Вядзе да паўнаты шчасця

Слова рэдактара

 Літургія апошніх тыдняў запрашае нас да сустрэчы ў веры з уваскрослым Панам. Разам з вучнямі Хрыста мы праслаўляем Пераможцу смерці, пекла і д’ябла, з’яўляемся таксама сведкамі таго, як Апосталы радаваліся ад прысутнасці Уваскрослага.
   Сёння прагнем глыбей разважаць пра чарговы вобраз Езуса – Пастыра і Вартаўніка душ (параўн.: 1 П 2, 25). У іканаграфіі гэтую постаць Збаўцы часта прадстаўляюць у вобразе маладога пастуха з авечкай на плячах. Не выклікае сумненняў, што першыя хрысціяне інтуітыўна атаясамлівалі пастыра з прыпавесці з уваскрослым Панам.
    Гэты вобраз мае доўгую гісторыю. У часы Старога Запавету народы Блізкага Усходу прагнулі бачыць у каралю Добрага Пастыра.
І хоць на самой справе старажытныя правіцелі часта прыгняталі сваіх падначаленых, гэта не выкрасліла са свядомасці людзей ідэал кіраўніка, які пакорна клапоціцца аб даручаных яму людзях. Для Ізраэля Бог заўсёды ўспрымаўся як Суцяшальнік прыгнечаных, які выкрываў беззаконні кіраўнікоў з дапамогай сваіх прарокаў.
    Пан – Добры Пастыр, Ён заўсёды са сваімі авечкамі. Адчувае іх раны і праблемы, з любоўю клапоціцца пра свой статак. Хрыстос ведае па імені кожнага і шукае таго, калі згубіцца. Прагне аберагаць і суправаджаць людзей, аддаваць усяго сябе, прычым абсалютна бескарысліва. Гэта вялікая таямніца адносін Бога з чалавекам, які ў любові да свайго стварэння не ведае межаў.
    Аднак мы часта адчуваем сябе згубленымі ў свеце. Шукаем знакаў, указальнікаў, што вывелі б нас з жыццёвых завірух. У такія хвіліны найлепшае рашэнне – кінуцца ў абдымкі Добрага Пастыра, які ніколі не пакіне чалавека аднаго, бо той належыць да Яго аўчарні.
    Як жа быць добрымі авечкамі для нашага Пастыра? Авечка, каб не згубіцца і не стаць лёгкай здабычай для ворага, павінна пакорна, уважліва і асцярожна прыслухоўвацца да голасу пастуха, добра адрозніваць яго сярод іншых галасоў. Павінна таксама безагаворачна давяраць яму, паколькі ў хвіліны небяспекі часта няма часу на разважанні і лумачэнні.
   
   Дарагія Чытачы!
   Давайце вучыцца такой пакоры і даверу! Нягледзячы на тое, што наш Пастыр часта вядзе па дарогах, якія не разумеем, якія здаюцца нам цяжкімі, давайце з даверам ісці за Ім, паколькі Пастыр ведае і любіць сваіх авечак. Давайце таксама вучыцца быць указальнікамі дарогі для нашых братоў. Будзем жыць так, каб іншыя авечкі, сустракаючы нас на сваім шляху, не заблукалі, але знайшлі дарогу ў Божае Валадарства.
    У імя дабра адкрыем і знойдзем сапраўднае шчасце ў Езусе Хрысце, Добрым Пастыры!