Адзінства – мэта місіі Хрыста

Слова рэдактара

 Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян, які стаў цыклічным святам экуменізму, прыгадвае пра тое, што ўсе мы з’яўляемся адной сям’ёй Божых дзяцей. У гэты час нанова ўсведамляем сабе, што Хрыстос прыйшоў у свет, каб сабраць авечак у адну Аўчарню. Галоўная мэта Яго місіі – збаўленне чалавека – не можа быць рэалізавана без адзінства. План Бога для чалавецтва, Касцёла, сужэнства, сям’і, супольнасці заключаецца ў тым, каб усе трывалі ў еднасці з Ім і адзін з адным.
    Сапраўднае адзінства мае свой узор, мадэль. Для хрысціян гэта Святая Тройца. Еднасць Трыадзінага Бога з’яўляецца плёнам узаемнай любові Айца, Сына і Духа. І таму хрысціянская супольнасць павінна паўставаць на фундаменце любові і ёй кіравацца кожны дзень.
Варта таксама памятаць, што побач з любоўю заўсёды крочыць прабачэнне. Там няма месца навязванню ўласных меркаванняў ці дэманстрацыі сваёй выключнасці. Безумоўна, не заўсёды можам згадзіцца з поглядамі іншых асоб, але, нягледзячы ні на што, павінны надалей служыць людзям і адорваць іх любоўю. Адзінства з’яўляецца Божым дарам, таму трэба шчыра і старанна маліцца аб ім. Усе падзелы паходзяць ад злога. Нельга дазволіць яму кіраваць нашым жыццём.
    На жаль, людзі часта забываюцца, што будаванне еднасці пачынаецца з кожнага чалавека і яго асабістай паставы. Асоба павінна толькі прыняць дар еднасці ў Святым Духу, Божую ласку. Аднак гэта патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі, намаганняў, каб выйсці насустрач іншаму і разам зірнуць у адным напрамку.
   м Калі мы лічым сябе вучнямі Збаўцы, павінны служыць адзінству, паколькі толькі так можа здзейсніцца Божы план збаўлення. З’яднаны Касцёл здольны здзяйсняць вялікія рэчы і быць сапраўдным сведчаннем для свету, паколькі ў еднасці ўтоена моц.
   
   Дарагія Чытачы!
   Падчас сёлетняга Тыдня малітвы аб адзінстве хрысціян давайце як мага часцей звяртацца да Бога словамі, што чуем падчас кожнай св. Імшы: “Пане, не зважай на грахі нашыя, але на веру Касцёла Твайго і будзь ласкавы згодна з Тваёй воляй адарыць яго супакоем і еднасцю”. Даручаем Касцёл Стварыцелю і молім Пана аб ласцы знікнення падзелаў у Яго Аўчарні. Просім адарыць асоб, што спрыяюць збліжэнню, подыхам Святога Духа, які вядзе да праўды, напаўняе любоўю і распальвае жаданне адзінства.