Шукайма мудрасці жыцця

Слова рэдактара

 Вера, успрыімлівасць, сарамлівасць, чысціня для многіх сёння ўвогуле не маюць значэння. Сучасны чалавек, пастаянна падвержаны спакусам захапляльнага свету, нястомна вядзе барацьбу з унутраным жаданнем улады, бясспрэчнасцю ўласных поглядаў, пыхай, хцівасцю… Яго сумленне моцна здэфармавана, а часам нават абсалютна заглушана. Аднак нястомнае імкненне да задавальнення ўласных патрэб засланяе чалавеку сапраўдны вобраз Бога і аддаляе ад Яго! Ніводная асоба, незалежна ад полу, набытку і адукацыі, не застрахавана ад падзенняў і паражэнняў, якія часам можна распазнаць толькі праз многія гады.
Сярод разнастайных крызісаў XXI стагоддзя найбольш вострым бачыцца крызіс розуму і мудрасці, без якіх, на жаль, усе чалавечыя намаганні аказваюцца дарэмнымі. Цудоўны прыклад вернасці, стойкасці і супрацьстаяння сілам зла пакінуў нам св. каралевіч Казімір, заступнік Гродзенскай дыяцэзіі. Нягледзячы на малады ўзрост (адышоў у вечнасць, маючы 26 гадоў), яму ўдалося поўнасцю даверыцца Богу і даручыць сябе кіраўніцтву Святога Духа. Ён старанна шукаў мудрасці і любові Хрыста ў малітве, а напружаная праца над сабой прывяла да на дзіва моцнай волі і гераічнай цноты. Сваім жыццём св. Казімір даказаў, што ніякія багацці гэтага свету не здольны даць сапраўднага шчасця, якім з’яўляецца супольнасць з Богам.
    Нягледзячы на тое, што змяняюцца мода, культура і традыцыі, пастава св. Казіміра надалей застаецца цудоўным узорам для моладзі, спакушаемай і ашукваемай разнастайнымі прапановамі сучаснай цывілізацыі. Яго мудрасць, чысціня маралі, справядлівасць, сумленнасць, шанаванне праўды, любоў да бліжніх, ахвярнасць і адданасць у служэнні бедным, а таксама міласэрнасць, якую праяўляў рознымі спосабамі, з’яўляюцца цнотамі, да якіх павінен імкнуцца кожны чалавек.
   
   Дарагія Чытачы!
   На шчасце, сёння ў нас ёсць свабодны доступ да крыніц інфармацыі. Давайце вучыцца добра іх выкарыстоўваць, шукаць сапраўдную мудрасць. Трэба прагнуць штодзень станавіцца ўдзельнікамі цнотаў, каштоўнасцей і даброт, якімі кіраваўся св. Казімір. Абараняйма вызнаваныя вартасці і змагаймася за вялікія ідэалы!