Ужо на працягу некалькіх гадоў першая нядзеля мая ў нашай дыяцэзіі з’яўляецца Днём маці – днём, прысвечаным першай і самай блізкай асобе, якая любіць чалавека, нягледзячы ні на што. Вернікі ў добрай памяці ўзгадваюць вобраз матулі – часам з усмешкай на твары, часам стомленай і смутнай, якая заўсёды чувае над сваімі дзецьмі. Таксама ў маі маленькія вернікі, апранутыя ў белае адзенне, са складзенымі ручкамі і засяроджанымі тварамі ўпершыню прымаюць у сваё сэрца Хрыста – Сына Найсвяцейшай Маці.
Сёлетні май мае асабліва вялікае значэнне. У гэты час перажываем 100-ую гадавіну аб’яўленняў Марыі ў Фаціме. Прыгожая Панна, з’явіўшыся перад 3-ма маленькімі пастушкамі, перадала свету вельмі важныя словы: людзі павінны пакаяцца і паверыць у Евангелле Езуса Хрыста, павінны ахвяраваць сваі цярпенні для выратавання чалавецтва. Не могуць больш абражаць Бога, а на Яго любоў мусяць адказваць любоўю.
Пазнаёміўшыся з фацімскім пасланнем, мы ўсведамляем, што гэта не толькі паведамленне аб будучым лёсе свету, але, у першую чаргу, канкрэтны заклік і падказка аб тым, што неабходна рабіць, каб абараніць свет ад няшчасця, а душу – ад пекла. Маці Божая звяртала ўвагу на тое, што ў малітве, асабліва ружанцовай, а таксама ў пакаянні і сістэматычнай споведзі і Эўхарыстыі заключаецца моц перамогі дабра над злом.
У час змен, што адбываюцца навокал, калі адчуваем, што нам неабходна аднова і ўмацаванне веры, калі існуе спакуса паддацца знішчальнаму шэпту д’ябла, варта прыслухацца да голасу Марыі, якая просіць кожнага: “Прыйдзі да Мяне, даверся Майму Беззаганнаму Сэрцу; не губляй мужнасці, Я ніколі не пакіну цябе, Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім сховішчам і дарогай, якая прывядзе цябе да Бога” (Фаціма, 1917).
Дарагія Чытачы!
Няхай найпрыгажэйшы месяц у годзе, прысвечаны Маці Божай, будзе для нас заахвочваннем да годнага жыцця. Няхай кожны пачуе пасланне Марыі. З адкрытым сэрцам прымаючы Яе словы, станьма сведкамі вялікіх спраў, якія Пан Бог здзяйсняе ў душах вернікаў.