Зняволеныя грахом

На шляху да святасці

Святар прыносіць у турму катэхізісы, малітоўнікі, ружанцы

Людзі, якія трапляюць у турму, становяцца “лішнімі” і непатрэбнымі ў грамадстве, але застаюцца аднолькава важнымі для Нябеснага Айца. Праз святароў Ён скіроўвае да вязняў неабходнае слова і запэўнівае, што ў іх заўсёды ёсць шанс навярнуцца і выправіцца.
“Неспакойныя” душы
шукаюць Бога

    Раней духоўную апеку над вязнямі перыядычна неслі святары, якія служылі ў Гродне. Сярод іх кс. Юзаф Трубовіч, кс. Антоній Абухоўскі, кс. Юзаф Лой SCJ. У 2000 годзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч блаславіў на душпастырскую працу з вязнямі а. Казіміра Жыліса SJ. Незадоўга ён стаў капеланам у турме. “Калі першы раз прыйшоў туды, пачуў, што святар непатрэбны, – узгадвае а. Казімір. – Але атрымаў дазвол прыходзіць раз на тыдзень на 2 гадзіны... Аднак гэта не работа! У турме на той час было каля 1200 вязняў. За адведзены час атрымлівалася сустрэцца з 2-3 зняволенымі. Пачаў наведвацца кожны дзень. Да абеда і пасля”.
    Спачатку святар заходзіў у камеры, прапанаваў сакраментальную паслугу. Складаў спісы. А потым у турме для душпастыра выдзелілі асабісты кабінет. Цяпер асуджаны павінен папярэдне напісаць заяву, каб трапіць на сустрэчу з айцом. І яны прыходзяць. Хтосьці проста паразмаўляць, каб час ішоў хутчэй. А хтосьці сапраўды шукае Бога, бо разумее, што для яго гэта адзінае выратаванне. “Большасць зняволеных увогуле не чула пра Хрыста, – гаворыць а. Казімір. – Але калі б не турма, то, магчыма, і не адкрыла б Яго для сябе. Вязніца дала зняволеным магчымасць сустрэцца са святаром, які паказаў верны шлях, прапанаваў «патрэбную» літаратуру, удзяліў сакраманты”.
Здараліся розныя выпадкі. “Аднойчы падлетак заявіў мне: «Калі купіш гадзіннік, пахрышчуся», – успамінае а. Казімір. – А я яму адказаў, што не таргуюся Богам, да веры трэба прыйсці дабравольна. Пазней ён-такі прыняў хрост. І я падарыў хлопцу гадзіннік. Хоць не абяцаў”.
    Многія навярнуліся ў турме. Толькі на працягу першых трох гадоў існавання душпастырства было ахрышчана 190 вязняў. Сярод іх – 5 мусульман. Нават 3 шлюбы адбыліся за кратамі! На споведзь штомесячна прыходзіла па 40 чалавек. Некалькі гадоў таму ў кожнай камеры стаяла радыёкропка. Дзякуючы гэтаму вязні слухалі па панядзелках св. Імшу, падчас якой душпастыр асабіста да іх прамаўляў. Пасля рамонту ў турме прыстасаванні знялі.
   
    У турме цяжка быць добрым
    Сярод вязняў шмат і мужчын, і жанчын. Нямала падлеткаў. Узроставыя рамкі – 14–80 гадоў. Беларусы, рускія, палякі, літоўцы. Многія знаходзяцца ў вязніцы не ў першы раз. Паводле статыстыкі, пераважная большасць злачынстваў здзяйсняецца ў нецвярозым стане. Шмат хто звязваецца з дрэннай кампаніяй. “Да ўсіх прыходжу, – гаворыць а. Казімір. – Нікога не баюся. Наведваў і хворых на туберкулёз, СНІД. Страху няма, бо я іду са Святым Духам!”.
    Звычайна душпастыр пачынае размову з пытанняў: “За што пакараны?” і “Веруючы ці няверуючы?”. Далей распачынаецца дыялог. Часта зняволеныя спрачаюцца са святаром. Некаторыя злуюцца, калі з імі жорстка і прама размаўляюць. “Быў у маёй практыцы адзін «цяжкі» чалавек, – распавядае а. Казімір, – серыйны забойца Фама. На волі не літаваўся над людзьмі, рабаваў, пазбаўляў жыцця. Спярша мяне баяліся пускаць да яго. А пасля пакідалі нас адзін на адзін, без ахоўнікаў. Мы бачыліся штотыдзень. Я прамаўляў да яго, тлумачыў нейкія рэчы. Начальства ўсё дапытвалася: «Навошта ты з гэтым д’яблам сустракаешся? Ці тут штосьці дапаможа?». Праз паўгода я яго пахрысціў. Той так і не выйшаў з турмы. Прасядзеў за кратамі 14 гадоў. Там і памёр ад раку лёгкіх”.
    Але пазнаць Бога – адно, жыць па Яго законах – другое. У турме рэчаіснасць іншая і іншая свядомасць. “Тут свой уклад і парадак, – распавядае Дзмітрый. – Дабрыню і міласэрнасць успрымаюць як слабахарактарнасць. Таму з ваўкамі жыць – па-воўчы выць. І калі раптам сярод ваўкоў апынецца авечка, яе проста з’ядуць. Таму я схлушу, калі скажу, што трымаюся Божых запаведзяў, хоць і ведаю аб іх. Я жыву згодна сумленню ў меру тых абставін, у якіх знаходжуся. Але веру, што калі выйду на волю, распачну ўсё нанова”.
   
    Людзі не хочуць дараваць асуджаным
    Грамадства з пагардай і агідай адносіцца да былых вязняў. Калі тыя спрабуюць уладкавацца ў жыцці, апынаюцца адрынутымі і нікому не патрэбнымі. Няма жылля, працу знайсці немагчыма. “Многія вяртаюцца назад, – са шкадаваннем заўважае а. Казімір. – Гавораць, што няма сэнсу мучыцца, калі можна зноў здзейсніць злачынства і трапіць у турму, дзе накормяць, напояць, ёсць, дзе прытуліць галаву. І такіх пераважная большасць. Надзея ёсць у тых, хто мае жыллё, бацькоў, жонку ці мужа, дзяцей. Ім ёсць за што «зачапіцца». А калі ніхто не чакае? Яны выходзяць на вуліцу і не ведаюць, што рабіць далей”.
    Раней на пачатковым этапе дабрачыннае таварыства “Карытас” падтрымлівала былых зняволеных адзеннем, прадуктамі. Цяпер дапамога абмяжоўваецца купляй білета ў патрэбным напрамку. “Я сам ужо раздаў усё, што мог: адзенне, кнігі, дыскі, касеты, – гаворыць а. Казіамір. – Адзін з тых, хто выйшаў і не вярнуўся назад, перыядычна заходзіць да мяне. Дапамагаю, чым магу. Такі час... І «нармальнаму» чалавеку цяжка знайсці працу, то што ж казаць пра былога вязня”.
   
    Бог прабачае ўсё
    Сёння а. Казімір па стане здароўя радзей наведвае турму. Абслугоўвае выключна самых небяспечных злачынцаў і рэцыдывістаў. У гэтай справе яму дапамагае кс. Валерый Быкоўскі. Ён займаецца тымі, хто знаходзіцца пад следствам або здзейсніў злачынствы нявялікай цяжкасці. Разам яны (кс. Валерый яшчэ будучы дыяканам) распачыналі апеку над вязнямі ў ваўкавыскай турме. Цяпер туды даязджае кс. Юрый Канапелька.
    “Няма граху, якога б Бог не адпусціў, – падагульняе а. Казімір. – Нездарма Ён міласэрны – усё прабачае. Нават самы «апошні» чалавек можа быць збаўлены. Трэба толькі пакаяцца, шчыра паспавядацца, выказаць намер выправіцца і намагацца не паўтараць мінулых памылак. А калі толькі кракадзілавыя слёзы праліваць... Не дапаможа. Калі з вязніцы граху святару ўдасца выратаваць хоць адну душу, падняць чалавека з каленяў, яго служэнне было таго вартае”.