Знак крыжа. Першая малітва хрысціяніна

На шляху да святасці

“У імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн”.
    Так мы пачынаем і заканчваем нашы малітвы, магчыма, не ўсведамляючы, што знак крыжа сам па сабе з’яўляецца малітвай.
    Наколькі важна рабіць крыжовы жэст у паўсядзённым жыцці і які ў яго ўкладваецца сэнс?
Што азначае крыжовы знак
    Знак крыжа – гэта маўклівае, але ў той жа час гучнае, бо адкрытае, вызнанне веры ў Адзінасутную і Непадзельную Тройцу: Бога Айца, Богачалавека Езуса Хрыста і Духа Святога. Крыжовы жэст сведчыць аб тым, што Сын Божы збавіў сваім жыццём род чалавечы ад граху і вечнай смерці. Здзяйсняючы яго, чалавек выказвае сваю прыналежнасць да Хрыста, а таксама да адзінства хрысціян, адкупленых Крыжам.
    Перахрысціўшыся, мы ўзносім да Творцы ціхую малітву душы. Гэта выраз любові і даверу. Малітоўны жэст настройвае чалавека на супрацоўніцтва з Божай ласкай, а таксама абараняе яго ад дзеяння злых духаў.
Знакам крыжа адкрываецца брама, праз якую на вернікаў праліваецца ласка Святога Духа. Яна пераўтварае ў душах зямное ў нябеснае, звяргае грэх, перамагае смерць і нішчыць нябачныя воку перашкоды, якія адлучаюць ад Бога.
    Як пісаў Бенедыкт ХVI, знак крыжа з’яўляецца “пацвярджэннем і паўторным прыняццем нашага хросту”. Таму кожны раз, перахрысціўшыся, мы абнаўляем абяцанні хросту.
    Крыжовы знак нагадвае нам аб прабачэнні грахоў і велічы даброт, прыгатаваных Укрыжаваным у Нябесным Валадарстве. Гэта сведчанне бясконцай міласэрнасці Хрыста да чалавецтва, а разам з тым і напамін аб доўгу любові кожнага чалавека да Бога і адзін да аднаго.
   
    Калі можна і трэба выкарыстоўваць крыжовы жэст
    Звычай здзяйсняць знак крыжа бярэ пачатак яшчэ з апостальскіх часоў. Яго ўстанавілі і перадалі вернікам найбліжэйшыя вучні Езуса. Каля ІІІ ст. традыцыя глыбока ўкаранілася ў людское жыццё.
    Да сённяшняга дня хрысціяне робяць крыжовы знак, калі ўстаюць з ложка і кладуцца спаць, уваходзяць і выходзяць са святыні, чытаюць малітвы. Нашы продкі, напрыклад, здзяйснялі крыжовы жэст, калі сеялі і збіралі ўраджай, перад трапезай і пасля яе, калі перажывалі цяжкасці або адпраўляліся ў далёкі шлях.
    Яго робяць на ўсім, што звязана з паўсядзённымі справамі і клопатамі. Галоўнае, каб гэта было дарэчна і здзяйснялася з глыбокай пашанай і верай. Такім чынам, гаспадыня можа бласлаўляць прадукты, з якіх будзе гатаваць ежу, а кіроўца – транспарт, на якім павязе пасажыраў. Праз сімвалічны жэст мы звяртаемся да Бога з просьбай, каб Ён нас падтрымаў і быў побач.
    Знакам крыжа можна пазначаць і чалавека. Галоўнае, кіравацца пры гэтым пачуццём любові да бліжняга. Неабходна памятаць, што знак крыжа мае вялікую сілу, бо асвечаны Найсвяцейшай Крывёю Езуса. І калі мы бласлаўляем чалавека, то на ім гэты крыж застаецца. На вочы мы гэтага не бачым, але нячыстая сіла ўсё адчувае і баіцца наблізіцца да чалавека. Таму вельмі важна пазначаць знакам крыжа сваіх родных, блізкіх, знаёмых.
    Хрысціянін абавязкова перахрысціцца перад пачаткам усякай справы і пасля яе заканчэння. Праз гэта ён просіць у Бога ў Тройцы Адзінага ўмацаваць сілай Хрыста сваё цела, розум і сэрца, а пасля – выказвае падзяку за натхненне і дапамогу. Знак крыжа рэкамендуецца рабіць, калі хрысціянін робіць нешта ўпершыню. Гэтым самым ён выказвае давер Усявышняму і аддае свой розум і сэрца ў Яго рукі. Напрыклад, чалавек вучыцца плаваць або ідзе на новае месца працы.
    Здзяйсняць на сабе знак крыжа неабходна пры набліжэнні да ўсяго святога: прыкладанні да крыжа, абразоў, святых мошчаў. Цалкам натуральна праз крыжовы жэст выказваць знак паважнага стаўлення да святыні – Божага Дома, дзе здзяйсняюцца збаўчыя сакраманты. Таму, праходзячы ці праязджаючы паблізу храма, хрысціяне з пачуцця доўгу павінны імкнуцца аддаць пашану прысутнаму ў гэтым месцы Богу.
   
    Як правільна рабіць знак крыжа
    Сярод нас ёсць тыя, хто саромеецца крыжовага знаку: робіць яго на верхняй частцы сваіх грудзей ды і тое ледзь заўважна. Варта ўзгадаць, што пра людзей, якія бянтэжацца вызнання сваёй веры, Гасподзь сказаў: “Хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са святымі анёламі” (Мк 8, 38).
    Многія здзяйсняюць крыжовы жэст мітусліва і няўважліва. Праз такую нядбайнасць выказваецца непачцівасць да Бога. Пра людзей, якія размашыста махаюць рукою ў паветры, святы Ян Залатавуст сказаў, што іх дзеянням радуюцца дэманы. Насупраць, калі знак крыжа робіцца павольна, з пашанай, гэта палохае нячыстага і прыцягвае Боскую ласку. Таму знак крыжа неабходна здзяйсняць з пакорай, усведамленнем святой і вялікай справы, з жывой верай ва Укрыжаванага і надзеяй на Яго міласэрнасць.
    Крыжовы жэст робіцца пяццю пальцамі адкрытай далоні ў памяць аб пяці ранах на целе Хрыста. Паказваючы яго на сабе, вернік успамінае распяцце Езуса і выказвае гатоўнасць прыняць свой уласны крыж і рушыць услед за Панам.
    Знак крыжа можна рабіць і ў думках. Адзін з вялікіх настаўнікаў Царквы Яфрэм Сірын вучыць: “І не рукою толькі ўскладвай на сябе знак крыжа, але і ў думках пазначай ім усякі свой занятак, і ўваход свой, і зыход свой ва ўсякі час, і сядзенне сваё, і ўставанне, і пасцель сваю, і любое служэнне... Бо вельмі моцная гэта зброя, і ніхто не можа ніколі зрабіць табе шкоды, калі ты ім абаронены”.
   
    Пазначаючы сябе крыжовым жэстам, вернік атрымлівае магчымасць здзяйсняць вялікія справы. Крыжовы знак дае душы крэпасць і мудрасць, сілу перамагаць зло і тварыць дабро. Памятайма аб гэтым!