Перажываць канікулы з Богам

На шляху да святасці

Падчас канікул часта арганізуюцца канцэрты рэлігійнай музыкі, якія з’яўляюцца шляхам евангелізацыі і спосабам абвяшчэння Добрай Навіны

Наперадзе час канікул – насычаныя сонцам і пазітыўнымі эмоцыямі дні заслужанага адпачынку. Карыстаючыся гэтым дарам, нельга забывацца аб захаванні адпаведных адносін да Пана Бога. Таму падчас летняга адпачынку кожны хрысціянін павінен памятаць аб штодзённай малітве, нядзельнай і святочнай св. Імшы, сакраманце пакаяння. Добрай нагодай, каб ажывіць, паглыбіць і ўмацаваць адносіны з Хрыстом у час канікул, будуць розныя пілігрымкі, рэкалекцыі і іншыя падзеі рэлігійнага характару.
Канікулы – такі чаканы час, калі пэўныя абавязкі можна адкласці на пазней і адпачыць ад бегатні і сотні паўсядзённых спраў. У гэты перыяд мы ўсё часцей звяртаем увагу на прапановы турыстычных агенцтваў, якія прывабліваюць прыгожымі відарысамі разнастайных куткоў свету. Задумваемся, што выбраць: адпачынак на моры, горныя сцежкі ці, можа, спакойны водпуск у бабулі на вёсцы. Аднак вельмі часта падчас прагляду турыстычных прапаноў, пакавання чамаданаў ды і падчас самога адпачынку мы спрабуем адсунуць Бога на далейшы план. Такім чынам канікулы становяцца часам, у якім выразна слабеюць рэлігійныя практыкі. Бог жа пачакае.
І Ён чакае... На лясных сцежках, на гладзі азёр, вяршынях гор, сонечных пляжах, у прыдарожных каплічках, вясковых касцёлах ці велічных гарадскіх святынях. Канікулярныя прыгоды, шматлікія перажыванні, эмоцыі і прыгожыя краявіды ніяк не павінны аддаляць нас ад Бога, а зусім наадварот: кожная хвіліна радасці можа быць ахвяравана Пану. Гэты час – найлепшая нагода, каб захапляцца ўсім тым, што Ён стварыў, што існуе, дзякуючы Яму.
   Канікулы могуць і павінны быць для хрысціяніна часам паглыблення веры ў Бога, часам, каб наладзіць бліжэйшыя адносіны з Хрыстом. Заахвочваюць нас і словы Бенедыкта XVI: “У свеце, у якім мы жывём, умацаванне цела і духу неабходнае, асабліва для тых, хто жыве ў горадзе, дзе ўмовы жыцця і яго нярэдка шалёны тэмп пакідаюць мала месца для суцішэння, рэфлексіі, расслабляльнага кантакту з прыродай. Канікулы – гэта таксама дні, калі можна прысвяціць больш часу малітве, чытанню адпаведнай літаратуры і роздуму над глыбокім сэнсам жыцця ў прыемнай атмасферы, якую стварае сямейнае жыццё і кантакт з самымі блізкімі”.
   Каб правесці канікулы сапраўды па-хрысціянску, дастаткова хацець гэтага і загадзя спланаваць свой адпачынак. Прапаноў вельмі шмат, кожны можа знайсці тое, што яму адпавядае: пешыя пілігрымкі, турыстычныя падарожжы ў санктуарыі і святыя месцы, “Канікулы з Богам” для дзяцей і моладзі, што арганізуюцца пры парафіях, рэкалекцыі, канцэрты рэлігійнай музыкі і іншае. Падарожнічаючы па свеце, цешачыся сонцам і прыгажосцю краявідаў, можна наведаць старажытныя святыні, паслухаць звязаныя з імі гісторыі і не забывацца, што падчас канікул касцёлы не замыкаюць і там, як заўсёды, кожны дзень ёсць св. Імша, падчас якой можна сустрэцца з жывым Богам, адчуць Яго прысутнасць, нават калі набажэнства будзе адпраўляцца на чужой для нас мове. Паклапаціцца пра тое, каб Бог разам з намі “паехаў” на канікулы, а не чакаў нас дома ў адзіноце, можна таксама праз штодзённую малітву і ўдзячнасць Яму за кожны перажыты дзень, за людзей, якіх сустракаем на сваім шляху, і за хвіліны радасці, якія перажываем падчас доўгачаканага водпуску.
  
Каб лета не прайшло выключна дома на канапе ці ў сацсетках, прапануем Вам некалькі цікавых падзей:

  
   1–2 ліпеня – ўрачыстасці ў Будславе на тэму “Надзея ў Божай міласэрнасці”, прысвечаныя 25-годдзю заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі;
   4–9 ліпеня – XVIII пешая пілігрымка Гродна – Тракелі;
   26–31 ліпеня – ХХХІ Сусветныя дні моладзі ў Кракаве з удзелам Святога Айца Францішка;
   8–14 жніўня – “Музычная майстэрня” ў Івянцы – мерапрыемства для ўсіх, хто ўмее спяваць, грае на музычных інструментах, а таксама тых, хто хоча раскрыць у сабе музычны талент;
   11–14 жніўня – рэкалекцыі распазнання паклікання ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне;
   13–14 жніўня – хрысціянскі музычны фестываль-конкурс “Laudato Si´” у Беразінскім.
  
   З цікавымі маршрутамі пілігрымак можна азнаёміцца на сайце piligrymka.by.
   Інфармацыю пра важныя мерапрыемствы, урачыстасці і рэкалекцыі шукайце на сайтах grodnensis.by, catholic.by.