Велікодная радасць асвятляе сёння Касцёл ва ўсім свеце. У святынях, дамах і ў сэрцах хрысціян гучыць радаснае “Алелюя”. Мы адзначаем урачыстасць Уваскрасення Пана – святкуем перамогу, якую Езус здабыў над грахом і смерцю. Хрыстос Уваскрос! Ён жыве і будзе жыць навекі! Гэтая праўда паказвае нам моц бязмежнай любові Бога да чалавека. Тая самая любоў, якая была аб’яўлена на дрэве крыжа, сёння прамаўляе да нас у знаку пустой грабніцы.
Гэты знак нагадвае, што калісьці і нашы магілы, і магілы нашых блізкіх памерлых апусцеюць. Тады здзейсніцца той самы цуд, які сёння ўзгадваем – цуд уваскрасення. Св. Павел піша: „Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстос, які ўстаў з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады” (Рым 6, 8). А ці можа быць для чалавека большая радасць, чым усведамленне таго, што з кожным днём сваёй часовай вандроўкі ён кіруецца не да смерці і небыцця, але да паўнаты новага, сапраўднага жыцця, якое не будзе мець канца? †