Катэхеза – гарантыя на сталае жыццё!

Слова рэдактара

 Кожны чалавек усведамляе, што яму варта пастаянна вучыцца, каб здабываць новы досвед: як радасны, так і балесны, які дазваляе зусім па-іншаму зірнуць на жыццё.
   У наш час свет прапануе ўсё новыя і новыя сюрпрызы і прыемнасці, з-за чаго людзі нярэдка забываюцца пра сваё духоўнае развіццё. А разам з тым хрысціянскае жыццё павінна мець дынаміку. Шлях унутранага ўдасканалення неаднаразова патрабуе ад нас прыстасоўваць выбраныя духоўныя сродкі да нашых патрэб. Таму належыць нястомна пашыраць свае гарызонты, развіваць веру, імкнучыся толькі наперад, нават калі складваецца ўражанне, што гэтая дарога ўвесь час ідзе пад гару.
Каштоўная дапамога ў гэтым развіцці – катэхеза. На лекцыях рэлігіі дзеці і моладзь маюць цудоўную нагоду пазнаваць Пана і Яго гісторыю з самага пачатку існавання чалавека. Але катэхеза неабходна таксама і дарослым асобам, таму што многія па розных прычынах не мелі такой магчымасці ў свой час. Не раз ад бацькоў, чые дзеці рыхтуюцца да Першай св. Камуніі, можна пачуць, што яны вучацца разам з малымі, адкрываюць Бога, запаўняючы недахопы і пазнаючы праўды веры, якія раней былі для іх невядомыя.
    На катэхезе чалавек нанова ўпэўніваецца, што Хрыстос яго любіць. Як неабходна гэтая ўпэўненасць і маладому, і старцу! З-за розных сітуацый і жыццёвых цяжкасцей, з-за сумненняў і расчараванняў у самім сабе і ў іншых людзях можна адчуць сябе нелюбімым, адзінокім ці адкінутым. Тады вельмі лёгка страціць веру ў сталую, верную, шчырую, ахвярную, нязменную любоў, якая ўсё прабачае. Заняткі рэлігіі ствараюць нагоду да пастаяннага кантакту з Хрыстом, які не толькі вучыць такой любові, але і адорвае ёю, сам з’яўляючыся Любоўю.
    Катэхеза для кожнага чалавека – гэта шанс асабіста спазнаць, што Божыя запаведзі і праўды Евангелля слушныя. Яны ніякім чынам не абмяжоўваюць вольнасць асобы – толькі змяншаюць рызыку ашукання самога сябе праз здзяйсненне таго, што лягчэйчае, замест таго, што больш вартаснае. Евангелічныя нормы і правілы існуюць не каб абмяжоўваць нашу свабоду, але каб мы стала і поўна- сцю карысталіся ёю. Не крыўдзілі сябе і іншых, а стаялі на старане любові, праўды і прыгажосці.
    Удзел у розных формах катэхезы, прапанаваных у парафіях, – гэта не толькі права, але яшчэ і абавязак хрысціяніна, нават штосьці нашмат больш значнае – прывілея на асягненне больш глыбокай асабістай прыязнасці з Хрыстом.
     
   
   Дарагія Чытачы!
   Заахвочваем, каб чарговы навучальны і катэхетычны год быў для кожнага – незалежна ад узросту – шансам на яшчэ глыбейшае пазнанне Езуса Хрыста і на ўмацаванне любові да Яго Касцёла.
    Пазнавайма Пана на занятках рэлігіі. Чытайма хрысціянскую літаратуру, шукайма Яго ў віртуальным свеце. Пастараймася таксама зазірнуць у Катэхізіс каталіцкага Касцёла, каб прыгадаць сабе галоўныя праўды веры і знайсці адказы на непакоячыя жыццёвыя пытанні.