Вялікі Пост 2016. Дапамагчы дзецям адмовіцца ад гаджэтаў

На шляху да святасці

korona-cierniowa

Яшчэ некалькі гадоў таму найбольш папулярнай адмовай на перыяд Вялікага посту сярод дзяцей лічылася адмова ад салодкага ў розных яго праявах. Але сёння ўжо наўрад ці хто будзе вельмі моцна перажываць з-за таго, што бліжэйшыя сорак дзён трэба забыцца пра цукеркі. Чаму? Бо ёсць іншыя рэчы, без якіх дзеці самых розных узростаў не ўяўляюць свайго жыцця: тэлефоны, планшэты, ноутбукі...
Паводле вынікаў апытання, праведзенага Цэнтрам даследавання грамадскай думкі, дзеці ва ўзросце 6-12 гадоў у сярэднім праводзяць ля камп’ютара 11 гадзін у тыдзень. Старэйшыя – да 15-га году жыцця – марнуюць у сеціве 17 гадзін, а падлеткі (да 19 гадоў) – 21 гадзіну ў тыдзень. Ды і самая лепшая статыстыка – суседзі, знаёмыя, сваякі ўвесь час наракаюць на тое, што дзеці “жывуць” у інтэрнэце, не вылазяць з сацыяльных сетак ды гульняў. Таму нам, дарослым, варта задумацца і прапанаваць сваім дарагім дочкам і сынам скарыстаць час посту на тое, што сапраўды цяжка даецца, ды адмовіцца ад гаджэтаў.

   Зрабіць пастанову
    Ці бачылі Вы дзяцей, якія самі добраахвотна прапануюць у якасці пастановы на Вялікі пост адмову ад гаджэтаў? Хочацца верыць, што такія ёсць, але, як паказвае практыка, падказваюць такую ідэю самі бацькі, якія прагнуць, каб іх кравіначкі пакрысе пачалі вучыцца ўздымацца над сваімі слабасцямі. Таму прапануйце дзецям абраць рэжым offline і падтрымайце іх сваім прыкладам, бо цяжка сам на сам змагацца са спакусай на працягу 40 дзён посту, калі побач маці, што перапісваецца з сяброўкамі ў сацыяльных сетках, ці бацька які па некалькі гадзін гуляе ў “танчыкі”.
    Каб дзіцяці было лёгка адмерваць час ды радавацца сваім маленькім перамогам, можна разам зрабіць адмысловы каляндар з назвай пастановы і ў канцы дня клеіць налепку, калі ўдалося стрымаць абяцанне.Дзеці таксама прагнуць па-сапраўднаму перажыць пост
   
    Знайсці альтэрнатыву і час на малітву
    Для многіх дзяцей тэлефон ці планшэт – гэта неад’емная частка іх штодзённасці, рытуал, без якога ў жыцці ўтвараецца пустка. Страшныя словы, але гэта так. Таму варта задумацца над тым, што можна прапанаваць дзіцяці замест гульняў і сацыяльных сетак, каб яно магло бавіць вольны час. Гэта могуць быць звычайныя хатнія абавязкі: вымыць посуд, прыбраць, дапамагчы гатаваць вячэру, пагуляць з малодшай сястрой ці братам, адрэмантаваць разам з бацькам зэдлік, у якога ўжо некалькі месяцаў таму раз’ехаліся ножкі, узяць у бабулі спіс неабходных прадуктаў, набыць іх у краме і аднесці і г.д. Можна таксама заахвоціць дзіця да творчасці – прапанаваць заняцца вырабам велікодных аздоб, паштовак, намаляваць малюнкі на адпаведную тэматыку. А яшчэ варта прапанаваць больш часу праводзіць з сябрамі, з якімі можна гуляць у настольныя гульні, шпацыраваць па вуліцы, ганяць мяч. Магчыма, гэты вопыт дапаможа ўсвядоміць, што ніякі камп’ютар не ў стане замяніць жывыя зносіны.
    Але, бадай, самы дзейсны сродак, які дапаможа і вашым дзецям і вам самім, – гэта малітва. Яна будзе надзейнай зброяй у ба-рацьбе з недасканаласцю, спакусамі, а таксама святлом на шляху да глыбокіх душэўных змен. І гэта не толькі традыцыйнае “Ойча Наш”, але супольная малітва, прынамсі адзін раз на дзень, напрыклад, вечарам, калі ўся сям’я збіра-ецца разам; супольны Ружанец; чытанне і разважанне Пісання; сістэматычны ўдзел у Крыжовым шляху і набажэнствах.
    Паклапаціцеся таксама пра тое, каб дзіця рэгулярна наведвала заняткі рэлігіі (гэта датычыцца дзяцей усіх узростаў, а не толькі тых, якія рыхтуюцца да Першай Камуніі). Яны будуць спрыяць духоўнай фармацыі, без якой вельмі цяжка прымаць правільныя жыццёва важныя рашэнні.
   
P.S. Прапаноўваючы сваім дзецям рэжым offline, не забудзьце, што ў дарослых таксама ёсць адпаведны тумблер. Толькі ён уключае “бацькоўскі рэжым”, які дазволіць адказаць на пытанне: чаму сыны і дочкі ўсё часцей уцякаюць ад рэальнасці і давяраюцца не сваім блізкім, а бяздушным машынам. Адна з прычын банальная – дарослыя неахвотна прысвячаюць свой вольны час дзецям ці проста яго не маюць з-за пастаяннай гонкі за грашыма. Але ёсці і ншыя. Пастарайцеся іх знайсці.