Вырушыць у дарогу!

Слова рэдактара

 Пачалося лета – перыяд водпускаў і канікул. У гэты час у найбольш вядомыя месцы культу Беларусі – Будслаў, Тракелі, Навумавічы, Навагрудак, Рось – з нашай дыяцэзіі накіроўваюцца шматлікія пілігрымкі. Людзі перажываюць цудоўную нагоду спакойна і ўраўнаважана абдумаць жыццё, праверыць сваю настойлівасць у пераадоленні штодзённых цяжкасцей дарогі, дасведчыць незвычайную атмасферу супольнасці.
    Амаль ад пачатку хрысціянства тыя, хто верыў і шукаў Бога, накіроўваліся ў святыя месцы, каб аднавіць сваю веру, атрымаць прабачэнне за грахі, знайсці дапамогу ў складаных жыццёвых сітуацыях. Там лягчэй адкрыцца на Бога, адчуць Яго асаблівае ўздзе- янне, аднавіць такім чынам прыязнасць з Панам і бліжнімі, што з’яўляецца крыніцай радасці жыцця. Падчас вандроўкі паломнікі атрымлівалі святло, якое ўказвала дарогу да Бога і сапраўднага шчасця.
Сёння Касцёл таксама заахвочвае вернікаў да пілігрымавання, таму што прагне прыгадаць, што з’яўляецца галоўнай мэтай жыцця чалавека. Сутыкнуўшыся з уласнай слабасцю, асоба пачынае разумець, што сапраўды важнае, што на самой справе мае сэнс. Неабходнасць змагацца са стомленасцю і маркотай паказвае чалавеку праўду аб ім самім, дае ўсведамленне таго, што схавана на дне яго сэрца.
    Пілігрымка вучыць быць пакорным, шчодым, любіць і клапаціцца пра бліжняга. Гэта выдатная нагода, каб разгледзець прыгажосць створанага Богам свету і разнастайнасць чалавечай культуры. Гэта таксама незвычайны спосаб малітвы, ахвяры, адрачэння.
    Такой форме развіцця духоўнасці прысвячаецца ўсё больш увагі, што выклікана тугой чалавека па сустрэчы з Богам. Пілігрымкі скіроўваюць думкі верніка да прыстанішча, у якое ён можа ўвайсці, ідучы па дарозе рэлігійных пошукаў, каб разам з псаломшчыкам выразіць свой голад і прагу Усемагутнага словамі: “Божа! Ты Бог мой, Цябе я шукаю ад золку; Цябе прагне душа мая, па Табе маё цела тужыць у зямлі пустой, высахлай і бязводнай, каб бачыць сілу Тваю і славу Тваю, як бачыў Цябе ў святыні: бо ласка Твая лепшая за жыццё” (Пс 63 [62], 2–4).
     
   
      Дарагія Чытачы!
    Жыццё большасці з нас – гэта пастаянная гонка і неабходнасць вырашэння ўсё новых і новых выклікаў. Тэлефон, што нястомна звоніць, тэрміновыя паведамленні, шматлікая колькасць спатканняў на працягу дня пазбаўляюць чалавека перадышкі, што робіць жыццё ўсё больш складаным і стрэсавым. Каб пасля напружанай працы аддыхацца, суцішыць думкі і запаволіць тэмп, варта вырушыць у пешую пілігрымку.
    Давайце добра выкарыстаем час, які нам дае Пан! Знойдзем магчымасць перажыць рэкалекцыі ў дарозе.
    Праз гэтую непаўторную атмасферу супольнасці, узаемапавагі, дапамогі, ахвярнасці ўпэўнімся ў Божай прысутнасці.