У час атэістычнай ночы ён быў святлом для людзей

Пастырскае Слова

Кс. інфулат Міхал Арановіч аддана працаваў і ў перыяд росквіту Касцёла на гродзенскай зямлі, і падчас ІІ Сусветнай вайны, а таксама ў самыя цяжкія гады праследавання хрысціянства і ваяўнічага атэізму. На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў ён захоўваў веру, хрысціў, вянчаў, рыхтаваў да споведзі і Першай св. Камуніі. Прыкладваў усе намаганні, каб у цяжкія часы каталіцкае жыццё на гэтай зямлі не згасла. Плябанія пабернардынскага касцёла стала цэнтрам Касцёла на Гродзеншчыне, а можа нават шырэй – ва ўсёй Беларусі.
Калі фарны касцёл застаўся без святара, кс. Міхал прыходзіў туды і адпраўляў св. Імшу, прамаўляў казанні. Вельмі вялікай трагедыяй стала для яго падарванне позняй восенню 1961 года старэйшай гродзенскай святыні – Фары Вітаўта. Аднак святар, які прайшоў праз турму і паклёпніцтва, у глыбіні сэрца верыў, што Касцёл на Гродзеншчыне не перастане існаваць. Можна зачыніць, разбурыць мураваную святыню, але Касцёл, які складаецца з людзей, застанецца.
    Для кс. Арановіча было важна, што ён дачакаўся адкрыцця Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і аднаўлення касцёльных структур у Беларусі. Я вельмі добра памятаю дзень уступнага экзамену ў гродзенскую семінарыю. Прыходжу ў плябанію да кс. Міхала, а ён заплаканы. Пытаюся, што здарылася, і чую такі адказ: “Адпраўляю св. Імшу раніцай, углядаюся ў твары вернікаў – я ўсіх іх ведаю. Але раптам адчыняюцца дзверы, і ўваходзяць па-святочнаму апранутыя маладыя людзі. Адзін, другі, трэці... Тады я зразумеў, што гэта тыя, хто мяне заменіць. Гэтыя хлопцы пачулі голас Хрыста і адказалі на Яго заклік. Вось я і плачу з радасці”.
    Вялікай суцехай для кс. Арановіча было вяртанне католікам святыні сясцёр назарэтанак. З нагоды гэтай радаснай падзеі з пабернардынскага ў пабрыгіцкі касцёл вырушыла працэсія. Кс. Міхал з-за стану здароўя не мог перанесці Найсвяцейшы Сакрамант, таму ехаў машынай, трымаючы яго ў руках. Цешыўся, што праз столькі гадоў выратаваны ім калісьці Найсвяцейшы Сакрамант вяртаецца на сваё месца, а касцёл зноў стане пляцоўкай Божага культу.
    Існуе такое выказванне: “Адзін у полі не воін”. Аднак кс. інфулат сваім жыццём даказаў: калі абапірацца на Бога, можна здолець многае. Кс. Міхала, напэўна, можна назваць “арханёлам” горада над Нёманам. На працягу многіх гадоў ён абараняў веру і перадаваў яе маладому пакаленню, нястомна абвяшчаючы праўду Евангелля. У памяці гродзенскіх вернікаў ён застаўся як руплівы душпастыр, які кожнага сустракаў з усмешкай на твары і заўсёды меў час, каб паразмаўляць.
    Мы ўдзячны гэтаму ксяндзу за вернасць Хрысту, апеку над Касцёлам і за годны да пераймання прыклад. Без такіх, як ён, не было б сёння нас.