Вучні Хрыста ведалі пра спасланне Святога Духа, чакалі Яго. Аднак прыход Суцяшыцеля іх здзівіў, таму што гэты дар нечаканы, незапраграміраваны. Езус шчодра ўдзяляе яго кожнаму, хто адкрыецца на Духа ў пакоры, суцішэнні і малітве. Той самы Святы Дух ёсць у кожным з нас з моманту хросту. Яго асаблівыя дары мы атрымалі праз сакрамант канфірмацыі: мудрасць, розум, раду, мужнасць, умеласць, набожнасць і боязь Божую. Святы Дух ніколі нас не пакідае – заўсёды побач. А калі б мы толькі лепш прыгледзеліся, Яго блізкасць уразіла б, захапіла і, што самае галоўнае, перамяніла.
Калі дазволім, як Хрыстос, каб Суцяшыцель кіраваў нашым жыццём, яно прынясе бласлаўлёны плён. Езус прагне, каб мы, з’яўляючыся Касцёлам, таксама былі Яго пераемнікамі. Калі даручым сябе Святому Духу, Збаўца зможа дзейнічаць праз нас, ажыццяўляючы цуды, падобна як 2 тысячы гадоў таму, калі Ён прыйшоў у свет як чалавек. “Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць” (Ян 14, 12).
Дарагія Чытачы!
Мы павінны адкрыцца на дзеянне Суцяшыцеля. Ён жывы Бог. Святы Дух дазваляе нам адарвацца ад рэчаіснасці, адпачыць, дасведчыць Яго дары. Аднак для гэтага неабходна нястомна звяртацца да Яго, прасіць аб ласцы пазнання і зразумення Слова, дзякуючы якому перамяняюцца нашыя сэрцы – адкрываюцца на Бога і Праўду.
Таму молім словамі св. Аўгусціна: “Будзь маім дыханнем, Святы Дух, каб разважаў тое, што святое. Будзь маёй сілай, Святы Дух, каб рабіў тое, што святое. Будзь маім жаданнем, Святы Дух, каб палюбіў тое, што святое. Будзь маёй моцай, Святы Дух, каб аберагаў тое, што святое. Барані мяне ад злога, Святы Дух, каб не страціў таго, што святое”.