Бласлаўлёная ты, наша зямля!

Слова рэдактара

 Нярэдка, падарожнічаючы па свеце, усведамляем сабе, які ён цудоўны і вялікі. У ім жылі асаблівыя людзі, якія пакінулі пасля сябе глыбокі след, што захапляе, а часам нават ашаламляе. Сёння Касцёл ставіць іх перад намі як узор для пераймання.
    У гэтыя ліпеньскія дні мы пілігрымавалі ў Навумавічы, дзе падчас II Сусветнай вайны загінулі жыхары Гродна і Ліпска, просячы ўсемагутнага Бога аб супакоі паміж людзьмі ва ўсім свеце. Сярод расстраляных была таксама бл. Мар’яна Бярнацкая, якая дабравольна ахвяравала жыццё замест сваёй цяжарнай нявесткі.
    Гэтая адважная жанчына становіцца перад намі як сведка веры, якой жыла штодня, выказваючы нязмерную прывязанасць да Хрыста. Яе жыццё было напоўнена Богам, любоўю, працай і цярпеннем. Кожны дзень жанчына пачынала малітвай і спевам Гадзінак.
Затым бралася за работу: летам працавала на полі, а зімой прала лён і пяньку на кроснах. Ружанцовая малітва і набожныя спевы дапамагалі ёй годна пераносіць боль сіроцтва, спраўляцца з цяжкімі заняткамі і штодзённай нястачай. Нягледзечы на ўсе перашкоды бл. Мар’яне ўдалося рэалізаваць евангельскі ідэал быцця вучнем Езуса: праз сваю беднасць, пакорнасць і цярплівасць. Нават жудасці войнаў не знішчылі яе веры. Даверылася Богу цалкам! Бласлаўлёная вучыць нас, што простае жыццё можа стаць шляхам да святасці, да якой пакліканы ўсе ахрышчаныя і асновай якой з’яўляецца любоў, што ажыўляе ўсе дабрадзейнасці: справядлівасць, працавітасць, чысціню, паслухмянасць, радасць... Быць святым – значыць ва ўсім прыпадобніцца да Хрыста: у думках, словах і ўчынках.
    Мы часта недаацэньваем звычайныя штодзённыя моманты, хоць менавіта ў іх утоена найвялікшая каштоўнасць. Бл. Мар’яна паказвае, што любоў і шчасце дасягальныя, калі чалавек прыме ўласны свет, поўныя цяжкасцей і працы будзёныя дні. Вучыць павазе да нашага “цяпер”, якое вельмі важнае, таму што “потым” можа быць ужо позна. Прыгадвае таксама: кожнаму варта імкнуцца да святасці, што павінна з’яўляцца сэнсам і мэтай існавання. Хоць і зможам дасягнуць дасканалай святасці толькі ў Небе – пасля жыцця ў барацьбе са злом і самім сабой.
     
   
   Дарагія Чытачы!
   Трэба старацца быць шчаслівымі ўжо тут, на зямлі. Неабходна ўмець радавацца, нягледзечы на хваробы, нястачу, цяжкасці, якія сустракаем штодня. Крыніцай шчасця з’яўляецца Бог. Калі будзем побач з Ім, сэрца напоўніцца радасцю.
      Трымаймася Бога так, як гэта рабілі святыя! Трымаймася Бога так, як бл. Мар’яна!