Шлях місіянера ў Беларусі

На шляху да святасці

Вернікі ўспамінаюць святара з вялікай удзячнасцю

Мінула 19-я гадавіна з дня смерці айца Станіслава Гаўліка, які значную частку свайго святарскага жыцця прысвяціў адраджэнню Касцёла на Гродзеншчыне. Прыклад яго ахвярнага жыцця, даверу Богу, любові да Касцёла і людзей годны да пераймання.
Айцец Станіслаў нарадзіўся ў 1945 годзе ў Тшэбніцы каля Вроцлава (Польшча). З маладых гадоў марыў стаць святаром, але неабходнасць апекавацца хворым бацькам на некаторы час адклала рэалізацыю Божага паклікання. Працаваў медычным братам у мясцовым шпіталі. Адначасова прыслужваў закрыстыянінам у базіліцы святой Ядзвігі, Каралевы Сілезіі. Пасля смерці бацькі ва ўзросце 34 гадоў уступіў у Ордэн Місіянераў Кларэтынаў. У 1986 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне. Апошнія сем гадоў жыцця правёў у Беларусі, дзе займаўся душпастарскай працай і выкладаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Айцец прыехаў у Беларусь на хвалі перабудовы. У 1990 годзе біскуп Аляксандр Кашкевіч прызначыў яго пробашчам парафіі святога Юды Тадэвуша ў Прывалцы. Святару спадабалася ваколіца прынёманскай вёскі, схаваная сярод лясоў былой Гарадзенскай пушчы. Ён любіў паўтараць: “Ёсць шмат працы, якую трэба зрабіць, патрэбна толькі крыху добрай волі”. Спачатку людзі не разумелі, што пробашч будзе рабіць у такой малой парафіі, а потым дзівіліся, як яму на ўсё хапае часу. Адначасова з аднаўленнем старадаўняга касцёла ў Прывалцы святар разам з вернікамі будаваў цагляны касцёл у Азёрах і капліцу ў Пераломе, вёў рамонт у Кашубінцах і Жыдомлі. Намаганнямі айца Станіслава ў Прывалцы і Дуброве былі пастаўлены прыдарожныя крыжы. У Прывалцы святар аднавіў старыя вайсковыя могілкі з Першай сусветнай вайны, удзельнічаў у перазахаванні жаўнераў з вёскі Стрыеўка каля Азёраў. У кастрычніку 1994 года ў Прывалцы быў асвечаны касцёл. Святар пажадаў, каб пасля шматгадовага перапынку ў парафіі не было душ, якія далёка стаяць ад Хрыста.
 Айцец меў шмат планаў па адбудове святынь і людскіх сэрцаў   Кожная нядзельная святая Імша ўспрымалася вернікамі як вялікая ўрачыстасць. Дзеці старанна развучвалі псалмы, жанчыны прыбіралі і ўпрыгожвалі касцёл. У святыні заўсёды стаялі жывыя кветкі. Асабліва айцец любіў белыя ліліі – сімвал чысціні...
    У святара быў моцны і прыгожы голас. Ён вучыў спяваць дзяцей, моладзь, а таксама старэйшых асоб. Дзякуючы яго намаганням быў куплены новы электраарган, бо стары прыгожы інструмент быў знішчаны падчас вайны.
    Пасля кожнай Імшы айцец хутка пераапранаўся і выходзіў на дзядзінец касцёла, каб паразмаўляць з людзьмі. Ніхто не спяшаўся пасля набажэнства дахаты, кожнаму хацелася асабіста прывітацца са святаром і, калі дазволіць, пацалаваць яго руку.
    На вялікія святы Евангелле ў касцёле чыталася на чатырох мовах: беларускай, рускай, польскай і літоўскай, – каб усе прысутныя разумелі Божае слова. З пачатку 1991 года пробашч пачаў вывучаць з дзецьмі і моладдзю малітвы на беларускай мове. На сцяне касцёла вісеў плакат са словамі “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”. Святар паважаў кожны народ, а найперш той, з якім яму выпала працаваць.
    Айца Станіслава вабілі мясцовыя традыцыі. Ён распытваў старэйшых асоб пра святочныя звычаі. На аснове гэтага на Божае Нараджэнне было адноўлена калядаванне па вёсцы. На Вялікдзень вернікі хадзілі па хатах з гармонікам і складалі адзін аднаму святочныя пажаданні.
    Айцец любіў рэчы ўласнага вырабу. У касцёле нават была арганізавана выстава такіх прац. Хто хацеў, мог паспрабаваць свае сілы ў ткацтве ходнікаў. Каля ўваходу ў святыню былі пастаўлены невялікія кросны.
    Незабыўным момантам для ўсёй парафіі была паездка ў Вільню. Айцец замовіў вялікі аўтобус, і ўсе жадаючыя маглі наведаць сталіцу былога Вялікага Княства Літоўскага. Далей была паездка ў Катынь і Курапаты. Пасля гэтага многія маладыя людзі пачалі цікавіцца гісторыяй свайго краю і вёскі.
    З першых дзён сваёй працы ў Беларусі айцец Гаўлік пашыраў ідэі экуменізма. Сябраваў з праваслаўным святаром айцом Міхалам Астроўскім з Азёраў. Дарэчы, там праваслаўны і каталіцкі храмы падзяляе толькі невялікі драўляны плот. У той час вернікі дзвюх канфесій ахвотна хадзілі віншаваць адзін аднаго са святамі, а калі была патрэба, і дапамагалі.м Айцец Станіслаў Гаўлік быў чалавекам з вялікім сэрцам і міласэрнай душой. Кожны мог звярнуцца да яго ў патрэбе. Па магчымасці святар імкнуўся ўсім дапамагчы. Клапаціўся пра хворых і старэйшых людзей.
    Я сустрэла айца якраз у час пошуку ідэалаў і праўды. Ён стаў для мяне духоўным пастарам і настаўнікам, паказаў мне будучы шлях і накіраваў у патрэбным напрамку. Пасля Гродзенскага педагагічнага вучылішча я паступіла на гадавы курс польскай мовы ў Вроцлаў. Вярнулася і выкладала ў Прывалцы ў вясковай школе музыку і польскую мову. Адначасова з гэтым пачала іграць у касцёле падчас святой літургіі. Для мяне гэта было вялікай радасцю і гонарам. Святар хацеў абудзіць у людзях духоўны пачатак, даваў надзею на лепшы свет. Вельмі любіў дзяцей і моладзь, вечарамі збіраў маладых людзей для супольнага спеву і разважанняў. Дзякуючы адданай працы душпастара, з парафіі Прывалка выйшлі два ксяндзы: кс. Віталь Чабатар і кс. Ігнат Санюта, якія вельмі ўдзячны пробашчу за яго першапачатковую навуку. Айцец збіраў звесткі пра мінулае вёскі, хацеў напісаць кнігу пра гістарычны шлях парафіі. На жаль, скончыць працу не паспеў. Памёр у снежні 1996 года ў Тшэбніцы, на наступны дзень пасля адыходу ў той свет свайго старэйшага брата.
    Ён не ўмеў шкадаваць сябе і не слухаў урачоў, якія рэкамендавалі адпачынак і запаволены тэмп працы. Айцец Станіслаў як бы прадчуваў, што няшмат яму адпушчана, таму імкнуўся зрабіць як мага больш, выкарыстоўваў кожную хвіліну жыцця.
 
   За апошнія гады колькасць жыхароў вёскі Прывалка зменшылася. Цяпер парафія найменшая ў дыяцэзіі, а касцёл (дакладней, касцёльная вежа), патрабуе дасканалага рамонту. З гэтай нагоды звяртаюся да былых парафіян з прапановай адрамантаваць касцельную вежу...