў
    Дадзеная праблема дагэтуль застаецца вельмі вострай у Беларусі. Каментуючы з’яву абортаў, каталіцкі Касцёл падкрэслівае, што гэта ні што іншае, як генацыд народу, бо “рука Ірада” ў медыцынскіх кабінетах або праз выкарыстанне фармацэўтычных абартыўных прэпаратаў забівае ненароджаных дзяцей.
    Pro-life, або рух “У абарону жыцця”, вылучае некалькі асноўных матываў перарывання цяжарнасці.
    • Нежаданне браць на сябе адказнасць як з боку мужчыны, так і з боку жанчыны.
    • Нестабільныя і неадэкватныя адносіны маці з бацькам зачатага дзіцяці.
    • Жорсткія рэпрадуктыўныя рамкі: “трэба спачатку давучыцца, а потым нараджаць”, жаданне мець канкрэтную колькасць дзяцей і інш. Часам прыходзіцца абараняць дзіця ад яго ўласных мамы і таты, родных, якія кажуць: “Навошта пладзіць галечу!”.
    • Прыярытэт іншых каштоўнасцей: самарэалізацыя, самадастатковасць, пашырэнне спажывецкіх магчымасцей. Сёння наяўнасць дзяцей не лiчыцца незвычайным дасягненнем.
    • У свядомасці грамадства дзеці – гэта пастаянныя трывогі. Соцыум навязвае больш прывабныя ўстаноўкі: “Жыві з задавальненнем”, “Бяры ад жыцця ўсё”. Таму жанчына часта гатова зрабіць аборт, каб захаваць свой псіхалагічны камфорт.
   
    Абараняць зачатае жыццё – заданне, якое Бог даручае кожнаму чалавеку
    Супрацівам пагардліваму стаўленню да годнасці чалавечага жыцця з’яўляюцца ўсякага роду ініцыятывы Касцёла ў Беларусі: розныя формы адукацыі, парафіяльныя сямейныя кансультацыі, малітоўныя і душпастырскія групы, мэтай якіх з’яўляецца падтрымка сем’яў. Менавіта дзякуючы іх малітве і старанням многія жанчыны, што вырашылі зрабіць аборт, усвядомілі каштоўнасць і годнасць жыцця, якое носяць пад сваім сэрцам, і ў выніку нарадзілі дзіця.
    Сярод шырока распаўсюджаных у нашай краіне ініцыятыў – духоўнае ўсынаўленне. Гэта абяцанне канкрэтнай асобы, дадзенае Богу, зместам якога з’яўляецца малітоўны абавязак у інтэнцыі ратавання дзіцяці ва ўлонні маці, якому пагражае небяспека і імя якога вядомае толькі Богу.
    Сутнасць духоўнага ўсынаўлення заключаецца ў спецыяльнай штодзённай малітве ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў, адгаворванні адной з таямніц Ружанца, а таксама дабравольна прынятых рэлігійных практыках (напрыклад, ахвяраванні св. Камуніі, посце, выкананні спраў дабрачыннасці).
    Гэтая акцыя з’яўляецца дзейсным спосабам выратавання зачатых дзяцей, прыход на свет якіх знаходзіцца ў сур’ёзнай небяспецы. Аднак варта памятаць, што як у кожным бацькоўстве, так і духоўным усынаўленні патрэбна любоўі адданасць дзіцяці. Трэба мець свядомасць, што гэта не проста рашэнне.
    У той момант, калі чалавек прымае пастанову маліцца ў інтэнцыі ненароджанага, бярэ на сябе адказнасць за маленькага чалавека.
   
    “Калі хоць адна мама перадумае і дасць свайму дзіцяці шанс нарадзіцца, нашыя намаганні недарэмныя”
    Такой думкі прытрымліваюцца ўдзельнікі гродзенскай малітоўнай групы “У абарону жыцця” – людзі з адкрытым сэрцам, неабыякавыя да жыцця самых слабых і безабаронных. Сёлета дзякуючы іх намаганням у парафіях горада былі арганізаваны адмысловыя набажэнствы Крыжовага шляху. Падчас іх члены малітоўнай групы разам з вернікамі не толькі разважалі над мукай Езуса Хрыста, але таксама закраналі пытанні абортаў, адмовы ад дзяцей з асаблівасцямі развіцця, вартасці ўсынаўлення, любові і прабачэння. “Нам трэба вучыцца будаваць натуральнае і гарманічнае сужэнства, заснаванае на любові і ўзаемапавазе. Бараніць чалавечае жыццё, асабліва ранімае ў мацярынскім улонні, бо дзеці – гэта Божы дар, які трэба прымаць з падзякай і адказнасцю”, – адзначыла падчас Крыжовага шляху “У абарону жыцця” ўдзельніца групы Аліна Санько. Жанчына заахвоціла вернікаў стаць на бок нявінных і далучыцца да малітоўнага руху.
   
Чарговыя набажэнствы Крыжовага шляху “У абарону жыцця” ў Гродне:
   
    31 сакавіка
    18.00 – парафія св. Францішка Ксаверыя (катэдра)
    18.30 – парафія Святога Духа (Альшанка)
   
    7 красавіка
    18.00 – парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка)
    18.00 – парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (Аўгустовак)