“Згараюць” для нас!

Слова рэдактара

 Важную ролю ў жыцці Гродзенскай дыяцэзіі выконвалі і надалей выконваюць манаскія супольнасці. Мы часта можам бачыць кансэкраваных асоб, паглыбленых у ціхую і засяроджаную малітву, якой прагнуць ахінуць кожнага чалавека, а асабліва грэшнікаў, бяздомных, пакінутых, вязняў, бежанцаў...
    Узнёслая і годная памяці роля, якую адыгрывалі манаскія супольнасці на Гродзеншчыне ў час ІІ Сусветнай вайны, калі амаль кожны кляштар удзяляў матэрыяльную дапамогу і духоўна падтрымліваў людзей бедных, раненых, праследуемых.
Сёстры Беззаганнага Зачацця са Слоніма – с. Марыя Марта ад Езуса (Казіміра Валоўская) і с. Марыя Ева ад Провіду (Багуміла Наішэўская) – дапамагалі хворым і патрабуючым, сем’ям вязняў і забітых, на тэрыторыі кляштара хавалі яўрэяў. Сёстры назарэтанкі з Навагрудка вучылі дзяцей і моладзь рэлігіі, кіравалі інтэрнатам і пачатковай школай...
    Манаскія асобы адважна ўваходзяць у цяжкія і маральна небяспечныя асяроддзі, каб несці дапамогу і падтрымку тым, каго свет саштурхнуў на абочыну. Праз сваю сталую малітву і пакорную службу яны даюць сведчанне веры, паказваючы людзям вышэйшыя вартасці.
    Прысутнасць сярод нас такіх асоб – гэта багацце! Дзякуючы ім свет з дня ў дзень становіцца лепшым. Многія людзі нанова адшукалі Хрыстовыя словы: “Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы” (Ян 8, 11). Падрастаючае пакаленне ахвотна ступае на шлях цудоўнай прыгоды з Усемагутным, ўсведамляючы, што “без Бога ні да парога”.
    Дзякуючы паслузе кансэкраваных асоб у Гродзенскай дыяцэзіі паўсталі многія святыні. Прычым не толькі тыя, што бачны воку, але таксама – што значна важнейшае – святыні духоўныя, у людскіх сэрцах. Мы абавязаны ім таксама тым, што маем сёння касцёлы, поўныя вернікаў, якія прытрымліваюцца гэтай сапраўднай дарогі, што вядзе да вечнага жыцця. У бягучым годзе асаблівым чынам дзякуем Богу за 25-гадовую паслугу ў Гродзенскай дыяцэзіі айцоў паўлінаў з Карэлічаў, якія наблізілі нам культ Маці Божай Чанстахоўскай, што ў многіх дамах вернікаў ушаноўваецца як “Чорная Мадонна”.
    Сёння манахіня ідзе ў бальніцу, каб наведаць хворых і паміраючых, каб скіраваць ім словы падтрымкі і суцяшэння. Брат ці айцец-манах прысвячае свой час дзецям і моладзі, каб праз праведзеныя разам хвіліны і прыклад уласнага жыцця пасеяць у іх сэрцах галоўныя праўды веры і абудзіць павагу да аўтэнтычных хрысціянскіх вартасцей. Штодзённая, неаднойчы нябачная воку паслуга манаскіх сясцёр і айцоў вельмі дынамічная і, перадусім, жыццёва неабходная.
   
   Дарагія Чытачы!
   Давайце ахінём сваёй малітвай кансэкраваных асоб, якія служаць у нашым Касцёле. Няхай яны надалей з вялікай ахвярнасцю і адданасцю працуюць на карысць Пану і вернікам! Няхай іх штодзённае “згаранне” прынясе плён Божай ласкі ў сэрцах многіх людзей!