Паглядзім у вочы Бога!

Слова рэдактара

 Фігура Пана Езуса Журботнага ў Росі прыцягвае да сябе ўсё больш пілігрымаў. Людзі з розных куткоў нашай краіны і з-за мяжы накіроўваюцца ў гэтае выключнае месца ў Гродзенскай дыяцэзіі, каб зазірнуць у нязвыклыя вочы Хрыста – залітыя крывёй, сумныя, але такія пяшчотныя!
    Мука Хрыста, аб якой нагадвае знакамітая сваімі цудамі фігура, з’яўляецца крыніцай нашага збаўлення. Езус ніколі не папракае чалавека за тое, што мусіў пакутаваць за яго грахі. Прагне толькі, каб кожны выкарыстаў плён збаўчай мукі, каб не адштурхоўваў міласэрную любоў, якая ўсё прабачае, каб не пабаўляў сябе вечнага жыцця, за якое Хрыстос заплаціў такую вялікую цану.
Усемагутны прыходзіць сёння да нас весь у крыві, з ранамі, з прабітымі далонямі і ступнямі, з разарванымі сухажыллямі, увесь пабіты, у сіняках, у брудным і парваным адзенні, з цярновым вянком на галаве. Ён прыходзіць да нас такім, бо такім падаецца сучасны свет са свайго духоўнага боку. Езус чакае, пакуль мы адкрыемся на Яго з даверам, без боязі і страхаў, пакуль прымем Яго такім і разам будзем несці цяжар ахвярнай любові. Чакае, пакуль адкрыем душу, каб Ён мог ахінуць яе паўнатой сваёй міласэрнасці, а таксама дзяліць з ёй усё, нават крыж. Чакае, што мы захочам прысвяціць Яму жыццё не з абавязку, а з-за шчырай прывязанасці. Збаўца прагне скласці ў нашыя сэрцы самога сябе, усе свае чаканні адносна нас.
    У гэтым годзе святкуем цудоўны юбілей – 400-годдзе першага гістарычнага ўзгадвання фігуры Пана Езуса Журботнага ў Росі. Шматлікія воты і сведчанні, складзеныя пад прысягай і запісаныя ў кнігах, сведчаць пра аздараўленні, навяртанні і іншыя ласкі, атрыманыя асобамі, якія ўзносілі свае малітвы да Хрыста перад гэтай фігурай. З упэўненасцю можна сказаць, што цудаў і ласк было нашмат больш, але іх ніхто не запісаў і яны засталіся вядомыя толькі Богу.
    На пачатку жніўня мы ў чарговы раз накіруемся ў пілігрымцы ў дыяцэзіяльны санктуарый у Рось, каб адчуць на сабе позірк нашага Пана, што прамаўляе да кожнага. Нельга абыякава прайсці міма!
   
   Дарагія Чытачы!
   Давайце пойдзем у Рось! Зазірнём у акрываўленыя, але поўныя надзеі і цеплыні вочы Хрыста, адкрыем перад Ім сэрца, даручым Яму свае клопаты і радасці, неспакой і надзею. Езус чакае нас, чакае нашай адкрытасці і шчырага запалу. Любіць нас і бласлаўляе.