Ружанец – скарб, які трэба адкрыць

На шляху да святасці

Кастрычнік называюць ружанцовым месяцам. У гэты час Касцёл асабліва заахвочвае да Ружанца, адной з самых высакародных форм малітвы, якую толькі можна знайсці ў каталіцкай Традыцыі. А высакародная яна, таму што адначасова ўзнёслая і простая. Кожная з таямніц Ружанца канцэнтруецца на адной важнай падзеі з жыцця Езуса Хрыста і Яго Маці, разважанне над якімі дапамагае пераймаць Іх у асабістым, сямейным і грамадскім жыцці.
    Ружанец – гэта малітва, якая перамяняе свет, асабліва калі яе адгаворваць разам. У гісторыі існуе мноства выпадкаў, калі ружанцовая малітва паўплывала на лёсы народаў. Сёння мы змагаемся з атакуючымі сіламі зла, таму нам як ніколі неабходна дапамога Марыі.
    Ружанцовая малітва простая. Дастаткова...
1. Мець ружанец
    Часта можна ўбачыць, як хтосьці адгаворвае гэтую малітву на пальцах, што сведчыць аб яе прастаце. Аднак трэба мець ружанец, які будзе “пасаваць” да рукі. У некаторых іх шмат – у куртцы, штанах, машыне ці сумцы.
   
    2. Выбраць месца і паставу
    Часцей за ўсё мы шукаем ціхае і атмасфернае месца. Яно не абавязкова павінна такім быць, бо гэта не гарантуе добрую малітву. Часам задумваемся над тым, якая пастава цела найбольш адпаведная. З павагай да ўсіх тэорый трэба адзначыць, што неабходна выбраць такое становішча, якое на практыцы проста не перашкаджае.

    “Калі ружанец у руцэ трымаю і кожнае «Вітай» шапчу,  Тваю прысутнасць стала адчуваю, Тваім, Марыя, быць дзіцём хачу”3. Вызначыць час
    Ніхто не ведае, які час найлепш падыходзіць для малітвы. Для гэтага можна выкарыстоўваць кожную хвіліну жыцця: ідучы на працу, едучы ў тралейбусе, гуляючы па вуліцы, седзячы дома на ложку... Не бойцеся шукаць і спрабаваць – і знойдзеце! Не хвалюйцеся, калі не ўсё адразу будзе падыходзіць.
   
    4. Пачаць
    Вельмі часта можна сустрэць людзей, якія не бяруцца за ружанец, бо баяцца, што не будуць адпавядаць. Кажуць: “Навошта пачынаць, калі я не змагу стрымаць абяцанне і маліцца кожны дзень?”. Трэба адважыцца на гэты крок і паспрабаваць. Далей Бог сам пакіруе ў гэтай малітве.
   
    5. Прасіць аб ласцы і разважаць
    Многія адмовіліся ад ружанцовай малітвы, не ведаючы, як сумясціць адгаворванне “Анёльскага прывітання”, лічэнне пацерак і разважанне таямніц. Ці рэальна ўсё гэта выконваць адначасова? А дзе тады месца на сузіранне? Насамрэч, малітва не грунтуецца на дасканаласці. Яна з’яўляецца Божым дарам. Пачніце з таго, што вам бліжэй. Дазвольце Духу Святому кіраваць сабой.
    Не наракайце на адсутнасць канцэнтрацыі, няўважлівасць ці іншыя цяжкасці. Проста маліцеся так, як можаце. Бог сам падрыхтуе вас да чарговых этапаў малітвы і дасць неабходную ласку. Ружанец – выдатная дарога для аднаўлення адносін з Марыяй. Звяртаючыся да слоў Пана, якія Ён прамовіў праз Анёла, і да таямніц Яе жыцця, нанова знойдзем сваё месца і адновім адносіны з Той, каго сам Бог даў нам за Маці.
   
Марыя Арцем’еваПапа Пій XII у сваёй энцыкліцы “Ingruentium malorum” пісаў: “Не вагаючыся, яшчэ раз пацвярджаем публічна, што ўскладаем вялікія надзеі на святы Ружанец як на сродак вылячэння ад зла, якое засмучае нашы часы. Не са зброяй у руках, не з дапамогай чалавечай сілы, а толькі з дапамогай Божай, аб якой просім у гэтай малітве, зможа каталіцкі Касцёл, як Давід са сваёй прашчой, выйсці супраць свайго адвечнага ворага...”.
    І гэта сапраўды так. Ведаю шмат малітваў з просьбай аб дапамозе, але найбольш “плённай” лічу Ружанец. Малюся ім, калі ў маім жыцці адбываецца што-небудзь дрэннае, калі хачу падзякаваць Богу за тое, што ў мяне ёсць, за здароўе сваё і блізкіх, калі патрабую падтрымкі. Для мяне гэтая малітва мае вялікае значэнне.
    Прамаўляючы “Вітай, Марыя...”, праз рукі Маці мы даручаем Божай міласэрнасці людзей, за якіх молімся. А хіба можна зрабіць нешта лепшае для нашых братоў і сясцёр?
   
ДКрысціна Рукшаля мяне ружанцовая малітва з’яўляецца асаблівай, таму што гэта, па сутнасці, душэўная размова з нашай Нябеснай Мамай. Дзякуючы Ружанцу я магу паразважаць аб жыцці Марыі і Хрыста, уявіць сабе ўсё, што адбывалася з Імі. Гэта таксама магчымасць даверыць Маці Божай свае цяжкасці і перажыванні, навучыцца ў Яе цярплівасці, дабрыні і любові.
    Малітва на ружанцы прыносіць супакой і дапамагае прыняць розныя складаныя сітуацыі. Важна памятаць, што падчас гэтай малітвы трэба дзяліцца не толькі сваімі праблемамі, але і радасцямі, бо Марыя знаходзіцца побач з намі як у бедах і хваробах, так і ў шчаслівых момантах жыцця.
   
Марыя ЯнкевічРужанцовая малітва – гэта размова з Богам. Нездарма папа Леў ХIII заклікаў да яе: “Няма нічога больш прыгожага, чым шматлікія галасы, каторыя ва ўсіх кутках Зямлі няспынна моляцца і адначасова звяртаюцца да Найсвяцейшай Панны Марыі, разважаючы таямніцы святога Ружанца. Няхай хрысціянскія народы шукаюць заступніцтва Божай Маці з дня ў дзень з нарастаючым запалам; няхай яны ўсё часцей моляцца святым Ружанцам, выкарыстоўваючы яго не толькі як сродак ад няшчасцяў, але і як сапраўдны сімвал хрысціянскай набожнасці!”.
    Асабіста для мяне такі від малітвы вельмі важны, бо, адгаворваючы Ружанец, я магу паразважаць аб жыцці Езуса і Маці Божай, а таксама асаблівым чынам падзякаваць Богу або папрасіць Яго аб нечым для сябе ці сваіх блізкіх. Ружанец дазваляе праявіць цярплівасць ў малітве. Прамаўляючы таямніцу ці цэлую частку, мы паказваем Богу, што ўсведамляем важнасць гэтай малітвы і гатовыя ахвяраваць для яе свой час.
   
   
Кс. Міхал ЛастоўскіУ паўсядзённым жыцці мы часта тэлефануем маме, каб падзяліцца смуткам альбо радасцю, папрасіць дапамогі ці парады ў цяжкіх сітуацыях. Гэтак жа мы “тэлефануем” да нашай Цярпліва Слухаючай Нябеснай Маці, калі бярэм у рукі ружанец і пачынаем маліцца.
    Я часта паўтараю, што слова “ружанец” паходзіць ад слова “ружа”. Таму кожнае прамоўленае “Вітай, Марыя” – гэта прыгожая кветка для Маці Божай, а ўвесь Ружанец – шыкоўны букет. Яго мы з удзячнасцю і любоўю дорым нябеснай заступніцы, якая ўзносіць да Бога ўсе нашы патрэбы і просьбы. У кастрычніку – ружанцовым месяцы – трэба асаблівым чынам памятаць пра малітву, дзякуючы якой вучымся разважаць найважнейшыя праўды Евангелля. Маліцца не толькі індывідуальна, але і супольна: прыходзіць у святыню, прымаць удзел у ружанцовых набажэнствах, – паколькі такая малітва мае яшчэ большую сілу. “Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх” (параўн. Мц 18, 19–20).
    У Гродзенскай дыяцэзіі існуюць супольнасці Жывога Ружанца, у склад якіх уваходзіць па 20 чалавек. Яны штодзённа моляцца на працягу месяца, ахвяруючы свой час для Маці Божай і прадстаўляючы Ёй інтэнцыі: уласныя і ўсяго Касцёла.
    Я прагну, каб прыгожая ружанцовая малітва не засталася толькі на вуснах старэйшага пакалення. Таму заахвочваю дзяцей і моладзь актыўна далучацца да “марыйнай ружанцовай школы”.