Сужэнства ў святле Божага слова

На шляху да святасці

Сям’ю абараняе VI Божая запаведзь: “Не чужалож”. Яе парушэнне – якім бы рамантычным і прыгожым часам не здавалася чалавеку – у выніку знішчае сем’і, а разам з імі шчасце ды супакой. Прыняцце граху нячыстасці як штодзённай нормы жыцця вядзе да таго, што асоба становіцца абыякавай да дабра і зла, а ў выніку адыходзіць ад Бога. Хоць запаведзь аб захаванні чыстасці знаходзіцца ў Дэкалогу на 6-ым месцы, часцей за ўсё яна з’яўляецца першай у спіску здзяйсняемых цяжкіх грахоў і прычын страты стану ласкі Божай.
Пра сям’ю шмат гаварыў св. Ян Павел ІІ, паколькі лічыў яе фундаментам, на які апіраецца людское шчасце. Дзякуючы яму сям’я стала коранем вучэння Касцёла. У пачатку лютага бягучага года прэфект Кангрэгацыі веравучэння кардынал Герхард Людвіг Мюлер у інтэрв’ю для часопіса “Il Timone” сказаў, што сужэнства з’яўляецца сакрамантам, таму “ніякая ўлада на небе ці на зямлі, ні анёлы, ні Папа, ні сабор ці дазвол біскупаў не маюць улады, каб гэта змяніць”.

    Што гаворыць Езус пра сужэнства?
    Евангелле перадае словы Хрыста, у якіх выразна сказана, як Усемагутны глядзіць на кожную сям’ю: “«На пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае!». У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць»” (Мк 10, 6–12). Езус гаварыў сваім слухачам: “Вы даследуеце Пісанні, бо думаеце, што ў іх вы маеце жыццё вечнае” (Ян 5, 39), а таксама “Пісання нельга адхіліць” (Ян 10, 35). Такім чынам, немагчыма змяніць вучэнне нашага Пана пра сям’ю.
    У Адкрыцці св. Яна чуем словы ўваскрослага Хрыста, які не згаджаецца з распустай і чужаложствам. Езус любіць чалавека і чакае яго навяртання. Але ў той жа час сцвярджае, што такія ўчынкі “ненавідзіць” і ніколі іх не адобрыць. Звяртаецца да біскупа Эфеза: “Але добра тое, што ты ненавідзіш учынкі нікалаітаў, якія і Я ненавіджу” (Ап 2, 6). Нікалаіты дазволілі сабе распусныя норавы, прымалі жыццё ў вольных саюзах без бласлаўлення Касцёла.
    Падобным чынам уваскрослы Збаўца скіроўвае да біскупа Тыятыры вельмі вострыя словы з-за маўчання, якое стала правінай, бо такім чынам дапускаў амаральныя прынцыпы ў яго супольна- сці. Гаворыць таксама пра наступствы трывання ў граху: “Але Я маю супраць цябе тое, што ты дапускаеш жанчыну Езабэль, якая называе сябе прарочыцай, навучае і зводзіць Маіх слугаў, каб чыніць распусту і спажываць ахвярапрынашэнні ідалам. Я даў ёй час апамятацца, але яна не хоча адвярнуцца ад сваёй распусты. Вось кіну яе на ложа, а тых, хто распуснічае з ёй, аддам пад вялікі ўціск, калі не адвернуцца ад сваіх спраў. І дзяцей яе знішчу смерцю. І пазнаюць усе Касцёлы, што Я той, хто даследуе нутро і сэрцы, і адплачу кожнаму з вас паводле ўчынкаў ягоных” (Ап 2, 20–23). Таму не зной- дзем у словах Езуса ніякага прыняцця разводу і трывання ў новым саюзе, які Ён выразна называе “чужаложствам”.
    У Апакаліпсісе Хрыстос прыгадвае, што Балаам навучыў Балаака, цара Маоба, “каб стварыць спакусу для сыноў Ізраэля, каб яны спажывалі ахвярапрынашэнні ідалам і распуснічалі” (Ап 2, 14). Адыход ад Бога павінен быў стаць наступствам прыняцця граху супраць чыстасці.
   
    Што пра сужэнства гавораць Апосталы?
    Св. апостал Павел выразна і адназначна казаў пра святасць шлюбу. Для яго непадзельнасць сужэнства настолькі відавочная, што параўноўваў саюз мужчыны і жанчыны ў шлюбе з непарыўнай і вечнай еднасцю Хрыста з Касцёлам: “Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Пану, бо муж – галава жонкі, як і Хрыстос – Галава Касцёла. Ён – Збаўца цела. Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім. Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго, ачысціўшы купеллю вады ў слове, каб ён з’явіўся перад Ім слаўным Касцёлам, які не мае плямы, ці заганы, ці чаго-небудзь падобнага, і каб ён быў святы і беззаганны. Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
    Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстос свой Касцёл, бо мы часткі Цела Ягонага. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Вялікая таямніца гэтая, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла!” (Эф 5, 22–32).
    У Першым Пасланні да Карынцянаў Апостал прыгадвае словы Езуса пра сужэнства: “Тым жа, хто ажаніўся, не я наказваю, але Пан, каб жонка не адыходзіла ад мужа. Калі ж адыдзе, то няхай застаецца без мужа, ці паяднаецца з мужам [сваім]. Муж таксама няхай не пакідае жонкі. [...] Жонка звязаная столькі часу, колькі жыве яе муж. Аднак, калі памёр яе муж, яна можа выйсці замуж за каго пажадае, каб толькі ў Пану” (1 Кар 7, 10–11. 39).
   
    Як глядзелі на сужэнства першыя хрысціяне?
    Няма ніякіх сумненняў, што калі хочам знайсці прыклад для пераймання ў гісторыі, то найлепшым узорам веры і святасці для нас будуць першыя хрысціяне. Яны, жывучы сярод вялікай свабоды звычаяў язычнікаў, заставаліся сапраўднай “соллю зямлі і святлом свету”.
    У Старым Запавеце здзяйсненне цяжкага граху прыводзіла да адназначнага выключэння вінаватага з Выбранага Народу і асуджэння на смяротнае пакаранне. Гэта былі наступныя правіны: парушэнне шабату, блюзнерства, забойства і чужаложства. Апастазію, забойства і чужаложства хрысціяне трактавалі як вельмі сур’ёзнае зневажэнне Бога. Дадзеныя грахі вялі за сабой забарону прыняцця св. Камуніі. Да VI ст. адпушчэнне цяжкага граху можна было атрымаць толькі раз у жыцці. Пасля яго вызнання перад біскупам грэшнік, адправіўшы доўгую, часта шматгадовую пакуту, мог прыступіць да св. Камуніі.
    У час адпраўлення пакуты ён не мог не толькі прымаць Цела і Кроў Хрыста, але нават прысутнічаць на св. Імшы з моманту Ахвяравання. Нікому не прыходзіла ў галаву ўспрымаць тагачасную практыку Касцёла як “бязлітаснае правіла”, “прыніжэнне годнасці чалавечай асобы” ці “абмежаванне праў чалавека”, таму што і той, хто здзяйсняе пакуту, і біскуп, які яе накладваў, бачылі ў пакаянні і паяднанні Божую міласэрнасць і паратунак для душы.
    З VI ст. Касцёл увёў практыку шматразовай пакуты, але ніколі не змяняў навуку Езуса.
   
    Ці можна змяніць вучэнне Хрыста аб сужэнстве?
    Ніхто не можа гэта зрабіць і адначасова застацца ў еднасці з Езусам, бо змяненне Яго навукі вядзе да разарвання сувязі з Богам.
    Каб выратаваць Галатаў ад страшнай памылкі змены вучэння Хрыста, св. Павел заклікаў: “Але калі б нават мы ці анёл з неба пачалі абвяшчаць вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты! Як раней мы казалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто абвяшчае вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што вы прынялі, няхай будзе пракляты!” (Гал 1, 8–9). Напрыканцы варта прывесці словы ўваскрослага Збаўцы з апошняга раздзела Апакаліпсіса: “Я, Езус, паслаў Майго анёла засведчыць вам пра гэта ў Касцёлах. [...]
    Я сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі. Калі хто-небудзь дадасць да гэтага нешта, Бог спашле на яго бедствы, апісаныя ў гэтай кнізе. А калі хтонебудзь выкіне нешта са слоў кнігі прароцтва гэтага, Бог адкіне яго ад дрэва жыцця і выкіне са святога горада” (Ап 22, 16. 18–19).