Быць вучнем

Слова рэдактара

 Кожны хрысціянін належыць, перш за ўсё, да школы Езуса Хрыста. Прыняўшы хрост, чалавек становіцца Яго вучнем, які будуе сваю будучыню разам з Майстрам. У гэтай школе ён штодзённа ўзрастае да таго, каб быць добрым выхаванцам, які здольны слухацца свайго Настаўніка.
   Быць вучнем Хрыста не значыць вывучыць Евангелле на памяць, адгаворваць усе малітвы, састаўленыя Касцёлам. Вучнем Месіі з’яўляецца чалавек, злучаны са сваім Майстрам. Ён прымае ўдзел у Божым жыцці, крочыць па дарозе веры, святых сакрамантаў і захавання запаведзей Усемагутнага.
Св. Павел напісаў: “Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага” (1 Кар 2, 2). І дадаў: “Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос” (Гал 2, 20). А Езус растлумачыў: “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго” (Ян 14, 23).
    У школе Хрыста няма абмежаванняў па ўзросце, поле, этнічным паходжанні ці пакліканні. Характарыстычнай рысай вучня Езуса павінна быць любоў, якая ахоплівае ўсіх, любоў, якая задае тон і вызначае напрамак дзеяння.
    Сапраўдных вучняў Езуса іншыя павінны пазнаць менавіта па любові, таму што, як казаў св. Васіль Вялікі, “маем у сабе прыроджаную моц мілавання”. Быць вучнем Езуса – гэта значыць у кожную справу ўкладваць сваё сэрца, быць радасным і адкрытым на іншых, заўважаць патрабуючых, якія знаходзяцца навокал, якім можна дапамагчы. Гэта значыць верна крочыць за Ім, пакорна слухаючы Яго навуку.
    Сучасны свет асабліва патрабуе рашучага сведчання веры, інакш кажучы, патрабуе прызнаць Хрыста, паказаць, што значыць быць Яго вучнем. Мы ўсе пакліканы да еднасці з Богам назаўсёды. Павінны фарміраваць сваё сумленне і сэрца па падабенстве Збаўцы. Павінны дазволіць, каб у нашых душах адлюстраваўся партрэт Пана. Дзякуючы Божай ласцы мы можам дасягнуць гэтай мэты, паколькі Езус абяцаў нам перамогу, калі застанёмся Яму вернымі.
   
   Дарагія Чытачы!
   На парозе новага навучальнага і катэхетычнага года варта ўсвядоміць, што кожны чалавек можа і нават павінен быць вучнем Збаўцы. Просім Хрыста, каб падтрымліваў нас у быцці Яго вучнямі, якія, кіруючыся ў жыцці любоўю, дабяруцца да шчаслівага канца. Няхай нам у гэтым дапамагае Найсвяцейшая Панна Марыя, з любоўю ахінаючы сваім мацярынскім плашчом, клапоцячыся пра тое, каб не дазналі ніякай шкоды.