Жыццё за жыццё

Слова рэдактара

 Чалавек жыве ў грамадстве. Усім сваім развіццём ён абавязаны іншым, пачынаючы ад моманту нараджэння. Шмат бярэ ад іншых, але таксама шмат мусіць аддаваць. Таму павінен служыць свету сваёй інтэлігентнасцю, матэрыяльнымі дабротамі, фізічнымі сіламі і здароўем. Чалавек варты столькі, колькі зробіць дабра. І хоць мае права на жыццё і адпаведныя ўмовы развіцця, а грамадства абавязана забяспечыць яму асабістую бяспеку, часам могуць здарыцца выключныя сітуацыі, якія патрабуюць ад чалавека найбольшай ахвяры – жыцця.
   На слушнасць гэтага ўказвае нам сам Бог, пасылаючы свайго Сына як выратаванне для свету.
Смерць Хрыста за чалавечыя грахі – доказ таго, што існуюць каштоўнасці, важнейшыя, чым жыццё. “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13).Гатоўнасць ахвяраваць уласнае жыццё за іншага чалавека заўсёды абуджае ў нас захапленне і павагу. Прыкладам такога гераізму з’яўляюцца, між іншым, бласлаўлёныя с. Стэла і 10 яе паплечніц з Навагрудка, якія падчас ІІ Сусветнай вайны аддалі сваё жыццё, ратуючы бацькаў сем’яў. У парыве сэрца, напоўненага любоўю да Бога і іншага чалавека, яны адважыліся на вялікі подзвіг, лічачы, што бацькі сем’яў больш патрэбныя свету, чым яны.
    Ахвяра сясцёр назарэтанак была прынята. Жнівеньскай раніцай 75 гадоў таму манахіні выйшлі насустрач Боскаму Жаніху. Ноччу перад забойствам у падзямеллі нямецкага камісарыята яны чувалі з запаленай лямпай любові, каб не ўпусціць найважнейшы момант, калі прыйдзе Жаніх. Падобна як евангельскія панны, сустрэлі Яго, набліжаючагася, і былі запрошаны да ўдзелу ў вясельнай гасціне. Любоў Хрыста, якая ў жыцці мучаніц з Навагрудка праявілася ва ўчынках любові да бліжняга, паспрыяла таму, што знікненне, да якога схільны кожны чалавек на зямлі, не сцерла памяць пра іх.
    Прыкладаў ахвяры за іншага чалавека хапае таксама і сёння. Ратаўнікі, пажарныя, валанцёры часта падвяргаюць небяспецы ўласнае жыццё, каб выратаваць іншых. Іх прысвячэнне нагадвае аб тым, што жыццё з’яўляецца вялікім скарбам, але не самым важным. Ёсць іншыя, больш каштоўныя вартасці: любоў да Бога і бліжняга, рэлігійныя перакананні, адказнасць за даручаныя заданні... Таму варта быць гатовым да найвялікшай ахвяры за іх – да ахвяры жыцця. Хрысціянін павінен паступаць так у першую чаргу для таго, каб выканаць Хрыстовы наказ любові: “Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 15, 12).
   
   Дарагія Чытачы!
   Мы сёння захапляемся тымі, хто загінуў, каб іншыя маглі жыць. Ушануйма мучанікаў і герояў нашай зямлі, якія з любові дайшлі да апошніх граніц. Калі Пан паставіць нас у падобных акалічнасцях, няхай эгаізм не закрые нашыя сэрцы і не адбярэ адвагу!