Людское цярпенне – таямніца

Слова рэдактара

 Дзень літургічнага ўспаміну Найсвяцейшай Панны Марыі з Лурд (11 лютага) з’яўляецца асаблівай нагодай, каб задумацца над досведам пакут, якія выпадаюць на долю хворых людзей. У гэты час духоўна пераносімся ў грот Масаб’ель, каб ля ног Марыі, якой “Усемагутны ўчыніў вялікія рэчы”, прасіць аб заступніцтве ў важных для нас інтэнцыях, асабліва за пакутуючых у хваробах асоб.
    Людское цярпенне заўсёды было таямніцай. У адзіноце прабірацца праз яго змрок страшна складана. Аднак хрысціянін павінен умець разглядзець на гарызонце адзін надзейны ўказальнік – Крыж Пана Езуса, зеніт чалавечых пакут, перанесеных самай нявіннай Асобай, Баранкам без заганы.
Ён аб’я- віўся нам як знак збаўлення і любові Бога да чалавека. Праз свае пакуты хворы яднаецца з мукай Настаўніка і Яго справай адкуплення свету. Гэты збаўчы сэнс пакут не можа быць рэалізаваны без яднання з Езусам.
    Хрыстос ніколі не ўтойваў ад вучняў неабходнасць цярпення. Нястомна адзначаў, што дарога, якая вядзе ў Нябеснае Валадарства, “вузкая і стромкая” ў адрозненне ад “зручнай і шырокай”, якая, аднак, “прыводзіць да асуджэння”. Выразна гаварыў таксама пра тое, што калі хтосьці хоча ісці за Ім, павінен узяць крыж і несці яго кожны дзень. Патрабаваў “адрачыся ад самога сябе”, без чаго немагчыма дасягнуць канчатковай мэты – святасці.
    Важна памятаць пра тое, што Бог не стварыў цярпенні. Боль і хвароба паўсталі як вынік граху разам з падзеннем чалавека, калі той неразумна выкарыстаў ахвяраваную яму свабоду. Аднак Стварыцель перамяніў цярпенне ў адзін са шляхоў, што вядуць да збаўлення. Так хвароба стала формай сустрэчы чалавека з Богам. “Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос ” (Гал 2, 19–20).
    Святое Пісанне вучыць нас, што Усемагутны не застаецца абыякавым да пакут і, калі чалавек просіць Яго аб дапамозе стойка і з надзеяй, заўсёды адказвае. Бог ведае і разумее людское цярпенне, таму што сам стаў чалавекам і многае выцерпеў (параўн.: Гбр 2, 18).
   
   Дарагія Чытачы!
   Ніхто з людзей больш, чым Марыя, не спазнаў цярпенні на зямлі. Яна нарадзіла Збаўцу, стала першым Табернаклем, несучы Яго ўсім людзям. Яна пакутавала падчас вынясення Езусу смяротнага прысуду, падчас крыжовага шляху. Гэта Ёй у рукі аддалі змучанае цела Сына. Таму просім Найсвяцейшую Маці, каб дапамагала хворым асобам перажываць свае пакуты ў еднасці з Панам Езусам і падтрымлівала тых, хто імі апекуецца.
    Няхай ніводзін хворы не адчувае адзіноту, пакінутасць, асабліва з боку сваіх блізкіх, а таксама медыцынскага персаналу!