Наш Касцёл прыгожы!

Слова рэдактара

 Вясновае надвор’е, якое сонечнымі промнямі весяліць сэрца чалавека, спрыяе таксама таму, што разам з прыродай ажываюць нашы парафіяльныя супольнасці. Вернікі збіраюцца ў святынях, капліцах ці ля прыдарожных крыжоў, просячы Марыю аб асаблівым заступніцтве. Дзеці ўпершыню прымаюць у свае сэрцы Цела Пана Езуса. Моладзь з радасцю і энтузіязмам адкрываецца на сямікротныя дары Святога Духа ў сакраманце канфірмацыі. Святары ў чарговы раз перажываюць гадавіны святарскіх пасвячэнняў, узгадваючы дзень сваёй прыміцыі, калі ўпершыню, няраз няўпэўненым і дрыжачым голасам, прамаўлялі словы кансэкрацыі…
Сёлетні май стаў асаблівым часам таксама для сталіцы нашай дыяцэзіі – Гродна. Каля 2-юх тысяч поўных запалу і веры маладых людзей з розных куткоў краіны прыбылі сюды, каб супольна даць сведчанне, што Езус з’яўляецца іх Панам, што яны прагнуць ісці за Хрыстом. Гэта было сапраўднае свята маладосці! Моладзь разам малілася і спявала, дзялілася сабой, вучылася сяброўству, здабывала новы вопыт.
    Тут, у каралеўскім горадзе Стэфана Баторыя, адзначаным прысутнасцю св. каралевіча Казіміра і св. Максімільяна Кольбэ, біскупы і святары прыгадалі маладым людзям аб адказнасці, якая спачывае на іх плячах, бо менавіта яны з’яўляюцца фундаментам Касцёла. Маладзёны цешыліся атмасферай адзінства, паколькі, хоць і адрозніваюцца адзін ад аднаго, разам з’яўляюцца непадзельнай будучыняй Касцёла, а таксама ўсведамлялі, што ад іх, насамрэч, шмат чаго залежыць.
    Гледзячы на такую шматлікую прысутнасць маладых людзей, якіх яднае супольная вера і любоў да Бога, усведамляем, што наш Касцёл прыгожы. Сэрца напаўняецца радасцю ад таго, што ў Беларусі ёсць столькі моладзі, якая без Хрыста не здолее жыць!
    Трэба адзначыць, што сённяшні свет прапануе маладым людзям вельмі шмат. Пастаянны тэхнічны і цывілізацыйны прагрэс патрабуе нястомнага прыстасавання да ўсяго новага. Па гэтай прычыне моладзь часта мае праблемы з пошукам сябе ў гэтым свеце. Таму дарослыя людзі, “укаранёныя ў Хрысце і моцныя ў веры” (параўн.: Кал 2, 7), павінны памятаць пра даручаную ім задачу – быць прыкладам і падтрымкай для моладзі – паколькі менавіта ў іх руках знаходзіцца лёс падрастаючага пакалення.
   
   Дарагія Чытачы!
   Прыгожы марыйны месяц, які мы цяпер перажываем, з’яўляецца цудоўнай нагодай для таго, каб узгадаць, што кожны чалавек у меншай ці большай ступені з’яўляецца настаўнікам для іншых людзей – праз сваю паставу і ўчынкі. Давайце пакажам моладзі Езуса, які на самой справе з’яўляецца фундаментам нашага жыцця. Калі гэтага не зробім, існуе вялікая рызыка, што падрастаючае пакаленне не захопіцца дарогай, якая многа патрабуе і сэнсу якой ім ніхто не адкрыў...