Даць церпячым надзею і ўпэўненасць у Божым суцяшэнні

На шляху да святасці

11 лютага - Сусветны дзень хворых
Калі ў Хрыстовым целе, якім ёсць Касцёл, церпіць адна частка, разам з ёю пакутуюць і ўсе іншыя часткі (параўн. 1 Кар 12, 26). Таму асабліва каштоўнай з’яўляецца міласэрнасць да хворых і ўсякі сардэчны клопат пра іх. Вялікую ролю ў аказанні палёгкі хворым адыгрываюць, у першую чаргу, урачы. Аднак не варта забывацца пра тое, што не менш значная роля ў падтрымцы людзей, якія пакутуюць ад розных захворванняў, адводзіцца іх блізкім, а таксама шпітальным душпастырам. Менавіта яны ўмацоўваюць хворых словамі і малітвай, даручаюць іх церпячаму і праслаўленаму Пану.
Месца, дзе шукаюць паратунку і супакою
    Сёлета спаўняецца 7 гадоў ад моманту асвячэння капліцы свсв. Космы і Дам’яна, што знаходзіцца ў Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы – месцы, дзе людзі сустракаюцца з хваробай і цярпеннем, судакранаюцца з рэчаіснасцю, якой дагэтуль не ведалі.
Шпітальная капліца адкрыта кругласутачна. Тут ці непасрэдна ў палатах удзяляецца сакрамант намашчэння хворых па просьбе саміх пацыентаў альбо іх блізкіх. Кожны дзень у капліцы цэлебруецца св. Імша (у буднія дні ў 15.00, у нядзелю ў 12.30), існуе магчымасць прыступіць да сакраманту паяднання. Таксама тут ёсць абраз Езуса Міласэрнага, перад якім штодзённа адмаўляецца Вяночак да Божай міласэрнасці.
    На набажэнствах заўсёды збіраецца шмат людзей, якія прагнуць сустрэць Бога – Найвышэйшага Лекара. Яны прыходзяць у капліцу, каб паспавядацца, просяць памаліцца за іх, замаўляюць св. Імшы. Часам хочуць проста пагаварыць са святаром. Таму я заўсёды даступны для пацыентаў і медперсаналу, рады ім дапамагчы ў вырашэнні розных жыццёвых праблем. Вельмі цаню магчымасць несці паслугу сярод хворых і тых, хто ім служыць.
   
    Не толькі аблегчыць цялесныя цярпенні, але і вылечыць душу
    Хворы чалавек чакае хуткай і эфектыўнай дапамогі. Па меншай меры такой, якая дасць яму магчымасць нармальна функцыянаваць у навакольнай рэчаіснасці. Гэтыя чаканні канкрэтным чынам павінен апраўдаць урач: ён мусіць быць тым, хто праз свае дзеянні і веды дапаможа чалавеку вярнуць страчанае здароўе.
    Святар, у сваю чаргу, павінен прысвяціць свой час хвораму, аднесціся да чалавека з павагай і цярплівасцю, зычліва паразмаўляць з ім, абмеркаваць складаную сітуацыю. Паколькі падчас паслугі душпастыр сустракае ў бальніцы розных людзей, яму нельга абмяжоўвацца выключна выкананнем пастырскіх абавязкаў: адпраўленнем св. Імшы, удзяленнем Камуніі... Адным словам, трэба рабіць усё тое, што і кожны святар: умець супакоіць, падбадзёрыць, аслабіць напружанасць паміж хворым і яго сям’ёй, часам проста ўзяць пацыента за руку і пабыць побач з ім. А ў тыя моманты, калі рыходзіцца трываць пры безнадзейна хворым чалавеку, неабходна праявіць такт і спачуванне, акуратна падказаць сям’і хворага, як з ім развітацца. Гэта вельмі цяжка, бо мы не любім адчуваць сябе бездапаможнымі.
    Якасці, якімі павінен валодаць шпітальны душпастыр, нідзе не прапісаны, ім не навучаюць. Таму трэба штодзённа фарміраваць характар і прыпамінаць сабе, каму мы павінны служыць. Слова “служба” з’яўляецца найбольш прыдатным у адлюстраванні сутнасці такой працы. Толькі сумленнае служэнне хворым людзям можа стаць сапраўдным прызваннем.
   
    Хвароба – заўсёды вялікі вопыт
    Прабыванне ў шпіталі часамі адкрывае чалавеку вочы на важныя рэчы, якія дагэтуль былі адкінуты на задні план, дазваляе задумацца аб уласным жыцці, яго мэце і сэнсе. Гэта таксама шанс на аднаўленне кантакту з Богам, які нярэдка пакідаўся без увагі дзясяткі гадоў. А часам знаходжанне ў бальніцы суправаджаецца ўнутраным бунтам, неразуменнем Божай волі. У сэрцы чалавека адбываецца барацьба. Таму для адных хвароба і цярпенне з’яўляюцца магчымасцю руплівага адчування прысутнасці Пана ў малітвах і сакрамантах, а для іншых – часам адыходу ад Бога і адмаўлення Яго Провіду.
    Працуючы ў шпіталі, штодня чую пытанні: “Чаму я хварэю?”, “Чаму менавіта я?”, “Ці пакуты маюць сэнс?”. Цярпенне спатыкае нас усіх. Няма ніводнага чалавека, які б на працягу свайго жыцця не адчуваў болю. Часта здараецца, што цярпенне знікае разам з хваробай, але тое, што чалавек перажыў, пакідае ў душы след. Людзі становяцца больш адчувальнымі на пакуты бліжніх, адкрываць іншыя каштоўнасці ў жыцці, набліжаюцца да Бога праз малітву, пачынаюць усведамляць, што яна прыносіць супакой, дапамагае зразумець некаторыя рэчы, а пачуццё блізкасці Усявышняга дае моц трывання і ўказвае дарогу ратунку. Калі чалавек церпіць, Бог прапануе выратавальнае вымярэнне перажывання цярпення. Выбар належыць самому чалавеку.
   
    Кожны хворы патрабуе надзеі
    Выражэннем любові да хворага з’яўляецца не толькі шчыры клопат аб ім, але і псіхалагічная падтрымка з боку блізкіх і сваякоў. Яна выражаецца ў прысутнасці, гатоўнасці слухаць нават непрыемныя, горкія словы, у будаванні ў хворым надзеі.
    Асоба адчувае падтрымку, калі можа адкрыць сваё сэрца, думкі і пачуцці, не баючыся незразумення. Але каб дапамога была эфектыўнай, яна мусіць быць дадзена і прынята. Калі хворы замыкаецца ў сабе, выражае толькі свой жаль, расчараванне і нязгоду з цярпеннем, а таксама чакае магічнага выздараўлення, падтрымка не прынясе чаканага выніку. Тады блізкім застаецца толькі быць побач, трываць пры хворым і чакаць хоць самага дробнага жэсту адкрытасці на дапамогу.