Новы галоўны рэдактар газеты. Нашыя планы і спадзяванні

Слова рэдактара

Нумар 16 (285), 6 верасня 2009 года Сярод мноства крыніцаў інфармацыі - выклік часу: каб вернікі нашай дыяцэзіі мелі доступ да здаровага навучання Касцёла, заключанага ў каталіцкім друку. У гэтым месцы я хачу падзякаваць маім папярэднікам кс. Яраславу Грынашкевічу і кс. Валерыю Быкоўскаму за клопат аб развіцці нашай газеты. Я прашу ўсіх чытачоў і тых, хто мае сімпатыю да газеты “Слова Жыцця”, памаліцца за ўсю нашую рэдакцыю, каб і далей супольна мы дбалі пра развіццё каталіцкага друку ў Гродзенскай дыяцэзіі і добрасумленна перадавалі інфармацыю.
    Дзякуючы Вашай малітоўнай падтрымцы, мы спадзяёмся, што на старонках нашай газеты паўстануць новыя рубрыкі. Мы адкрыты на новыя прапановы. Кожны чалавек мае нагоду абвяшчаць Божае Валадарства на старонках нашай каталіцкай газеты. Я хачу заахвоціць кожнага з Вас, дарагія чытачы, паслужыць Праўдзе.
Першая рубрыка, якую мы хочам рэалізаваць у газеце “Слова Жыцця”, датычыць года Святарства. У чарговых нумарах мы хочам прадставіць святароў, якія працуюць у нашай дыяцэзіі, і друкаваць шматлікія роздумы, звязаныя з годам Святарства.
    Мы хацелі б прапанаваць шаноўным чытачам новую рубрыку: “Лепей спытаць, чым памыляцца”. Спадзяёмся, што Вы ўключыцеся ў рэалізацыю гэтай задумы. Часта ў касцёле і падчас катэхезы можна пачуць розныя пытанні, звязаныя з жыццём Касцёла і людзей. А пытанні, якія Вы, дарагія чытачы, будзеце прысылаць у рэдакцыю, будуць накірованы да святароў і спецыялістаў у дадзенай вобласці, а атрыманыя адказы дазволяць кожнаму з Вас лепш арыентавацца ў гэтым жыцці.
    Мы адкрыты, так як і Касцёл адкрыты на кожнага чалавека. Газета “Слова Жыцця” будзе і далей заставацца евангелічным і касцёльным выданнем. Спадзяёмся, што беручы нашую газету ў рукі, як старэйшае, так і малодшае пакаленні будуць адчуваць сябе больш бяспечней ў сённяшнім свеце.