Па слядах Яна Паўла ІІ у Гродзенскай дыяцэзіі

Роздум - На шляху да святасці

22 кастрычніка прыпадае літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ, першага Папы славянскага паходжання. Гады яго пантыфікату (1978–2005) сталі самымі яркімі ў амаль двухтысячагадовай гісторыі Касцёла. Святы Айцец здзейсніў неймаверную для кіраўніка царквы колькасць замежных візітаў, дамогся прадстаўніцтва Ватыкана ў ААН. Выступаў супраць адмены цэлібату, абортаў і аднаполых шлюбаў. Яшчэ пры жыцці Пантыфік набыў вялікую папулярнасць і павагу ва ўсім свеце. У яго гонар у сотнях гарадоў розных краін былі названы вуліцы, універсітэты, школы, бальніцы... Які след Ян Павел ІІ пакінуў у Гродзенскай дыяцэзіі?
Некалькі гадоў таму ў Смаргоні паўстала парафіяльная супольнасць св. Яна Паўла ІІ. У 2014 годзе там быў асвечаны фундамент касцёла ў гонар святога. У мінулым годзе – капліца ў Цэнтральным раённым шпіталі ў Міхалішках. У Сапоцкіне і Макараўцах імем Яна Паўла ІІ названы вуліцы. У Васілішках і Войстаме святому пабудаваны помнікі. Існуе надзея, што помнік хутка можа з’явіцца і ў горадзе над Нёманам.
    На цэнтральнай плошчы ў Іўі ў 2012 годзе ўсталяваны памятны знак у гонар дружбы і адзінства рэлігій. Ён уяўляе сабой 4 велічныя стэлы з аркамі, прысвечаныя католікам, праваслаўным, мусульманам і юдэям. На каталіцкай арцы размешчана фігура Яна Паўла ІІ у папскім уборы з узнятай на бласлаўленне рукой. “Святы Айцец быў той асобай, якая яднала людзей. Таму менавіта яго фігуру змясцілі на помніку ў якасці запавету нашчадкам”, – заўважае пробашч іўеўскай парафіі свсв. апосталаў Пятра і Паўла кс. Ян Гавецкі.
У 10-ю гадавіну заснавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне была адкрыта актавая зала ім. Яна Паўла ІІ. Такім чынам кіраўніцтва выразіла павагу да Папы, які ў 1991 годзе выдаў булу “Qui operam” аб стварэнні Гродзенскай дыяцэзіі. Актавы зал з’яўляецца самым вялікім памяшканнем у семінарыі. У яго сценах праходзяць шматлікія асветніцкія, адукацыйныя і культурныя мерапрыемствы.
 Кожная арка помніка ў Іўі разгорнута ў бок святыні  адпаведнай рэлігіі   Амаль 10 гадоў пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне дзейнічае мастацкі тэатр ім. Яна Паўла ІІ. У яго склад уваходзяць 30 акцёраў ва ўзросце 5–18 гадоў. Маладыя артысты ўдзельнічаюць у арганізацыі парафіяльных культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. “Караль Вайтыла быў вялікім аматарам тэатральнага мастацтва, – распавядае мастацкі кіраўнік тэатра ім. Яна Паўла ІІ Марына Жыбартовіч. – Ён удзельнічаў у школьных пастаноўках і нават хацеў у будучым стаць акцёрам або драматургам. Немагчыма ўявіць лепшага апекуна тэатра. Хоць на той час Папа яшчэ не быў святым, але яго прыклад, а цяпер і нябеснае заступніцтва, дапамагаюць нам у рэалізацыі натхненняў Святога Духа”. На працягу 4-х гадоў у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля праводзіцца творчы конкурс, прымеркаваны да ўспаміну Яна Паўла ІІ. Каля 30-ці ўдзельнікаў ва ўзросце 8–62 гадоў прадстаўляюць свае працы ў намінацыях “апавяданне”, “верш”, “пластычная праца”, “калаж”, “ручная праца”, “мультымедыйная прэзентацыя”. “Ян Павел ІІ змяніў кірунак у свеце, – гаворыць ініцыятар конкурса, культуролаг парафіі Віялета Кавальчук. – Пра такое нельга забыцца. Да таго, Папа вельмі блізкі нам сваёй традыцыяй, верай. Многія жылі яго пантыфікатам!”.
    З 2005 года ў дыяцэзіі праходзіць футбольны турнір памяці Яна Паўла ІІ. Па традыцыі ў ім удзельнічаюць маладыя людзі з каталіцкіх парафій ад 17-ці гадоў. За ўвесь час на спаборніцтвах выступілі 126 каманд з усёй Беларусі. “Задача турніру – дзяліцца хрысціянскімі каштоўнасцямі праз спорт, – зазначае адзін з арганізатараў кс. Артур Малафей. – Мы прысвяцілі яго памяці Яна Паўла ІІ, таму што Пантыфік быў і застаецца маральным аўтарытэтам для маладога пакалення. Святы Айцец надаваў вялікае значэнне спорту. Неаднаразова падкрэсліваў, што да супернікаў трэба адносіцца з павагай, не забывацца, што спаборнік – не вораг, а брат”.
    У шылавіцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы сумленна і аддана служыць Богу і людзям пробашч кс. Мар’ян Хаменя CSMA. Гэта той святар, якога Ян Павел ІІ блаславіў на пастырскі шлях. З рук Пантыфіка ў 1987 годзе ў Любліне (у межах ІІІ апостальскага візіту ў Польшчу) ксёндз у ліку 25-ці членаў ордэна міхалітаў атрымаў святарскія пасвячэнні. “Я вельмі перажываў, – узгадвае кс. Мар’ян. – Памятаю, як у канцы св. Імшы на знак супакою неабходна было абняць і пацалаваць Папу, дакрануўшыся да яго левай і правай шчакі. Па прывычцы я хацеў зрабіць гэта трэці раз, як у нас прынята. І таму атрымалася, што апошні свой жэст рабіў насільна, чым трохі збянтэжыў Папу”. Сёння абраз святога разам з выявай с. Фаустыны Кавальскай вісіць над ложкам у пакоі кс. Мар’яна. Да іх ён звяртаецца ва ўсіх цяжкасцях і патрэбах.
    Неаднаразова з Янам Паўлам ІІ сустракаўся пробашч парафіі Перамянення Пана ў Селіванаўцах а. Казімір Енджэйчак OMI. “Я бачыўся са Святым Айцом будучы клерыкам падчас навучання ў Рыме, – узгадвае святар. – Памятаю, як падчас адной з агульных аўдыенцый на плошчы св. Пятра Папа праходзіў блізка мяне з выцягнутымі рукамі. Разам з іншымі я кінуўся да гэтых адкрытых далоняў. Адчуў любоў і цеплыню яго сэрца”. Найбольшае ўражанне засталося ў святара пасля сустрэчы з Янам Паўлам ІІ падчас першай у гісторыі Касцёла ў Беларусі пілігрымкі ў Ватыкан. Святы Айцец прыняў групу вернікаў на спецыяльнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI. “У канцы сустрэчы духоўныя асобы стаялі ў чарзе адзін за другім, каб падысці і прывітацца са Святым Айцом. Неспадзявана Папа нахіліў галаву і паглядзеў на мяне. Нашыя вочы сустрэліся. Позірк Святога Айца быў дзівосны, пранікаў да глыбіні сэрца, падаўся мне нават суровым, як у заклапочанага бацькі. Ён нібы заглядваў унутр, у душу. Вочы Яна Паўла ІІ ззялі яркім святлом. Ніколі не бачыў нічога падобнага. Стаяў і глядзеў, здзіўлены, у твар Пантыфіку. Калі падышла мая чарга прывітацца з Янам Паўлам ІІ, адчуў вялікую радасць і дзіўную лёгкасць”.
    А. Казімір мае і вельмі цэніць ружанец са змешчаным у ім кавалкам белай сутаны св. Яна Паўла ІІ. Гэтую незвычайную рэліквію ён атрымаў у падарунак ад сясцёр кармэлітак босых з Кодня з нагоды сярэбранага юбілею святарства. “Карыстаючыся гэтым ружанцам, маю ўражанне, што нібы дакранаюся да св. Яна Паўла ІІ з верай у еднасць святых”, – зазначае а. Казімір.
    Свой першы выезд у Рым успамінае біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У той час ён яшчэ служыў пробашчам парафіі Святога Духа ў Вільнюсе. “Біскупам для Беларусі быў абвешчаны кс. Тадэвуш Кандрусевіч. Яго біскупская кансэкрацыя адбывалася ў Вечным горадзе, – узгадве іерарх. – Тады ў нас была магчымасць прысутнічаць у прыватнай капліцы Яна Паўла ІІ на св. Імшы, якую ён цэлебраваў. Бясспрэчна, гэта цудоўны досвед і вялікая ласка”. Пазней, у якасці біскупа, гродзенскі ардынарый меў шмат такіх спатканняў са Святым Айцом. “Гэта былі дастаткова непасрэдныя і сяброўскія сустрэчы з Янам Паўлам ІІ. У 34-ю гадавіну замаху на жыццё Яна Паўла ІІ яго рэліквіі былі ўрачытса ўнесены ў касцёл у Зарачанцы  Аднойчы я перадаў Папе альбом з выявамі Гродна. Пантыфік прыняў гэты падарунак, прытуліў да сябе і сказаў: «Нікому не аддам. Дзякуй!». Ён заўсёды ўзгадваў Гродна, Навагрудак, цікавіўся нашым краем і духоўна туды пілігрымаваў”.
    “Мне давялося прысутнічаць на кананізацыі Яна Паўла ІІ у Рыме, – успамінае Вікторыя Пабудзей з парафіі св. Уладзіслава ў Суботніках. – У той час я зразумела адну вельмі важную рэч: трэба верыць да канца, таму што ў Бога няма нічога немагчымага. Глыбока засталіся ў памяці словы святога, які пры жыцці заклікаў ставіць сабе патрабаванні, «нават калі іншыя ад вас нічога не патрабуюць». Цешуся, што маем такога заступніка ў небе”.
    Святы Айцец глыбока паважаны і любімы ў Гродзенскай дыяцэзіі. Амаль у кожным касцёле або каплічцы знаходзяцца абразы і памятныя табліцы ў гонар святога. У многіх парафіях існуюць Ружанцовыя колы, заступнікам якіх з’яўляецца св. Ян Павел ІІ. Такім чынам вернікі злучаюцца са святым у адной з яго любімых малітваў, якой быў Ружанец.
    Ян Павел ІІ таксама ўшанаваны ў рэліквіях, што прысутны ў некаторых парафіях дыяцэзіі. Год таму ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах была ўрачыста ўнесена часцінка крыві Яна Паўла ІІ. Некалькімі месяцамі раней такія ж рэліквіі з’явіліся ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы. А ў 2013 годзе – у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. З 2012 года рэліквіі крыві святога захоўваюцца ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай у Тракелях. У дзень кананізацыі Яна Паўла ІІ у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылося ўрачыстае набажэнства, падчас якога ў касцёл быў унесены рэліквіярый з часцінкай крыві святога Папы. Тады ж была асвечана і ўсталявана ў бакавой наве касцёла яго гіпсавая фігура. З нядаўняга часу рэліквіі крыві святога прысутнічаюць у капліцы Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы.
    Незадоўга рэліквіі з’явяцца таксама ў гродзенскіх касцёлах Найсвяцейшага Збавіцеля і Усіх Святых (касцёл знаходзіцца на старых каталіцкіх могілках па вул. Антонава) і Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. “Кардынал Станіслаў Дзівіш, які быў шматгадовым сакратаром Папы, ужо зацвердзіў гэтае рашэнне, – паведамляе рэктар пабрыгіцкага касцёла кс. Антоній Грэмза. – Рэліквіі прыбудуць у нашу святыню з Кракава ў лістападзе. Падзея прымеркавана да 10-гадовага юбілею Душпастырства студэнтаў і працуючай моладзі «OPEN», якое адчувае моцную еднасць з Папам. Менавіта яго словы маладыя людзі абралі за дэвіз супольнасці: «Будучыня ў вашых сэрцах і руках». Яго імкнуцца пераймаць у жыцці. Такім чынам мы стараемся захаваць духоўную спадчыну Яна Паўла ІІ. Падтрымкай у гэтым будзе прысутнасць святога ў сценах касцёла, а перадусім, у нашых сэрцах”.