Затрымацца і запрасіць Пана ў сваю душу, каб Ён пачаў дзейнічаць у нашым жыцці. Галоўнае – клапаціцца пра сэрца, каб яно было адкрытым на любячага Збаўцу.
На пачатку Адвэнта 1936 года св. Фаустына пісала: “Маці Божая навучыла мяне, як падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння. Сказала: «Дачка мая, імкніся да лагоднасці і пакоры, каб Езус, які заўсёды жыве ў тваім сэрцы, мог адпачыць. Адаруй Яго ў сваім сэрцы, не выходзь з сябе... Пастаянна будзь з Ім – і Ён будзе тваёй моцай»” (Дз. 785). У гэты час ласкі павінна абвастрацца адчувальнасць на Езуса, які прыходзіць да нас у кожную хвіліну жыцця: у Эўхарыстыі, Божым слове, малітве, падзеях і – што самае важнае, але часцей за ўсё найбольш утоенае – у прысутнасці іншага чалавека.
Часта гаворым, што “час ляціць хутка”, “дні здаюцца карацейшымі”. Таму варта пастарацца, нягледзячы на велізарную колькасць абавязкаў і святочную “ліхаманку”, выкарыстаць астатнія дні Адвэнту для таго, каб у пэўнай меры суцішыцца і запаволіць пульсуючы спешкай рытм жыцця.
Дарагія Чытачы!
Давайце ў правільным духу падрыхтуемся да надыходзячых свят. Памятайма, што адпаведная падрыхтоўка адбываецца ў звышнатуральным вымярэнні. Толькі глыбока ў душы можам перажыць вялікую таямніцу Божага Уцелаўлення і толькі сэрцам можам спяваць разам з Анёламі “Хвала Богу на вышынях...”.