Мы перажываем перыяд Вялікага посту. Хрыстос прысутнічае сярод нас, Ён прыходзіць да чалавека праз крыж і пакуты. Пілігрымка Хрыста становіцца таксама нашай вандроўкай у напрамку, які нам паказвае Дрэва Крыжа. Мы становімся тады мацнейшымі, памятаючы пра тое, што кожны з нас закрануты грахом. Прыгадвае аб гэтым таксама св. Ян у сваім лісце: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды” (1 Ян 1, 8).
Разважаючы над гэтымі словамі, мы зразумеем, што кожнаму з нас неабходна збаўленне, кожнаму з нас неабходны Бог. На жаль, закранутыя грахом мы не здольны самі збавіцца: “Бо ніхто не можа ні выкупіць самога сябе, ні аплаціць Богу цану свайго выкупу” (Пс 49, 8). Таму Пан Езус, вольны ад усялякага граху, жадаючы дабра і шчасця кожнаму з нас, аддае сваё жыццё. Ён з любові да чалавека выдае самога Сябе, каб вярнуць нам страчанае з-за граху вечнае жыццё. Гэта доказ таго, што міласэрны Айцец жадае нам дабра, якім з’яўляецца вольнае ад граху жыццё.
Прыгадаем сабе асноўную праўду: нават самаму заможнаму і ўплывоваму чалавеку для сапраўднага бясконцага шчасця неабходна прысутнасць Бога ў яго жыцці. Вялікі пост становіцца менавіта такім часам, які дае шанс наблізіцца да Бога праз малітву, пост і міласціну. І гэта не адзіныя сродкі да навяртання. †